У Расеі пачалося датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах

Ілюстрацыйнае фота

Датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі стартавала 11 сакавіка. Расейцы могуць прагаласаваць у тым ліку ў Беларусі. Да выбараў дапушчаныя восем кандыдатаў, у тым ліку дзейны кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін і апазыцыянэрка Ксенія Сабчак. Не дапусьцілі апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

У Беларусі датэрміновае галасаваньне 11 сакавіка ладзілася ў Касьцюковічах, Мазыры, Маладэчне, Пінску, Салігорску і Сьветлагорску. Афіцыйных зьвестак аб яўцы ў Беларусі няма, але, паводле прэс-сакратара амбасады Расеі ў Менску Аляксея Маскалёва, на беларускія ўчасткі ў першы дзень прыйшло «крыху больш за тысячу» расейцаў.

У асноўны дзень галасаваньня — 18 сакавіка — расейцы змогуць прагаласаваць у тым ліку ў Менску, Астраўцы, Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Берасьці, Віцебску, Воршы, Горадні, Гомлі, Клецку і Полацку. Ніякіх «адмацавальных пасьведчаньняў» для гэтага ня трэба, дастаткова падаць онлайн-заяву.

Яшчэ шэсьць гадоў Пуціна?

У ліку кандыдатаў дзейны кіраўнік Расеі, беспартыйны самавылучэнец Уладзімір Пуцін. Канстытуцыя Расеі забараняе ісьці ў прэзыдэнты больш як два разы запар, але не абмяжоўвае агульнай колькасьці тэрмінаў. Цяпер Пуцін прэзыдэнцтвуе трэці тэрмін:«перапынак» быў у 2008–2012 гадах, калі прэзыдэнтам быў Дзьмітры Мядзьведзеў, а Пуцін быў пры ім прэм’ерам. Калі Пуцін пераможа на цяперашніх выбарах, ён будзе прэзыдэнтам яшчэ шэсьць гадоў.

Таксама балятуюцца вылучэнец ад камуністаў Павел Грудзінін, лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, лідэр партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі, лідэр партыі «Коммунисты России» (гэта не КПРФ, а асобная партыя) Максім Сурайкін, лідэр партыі «Российский общенародный союз» Сяргей Бабурын, лідэр «Партии роста» Барыс Тытоў, прадстаўніца партыі «Гражданская инициатива» Ксенія Сабчак. Да выбараў не дапусьцілі папулярнага апазыцыйнага палітыка, стваральніка Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, ён заклікае да байкоту выбараў.

Паводле расейскіх сацыёлягаў ВЦИОМ, на пачатку сакавіка каля 70% расейцаў былі гатовыя аддаць свой голас за Пуціна, на другім і трэцім месцах адпаведна Грудзінін і Жырыноўскі з 7,1% і 5,6%, астатнія кандыдаты — у межах статыстычнай хібнасьці. Дакладна ісьці на выбары, згодна з апытаньнем, зьбіраюцца 71,6%; дакладна не зьбіраюцца 4,3%.

Золата камуніста, мат Жырыноўскага, любоў Сабяніна

Першы дзень датэрміновых выбараў прайшоў амаль без скандалаў. На сайце мэра Масквы зьявілася агітацыя за Пуціна, хоць расейскі закон забараняе дзяржаўным службоўцам займацца агітацыяй у часе выкананьня службовых абавязкаў. У Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі вырашылі, што гэта проста «прызнаньне ў любові да прэзыдэнта», але ўсё роўна «неэтычны ўчынак».

Напярэдадні выбараў у камуніста Грудзініна знайшлі шмат незадэкляраваных замежных рахункаў, на якіх было каля мільёна даляраў, а таксама больш як 5 кг золата. За гэта яго маглі зьняць з выбараў, але ня сталі — проста на плякатах на выбарчых участках дададуць тэкст пра незадэкляраваныя рахункі.

ЦВК Расеі зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру ў сувязі зь нецэнзурнай лаянкай на дэбатах кандыдата Жырыноўскага (у адрас кандыдаткі Сабчак), але што гэта будзе значыць для кандыдата, пакуль невядома.

Старшыню партыі «Яблоко» 11 сакавіка затрымалі ў час мітынгу ў Маскве, але неўзабаве вызвалілі без складаньня пратаколу.

Бізнэсовец Міхаіл Хадаркоўскі, які цяпер жыве за мяжой пасьля 10 гадоў зьняволеньня ў Расеі (быў прызнаны «Міжнароднай амністыяй вязьнем сумленьня), расказаў, што пайшоў на ўчастак галасаваньня 11 сакавіка ўпершыню за 14 гадоў. Але ён не прагаласаваў, а напісаў у бюлетэні «Путин надоел».

Your browser doesn’t support HTML5

«Пуцін ня думае пра Беларусь. Гэта кепскі знак»