30 красавіка актывістка Вольга Нікалайчык разам з адвакатам наведала Цэнтральны РУУС, каб высьветліць лёс сваіх дакумэнтаў — пашпарта і пасьведчаньня журналіста. Гэтыя дакумэнты міліцыянты Вользе не аддалі, хаця яе вызвалілі з пастарунку ўвечары 29 красавіка.
«Абуральна, што мяне пратрымалі ў пастарунку з 15 да 22 гадзін. Потым раптоўна выпусьцілі, а перад гэтым усё апісалі і казалі, што чакае машына на Акрэсьціна. Але ў мяне яшчэ забралі пашпарт і пасьведчаньне журналіста. Сёньня адвакату яны сказалі, што мае дакумэнты далучаныя да справы ў мэтах вывучэньня справы. Яны сказалі чакаць цягам дзесяці дзён. Я зьбіралася 2 траўня ехаць ва Ўкраіну з маці Міхаіла Жызьнеўскага. Мы меркавалі сустрэцца з мэрам Кіева па справе перайменаваньня адной з вуліц, якая павінна стаць вуліцай Жызьнеўскага. Цяпер гэтую паездку давядзецца адкласьці», — апавяла карэспандэнту Свабоды Вольга Нікалайчык.
Яшчэ адна затрыманая ўчора актывістка Кацярына Садоўская з пастарунку трапіла адразу ў лякарню з гіпэртанічным крызам.
Падставай для затрыманьня грамадзкіх актывістак 29 красавіка каля расейкай амбасады ў Менску стаў пэрформанс. Яны прынесьлі да амбасады адмысловы «чамадан-касмэтычку» з эмблемай «Начных ваўкоў» і надпісам «Забярыце касмэтычку», якую нібыта забыліся пуцінскія байкеры на мяжы, і хацелі яе перадаць праз дыпляматаў.