2016 году спадарожнічаў востры эканамічны крызіс. Якія чыньнікі найбольш ўплывалі на эканоміку? Як можна ацаніць дзеяньні ўладаў па пераадоленьні крызісу? Што азначае патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі давесьці сярэдні месячны заробак у 2017 годзе да 500 даляраў?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом «Экспэртызы Свабоды» прафэсар Барыс Жаліба і эканаміст Сяргей Чалы.
Які дыягназ?
Валер Карбалевіч: «Другі год запар у беларускай эканоміцы адбываецца падзеньне ўсіх паказчыкаў: і валавога ўнутранага прадукту, і замежнага гандлю, найперш экспарту, і заробкаў ды інш. Які дыягназ можна паставіць гэтаму працэсу? Афіцыйныя асобы не адмаўляюць унутраных прычын крызісу, але найперш ківаюць на вонкавыя прычыны. Лукашэнка, калі вядзе гаворку пра эканоміку, адразу заяўляе: вы ж бачыце, што адбываецца ў сьвеце. Дык што насамрэч адбываецца ў гаспадарцы? Гэта цыклічны крызіс, выкліканы неспрыяльнай міжнароднай каньюнктурай (падзеньне сусьветных цэнаў на нафту, калій)? Ці гэта сыстэмны, структурны крызіс, крызіс самой беларускай сацыяльнай мадэлі?»
Барыс Жаліба: «Найперш хацеў бы заўважыць, што ў сьвеце няма ніякага крызісу. Нашы суседзі, краіны Балтыі, Польшча растуць ня менш за 3% на год. Крызіс толькі ў Расеі ды Беларусі.
Спачатку ўлады тлумачылі крызіс неспрыяльнымі вонкавымі фактарамі. Гэта падзеньне сусьветных цэнаў на нафту і крызіс у Расеі, выкліканы заходнімі санкцыямі. Лукашэнка казаў, што 70% беларускага крызісу — гэта негатыўны уплыў замежных чыньнікаў, і толькі 30% — унутраныя прычыны. Але я думаю, усё наадварот.
Уся праблема ў тым, што нашая эканоміка ня мае ўнутраных крыніц для росту. Таму трэба праводзіць глыбокія структурныя рэформы. Пра гэта гавораць і замежныя крэдыторы».
Сяргей Чалы: «Я думаю, што тут дзейнічае адначасова і структурны крызіс, і цыклічны, неспрыяльная вонкавая каньюнктура. Тэмпы росту ў нас зьніжаюцца з 2006-2007 гадоў. Два апошнія гады мы назіраем падзеньне. Згодзен, што ўнутраных крыніц росту няма. Унутранае спажываньне — прыватнае і дзяржаўнае — скарачаецца, падаюць інвэстыцыі. Экспарт зьніжаецца».
Чалы: «Захады ўладаў адэкватныя, але вельмі спазьняюцца»
Карбалевіч: «Як можна ацаніць дзеяньні ўладаў у пераадоленьні крызісу? Наколькі адэкватныя былі захады кіраўніка дзяржавы, ураду маштабу праблемаў у эканоміцы? Вось незалежныя эканамісты кажуць, што замест рынкавых рэформаў у эканоміцы улады ажыцьцявілі проста дэмантаж «сацыяльнай дзяржавы».
Чалы: «Скарачэньне сацыяльных абавязкаў дзяржавы адбываецца з 2012 г. Бо беларуская мадэль больш ня ў стане карміць насельніцтва. Захады ўладаў у пэўным сэнсе адэкватныя, але вельмі спазьняюцца.
Самае важнае, што адбылося, — гэта пераварот калі не ў дзеяньнях, то ва ўсьведамленьні таго, што зьяўляецца глыбіннай прычынай нашых эканамічных праблем. Яна палягае ў наяўнасьці вялікай колькасьці старых савецкіх нерэфармаваных буйных дзяржпрадпрыемстваў. Яны генэруюць неплацяжы, банкаўскія пазыкі. Гэта прадпрыемствы-зомбі, дзеля існаваньня якіх працуе ўся астатняя эканоміка. Не яны прыносяць карысьць эканоміцы, а насельніцтва сваімі падаткамі забясьпечвае іхнае існаваньне.
А дзеяньні ўладаў арʼергардныя. Калі Лукашэнка забараніў рэформы, то ўрад робіць тое, што магчыма».
Жаліба: «Спачатку ўлады імкнуліся пераседзець, перачакаць крызіс. Пачакаць, пакуль павысяцца сусьветныя цэны на нафту, Захад скасуе санкцыі супраць Расеі. А ўрад рабіў захады ў пошуку дадатковых крыніц грошай для бюджэту (падатак на „дармаедаў“ ды інш.).
Але чым далей, тым больш высьвятляецца, што пераседзець крызіс не ўдасца. Што робіць урад? Спрабуе працягваць працэс будаўніцтва холдынгаў, абʼядноўвае прадпрыемствы, што добра працуюць, з прадпрыемствамі-банкрутамі. А да прынцыповых рэформаў не прыступае. Між тым МВФ схіляе беларускія ўлады да таго, каб дзяржпрадпрыемствы сталі больш самастойнымі, і да прыватызацыі».
Рэформы на паперы?
