Лявон Вольскі атрымаў прэмію Freemuse

Оле Рэйтоў, Лявон Вольскі і Стэфан Эрыксан на ўручэньні прэміі Freemuse. Фота: Iñaki Marconi via Facebook

Перакладчыкам для Вольскага на сцэне выступіў Стэфан Эрыксан. Прэмію Вольскі прысьвяціў сваёй жонцы Ганьне.

Беларускі рок-музыка Лявон Вольскі атрымаў 8 траўня ў стакгольмскай «вёсцы Эўравізіі» прэмію Freemuse Music Awards за выбітную працу дзеля «свабоды музычнага выказваньня».

«Беларусь мае пераможцу, але ён забаронены ў сваёй краіне, таксама як і папярэдні ўладальнік прэміі Freemuse Рэмі Эсам у ягонай краіне», — казаў са сцэны выканаўчы дырэктар Freemuse Оле Рэйтоў адносна жаданьня Стакгольму дадаць да «Эўравізіі» яшчэ адзін аспэкт — гісторыі забароненых музыкаў.

Са сцэны Вольскі выказаў падзяку за ўвагу «да ягонай сьціплай пэрсоны, музычнай дзейнасьці і змаганьня за дэмакратычныя каштоўнасьці» і асабістую падзяку Рэйтоў за тое, што той езьдзіў на канцэрты Вольскага па ўсёй Эўропе:

«Я хачу, каб вы яшчэ раз зразумелі, што ў Беларусі ёсьць сур’ёзная праблема са свабодай слова, — казаў Лявон Вольскі пад пераклад былога амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. — Я прысьвячаю гэтую прэмію маёй жонцы Ганьне, якая ня так даўно нас пакінула, і якая была маім прадусарам і дапамагала мне ў розных праектах у самыя цяжкія часы. Дзякуй усім!»

Разам з уладальнікам прэміі мінулага года, эгіпцянінам Рэмі Эсамам Вольскі выканаў на сцэне песьню «Чужы» з сольнага альбому «Грамадазнаўства» 2014 года.

«Я спрабаваў, у мяне не атрымліваецца», — Лявон Вольскі пра новы альбом і талент жонкі Ганны

Лявон Вольскі — беларускі рок-музыка. Ён набыў папулярнасьць, будучы лідэрам гурту «Мроя», які ў 1994 годзе трансфармаваўся ў «N.R.M.» і за 13 гадоў выпусьціў 8 альбомаў. Сумесныя праекты з удзелам Вольскага — «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут» — сталі ў Беларусі культавымі.

Акрамя «N.R.M.» Лявон Вольскі сьпяваў і граў у гуртах «Крамбамбуля» і «Zet». Аўтар некалькіх кніг паэзіі.

Пасьля сыходу з «N.R.M.» Лявон Вольскі запісаў тры сольныя альбомы: «Куплеты і прыпевы», «Белая яблыня грому» і «Грамадазнаўства». Цяпер вядзецца краўдфандынгавая кампанія, мэтай якой ёсьць выпуск чацьвёртага сольнага альбому музыкі «Грамадазнаўства-2».

Ад 2010 году Лявон Вольскі ўдзельнічае ў стварэньні перадачы радыё Свабода «Саўка ды Грышка», у 2011 і 2012 гадах у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшлі два мультымэдыйныя дыскі гэтага праекту.