Выстава «Праўда пра Курапаты» прадоўжаная яшчэ на два дні

У менскім Палацы мастацтваў працягваецца дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні». Выстава плянавалася для экспанаваньня цягам пятніцы-нядзелі, але арганізатарам дазволілі прадоўжыць выставу яшчэ на два дні з прычыны грамадзкай цікаўнасьці да падзеі. Пра гэта на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведамілі ініцыятары імпрэзы — грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў».

Сябра аргкамітэту, журналіст Марат Гаравы, у прыватнасьці, сказаў: «Толькі за два дні на выставе пабывалі каля тысячы чалавек, я асабіста правёў каля пяцідзесяці экскурсій. Прыходзяць людзі рознага ўзросту: сваякі рэпрэсаваных, моладзь, студэнты. Прыходзіў юнак, студэнт ЭГУ, які рыхтуе курсавую працу па тэме Курапатаў. Гэткім чынам, выстава выконвае сваю задачу — прыцягвае ўвагу грамадзкасьці, і перадусім моладзі, да тэмы Курапатаў і гэтай трагічнай старонкі ў гісторыі Беларусі».

Your browser doesn’t support HTML5

Выставу пра Курапаты працягнулі

Прэсавая канфэрэнцыя ў Палацы мастацтваў праходзіла адначасна з наведваньнем. Адзін з гледачоў — 29-гадовы мянчук Антон, які даведаўся пра Курапаты з кнігі Зянона Пазьняка толькі гэтым летам, а пра выставу — з інтэрнэту:

«Я прыйшоў на выставу адмыслова. Гэта вельмі важна, каб палепшыць сваю будучыню. Для гэтага неабходна ведаць і сфармаваць сваё стаўленьне да мінуўшчыны. Калі гэта ня будзе зроблена, то ў выніку будзе скажоная і будучыня».

Яшчэ адзін наведнік — спадар Вальноў, мастак зь Віцебску. Пра свае ўражаньні сказаў гэтак:

«Я як мастак зайшоў у Палац мастацтваў, але быў вельмі ўзрадаваны, што гэтая тэма гучыць. Бо гэта неспасьцігальна, каб гэткая трагедыя народа замоўчвалася дзясяткамі гадоў. І тое, што гэтая тэма запатрабаваная і выстаўленая для ўсьведамленьня — гэта вельмі важна для ўсяго грамадзтва»

Паглядзець «Праўду пра Курапаты» прыйшоў сын рэпрэсаваных Леанід Грамыка:

«Я нарадзіўся ў 1938 годзе, а бацькоў арыштавалі ў 1938 годзе. Мяне выратавала бабуля, і я рос у сям’і свайго дзядзькі, як ягоны сын, аж пакуль у 1946 годзе мама ня вызвалілася з ГУЛАГу. А мой тата быў расстраляны 1 лістапада 1938 году. І я штогод прыходжу ў Курапаты ў гэты дзень, бо ня ведаю нават, дзе ягонае месца пахаваньня — у КДБ адмовіліся паведаміць. Я вельмі асуджаю, што пастанова ўраду Беларусі аб усталяваньні помніка ў Курапатах ня выкананая. Я асуджаю дэспатаў, якія „не заўважаюць“ Курапатаў».

Чальцы ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» плянуюць зрабіць выставу перасоўнай. Да канца году яе маюць паказаць у іншых гарадах Беларусі. Акрамя таго, яна атрымае электроннае ўвасабленьне і будзе зьмешчаная на адмысловым інтэрнэт-рэсурсе дзеля далейшага экспанаваньня. І — што вельмі важна — для новага папаўненьня фактамі і зьвесткамі ад людзей, якія маюць дагэтуль не абнародаваныя зьвесткі пра сваіх рэпрэсаваных родных.

Прэсавая канфэрэнцыя

Папярэднія вынікі першай выставы ў інтэрвію Свабодзе падсумаваў Вінцук Вячорка:

«Вельмі добра, што выстава адбылася і яе ўжо наведалі за тысячу асобаў. Людзі тэлефануюць і праз інтэрнэт перапытваюць, ці будзе выстава прадоўжаная. Гэта кажа пра велізарны грамадзкі попыт і на выставу, і на сам факт, што такая імпрэза адбываецца ў цэнтры Менску. Гэта азначае, што мы вяртаем слова „Курапаты“ ў грамадзкую сьвядомасьць і змушаем грамадзтва асэнсаваць трагедыю і зрабіць усё, каб падобнага з намі ніколі не паўтарылася».

Арганізатары выставы Вінцук Вячорка, Марат Гаравы, Вацлаў Арэшка

На прэсавай канфэрэнцыі слова браў таксама Ян Дзяржаўцаў зь Віцебску. Ён распавёў пра дасьледаваньні, якія цяпер вядуцца ў мясцовасьці Хайсы пад Віцебскам, і пра адкрыцьцё яшчэ аднаго месца масавых расстрэлаў — урочышча «Цёплы лес». Паводле ягоных словаў, насуперак сьведчаньням мясцовых жыхароў, што ў 30-я гады тут забівалі мірных людзей, улады спрабуюць сьцьвярджаць, што гэтыя месцы — пахаваньні часоў апошняй вайны.

Паводле ўдзельнікаў імпрэзы, няўдзел у шанаваньні Курапатаў і хаваньне праўды пра дзяржаўны тэрор супраць мірных грамадзян краіны ставіць пытаньне: на чым баку ўлада сёньня — на баку тых, хто страляў, ці на баку расстраляных?

Выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні» прадоўжыцца да 17 лістапада.