«Куды вядзе вуліца імя Багдановіча? У лес». Неюбілейны рэпартаж з магілёўскай вуліцы Багдановіча

Вуліца імя Багдановіча. Беларускамоўных шыльдаў зь яе назвай адшукаць не ўдалося

У Магілёве вуліца Багдановіча знаходзіцца ўдалечыні ад люднага гарадзкога цэнтру і буйных «спальных раёнаў». Імя паэта ўвекавечанае на ўскрайку прыгараднага пасёлка Малая Бароўка.

Мясцовыя жыхары наракаюць на разьбітую дарогу і спадзяюцца, што некалі па ёй пусьцяць аўтобус. Ганарацца прылеглым лесам і сьвежым паветрам.

Лепей бы далі імя Багдановіча вуліцы ў горадзе, замест Маркса

У кампаніі з вуліцай Багдановіча завулкі Хваёвы, Рабінавы, Язьмінавы. Тут жа і вуліца Сьнежная. Непадалёк плойма вуліц, названых у гонар беларускіх герояў Айчыннай вайны. Усутыч вуліцы зь імем Багдановіча – вуліца, названая ў гонар савецкага выведніка Лявы Маневіча.

«А вы думаеце, куды мае выводзіць вуліца, названая ў гонар беларускага паэта? Вядома ж, у лес», — з усьмешкай заўважыў мужчына паважанага веку, які выйшаў агледзець навакольле пасьля сьнежнай ночы.

Вуліцай Багдановіча – у лес…

​«Беларусы ж, яны як што, дык адразу ў партызаны, — не сунімаў свайго сарказму стары. – А тут табе і шлях пракладзены. Праўда, там лес дужа парадзелы, але галоўнае, што ён ёсьць».

Вуліца імя Багдановіча і сапраўды выводзіць да лесу. Тры дзясяткі гадоў таму яго ўскраек пачалі высякаць пад узьвядзеньне катэджаў. Адну палову дзялянкі забудавалі, другая ж пакрысе зарастае кустоўем ды бярэзьнікам. Узводзіць дамы не дазваляюць, бо пракладзены водаправод для гораду ад мясцовых артэзіянскіх сьвідравінаў.

«Максім Багдановіч – гэта наш беларускі паэт. Ён, як я памятаю, пра нейкую зорку дужа лірычна напісаў. Але прыгадаць гэты верш не змагу. Здаецца, у школе яго вучыла. Лепей бы далі імя Багдановіча вуліцы ў горадзе, замест якога Карла Маркса, але, разумееце, прымаць такія рашэньні ні ў нашых сілах, — казала наступная суразмоўца, паказваючы кірунак, дзе вуліца сканчаецца.

Для няпрошаных гасьцей – злы сабака

«На тым канцы вуліцы ўжо новыя дамы. Там пераважна жыве моладзь, — даводзіла жанчына, употай аглядаючы незнаёмага ёй чалавека. – Тут толькі дарога разьбітая – яміна на яміне. Людзі скардзяцца, дык пастаянна падсыпаюць яе. Відаць, транспарт хочуць пусьціць. А так асаблівых праблемаў больш і няма. Добра жыць тут – лес побач. Сьвежае паветра. Ягады, грыбы. Вуліца ціхая».

Вуліца Багдановіча — колішняя веліч магілёўскіх гігантаў прамысловасьці

Амаль кожны двор на вуліцы Багдановіча ахоўваецца брахлівымі сабакамі. Тутэйшыя дамы – гэта дыхтоўныя катэджы, непадобныя адзін да аднаго. Паводле мясцовых жыхароў, вуліца нагадвае пра былую веліч прамысловых гігантаў Магілёва – завода імя Кірава ды аб’яднаньня «Хімвалакно». У 1990-я гады тут на даступныя крэдыты магілёўцы ўзводзілі сабе жытло.

«Раней тутэйшыя жыхары зьбіралася разам. Сьвяткавалі, напрыклад, на гэтым полі Купальле. Тыя ж агароды ядналі людзей. Цяпер жа разам суседзі рэдка зьбіраюцца, – расказаў пра мінулае і сучаснасьць вуліцы Багдановіча пяцідзесяцігадовы мужчына, — Цяпер жыцьцё стала іншым. Вы ж чулі пра крызіс? Дык кожны чалавек капейку ашчаджае. Цішком нап’есься — і ўся радасьць».

Вуліца Багдановіча: незабудаванае хутка зарастае бярэзьнікам

Нагадваньне пра тое, што вуліца імя Багдановіча пэрыфэрыйная, суразмоўцу пакрыўдзіла, ён заўважыў, што яна галоўная.

«Яе нават навігатар прабівае. Завулкаў, праўда, не паказвае, але гэтую вуліцу — так. Гэта першая вуліца, на якой нам давалі дзялянкі ад «Хімвалакна» на будаўніцтва. Нават былі спробы пусьціць сюды аўтобус, але ня выйшла нешта. Хадзілі сюды маршруткі, але таксама нядоўга. Цяпер, калі скажаш маршрутніку сюды завезьці, то ён падвязе. Толькі трохі разьбітая дарога. Завулкам, праўда, труба, не праехаць пасьля залевы», — выказаўся жыхар вуліцы.

Хоць бы дошку пра Багдановіча павесілі

«Ды ведаюць тут, хто такі Максім Багдановіч», — запэўніваў наступны суразмоўца.

«Адзін „бэнээфавец“ рэгулярна раскідвае па паштовых скрынках газэту „Новы час“. У ёй, здаецца, і пісалі, што нібыта набліжаецца юбілей гэтага беларускага паэта. А ці ня ў курсе вы, чаму гэтую вуліцу назвалі ягоным імем? — нечакана запытаўся мужчына, але, не дачакаўшыся меркаваньня госьця, тут жа працягнуў: – Калі ён такая значная асоба, дык назвалі б вуліцу дзе ў горадзе. Урэшце, маглі б і шыльду на пачатку нашай вуліцы вывесіць, каб людзі ведалі, у чый гонар яна названая».

Проста — вуліца імя Багдановіча. Налева – завулак імя Багдановіча

«Ды хоць бы сапраўды дошку якую са зьвесткамі пра Багдановіча павесілі, каб людзі ведалі, мо і традыцыя запачаткавалася б на дзень народзінаў паэта адзначаць Дзень вуліцы, — сказаў іншы суразмоўца. — Моладзь жа ня ведае, хто Багдановіч такі. Пакуль у школе, дык вершы вучаць, а пасьля нікога яны не цікавяць».

Мо і зьбяруцца калі разам жыхары, каб адзначыць Дзень вуліцы імя Багдановіча

Вуліца імя Багдановіча немалая — пад два кілямэтры. Ніводнай беларускамоўнай шыльды на паўсотні тутэйшых дамоў пабачаць не давялося. Не знайшлося месца беларускай мове і на завулку імя Багдановіча. Па сваёй працягласьці ён не саступае аднайменнай вуліцы.

Канец вуліцы імя Багдановіча. Далей — лес…