Карбалевіч: «Але ці не здаецца вам, што пад заклінаньні Лукашэнкі, што рэформы нам не патрэбны, бо народ не гатовы, урад усё ж ладзіць пэўныя перамены ў эканоміцы ціхай сапай. Вось, напрыклад, нават дазволілі збанкрутаваць 120 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ці можа на пэўным этапе колькасьць перайсьці ў якасьць, стварыцца новая каляіна, якая насуперак жаданьню Лукашэнкі паступова перавядзе эканоміку на рынкавы лад?»
Жаліба: «Урад змушаны рабіць пэўныя крокі ў правільным кірунку, у тым ліку пад ціскам замежных крэдытораў. Але пакуль усё гэта робіцца на паперы.
Адначасова ўзьнікае шэраг праблем. Банкруцтва вялікай колькасьці прадпрыемстваў створыць вялікае беспрацоўе, узьнікне сацыяльнае напружаньне. Заявы пра плянавае стварэньне новых працоўных месцаў — гэта зноў жа на паперы. Малы і сярэдні бізнэс, які мог бы паглынуць свабодную рабочую сілу, знаходзіцца ў прыгнечаным стане».
Чалы: «Гэты год добра паказаў, што паўнамоцтвы ўраду даволі абмежаваныя прэзыдэнтам. Але я хацеў бы вам трохі запярэчыць. Я ня веру, што безь сьвядомых дзеяньняў, спантанна, стыхійна, як вы кажаце, ціхай сапай рэформы могуць адбыцца.
Возьмем тое ж пытаньне, што рабіць зь нерэнтабельнымі дзяржпрадпрыемствамі. Гэтыя страты нехта павінен рэальна панесьці. Пакуль адбываецца гульня ў „гарачую бульбу“. Гэтыя страты перакладаюцца з адных рук ў другія, з адной кішэні у другую ў разьліку, што, можа, само разыдзецца. Але сэнс працэдуры банкруцтва ў тым, што хтосьці грошы павінен сапраўды страціць. Хто стане гэтым няшчасным: насельніцтва, банкі, бюджэт, золатавалютныя рэзэрвы ці хто іншы?
У нас ня так шмат засталося запасаў моцы. Крок направа, крок налева — і жорсткія наступствы
Яшчэ адна з высноў 2016 году: у нас ня так шмат засталося запасаў моцы. Крок направа, крок налева — і жорсткія наступствы. Вось, напрыклад, у нас звыш 15% дрэнных пазык у банкаўскай сыстэме. Пры 20% дрэнных пазык зьяўляецца нулявая прыбытковасьць усёй банкаўскай сыстэмы. А вышэй — гэта яе сыстэмны крызіс.
З другога боку, ёсьць пагроза дэфолту. Мінулыя гады Беларусь палову свайго вонкавага доўгу знаходзіла ў бюджэце, а другую палову рэфінансавала. Цяпер, наступным годам, у бюджэце ёсьць толькі чвэрць грошай, каб заплаціць доўг. А далей — яшчэ горш».
Што азначае патрабаваньне давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў?
Карбалевіч: «Пагаворым пра наступны, 2017 год. Ужо зацьверджаныя, падпісаныя ўсе дакумэнты, якія задаюць асноўныя парамэтры эканамічнага разьвіцьця: бюджэт, прагнозныя паказчыкі. І на гэтым тле неяк дзіўна выглядае патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі давесьці сярэдні месячны заробак у 2017 годзе да 500 даляраў. Яно ня ўпісваецца ні ў зацьверджаныя парамэтры, ні ў лёгіку жорсткай грашовай палітыкі, якую праводзіць апошнія два гады Нацбанк, ні ў патрабаваньні замежных крэдытораў. Што гэта азначае?»
Жаліба: «Вось гэта мяне насьцярожвае больш за іншае. 500 даляраў — гэта ідэя фікс. Трэба ж неяк народ падбадзёрыць.
Баюся, што рэалізацыя гэтай задачы з дапамогай друкарскага станка можа разбурыць тыя дасягненьні ў эканоміцы, якія ўдалося зрабіць з дапамогай жорсткай грашовай палітыкі Нацбанку: адносная стабільнасьць абменнага курсу рубля, прыглушэньне дэвальвацыйных чаканьняў. Можна яшчэ пачаць масавыя скарачэньні працоўнай сілы, каб за кошт гэтага павысіць прадукцыйнасьць працы. Карацей, мы можам наступіць на тыя самыя граблі, як у 2010 годзе. Бо гэтае патрабаваньне Лукашэнкі ні зь якага боку не забясьпечана эканамічнымі ўмовамі».
Чалы: «А мяне гэтая праблема зусім не хвалюе. Я абсалютна ўпэўнены, што ніхто выконваць гэтую задачу ня будзе. Што нас чакае, Лукашэнка нам паказаў двума прызначэньнямі ў кіраўніцтве Адміністрацыі прэзыдэнта. Кіраўніца адміністрацыі „праславілася“ скандальнымі заявамі. І Рыжанкоў, які зьяўляецца адказным за рэалізацыю мегапраекту — правядзеньне ў Беларусі Эўрапейскіх гульняў. Спорт у нас цяпер стаў галоўным элемэнтам ідэалёгіі. Вось вам мэсыдж: хлеба няма, дык хоць відовішчы будуць».