Трапляючы ў майстэрню Вольгі Ўгрыновіч, губляесься ад разнастайнасьці: талеркі, кубкі, вазы, падсьвечнікі, нават мыльніцы — усё ў аўтарскім выкананьні. Асобныя прадметы прыцягваюць позірк самі сабой — нічога падобнага на кітайскіх «штампоўках» бачыць не даводзілася. На дапамогу прыходзіць сама мастачка: гэта калекцыя «Гербарый», калі адбіткі расьлінаў на паверхні не намаляваныя, а аўтэнтычныя:
«У мяне ёсьць любімыя тэмы, зьвязаныя зь беларускімі легендамі. Найперш, папараць-кветка, кветка шчасьця: яна нібыта існуе, яе ніхто ня можа знайсьці, але ўсё жыцьцё шукаюць. З гэтай калекцыі спод з выявай ліста папараці. Іншымі словамі, у „Гербарыі“ адбіткі звыклых для Беларусі расьлінаў „прарастаюць“ на жывым пласьце глінянай масы — на посудзе адбіваецца сапраўдны, а не прыдуманы лісток. Посуд расьпісваецца, паліваецца, абпальваецца — і атрымліваецца, як, памятаеце, расьліна з часоў нэаліту адбіваецца на каменных пародах. Фактычна той жа мэтад. Гліна — гэта і ёсьць зямля, каменнасьць набывае толькі пасьля абпалу. Перад абпалам яна мяккая, як цеста, на яе можна накласьці ліст і атрымаць рэальны адбітак. Дробненькія рысачкі — самы праўдзівы ўзор, так літаральна не намалюеш, як ён жывы, распластаны. Бо адна справа, калі малюю папараць-кветку са свайго вобразу, і зусім іншае — папараць сапраўдная. Тым больш, папараць — адзін з сымбаляў Беларусі».
Таксама ў калекцыі «Гербарыю» — рабіна, ліпа, клён, гартэнзія, палявыя кветкі і летнія травы. Яны ўвасобленыя найперш на сподах для садавіны і салатаў, на талерках для інтэр’ераў. Дызайн, распрацоўка і мэтады ўвасабленьня — аўтарскія. Хоць, удакладняе Вольга Ўгрыновіч, з рознымі варыяцыямі падобная тэхніка практыкуецца і ў іншых частках сьвету:
«Такая тэхніка, безумоўна, існуе. Аднак распрацаваць настолькі шырока і зрабіць гэта цэлай калекцыяй — такое, мабыць, упершыню. Тут яшчэ важна тое, якім чынам я гэта раблю, як гэта спалучаецца ў колерах і г.д. Бо, прыкладам, калі гліна чырвоная, то структура ня так бачная. Але калі на парцалянавай аснове, калі сьветлы фон, графіка больш відавочная. У тым ліку гэта тычыцца далейшых маніпуляцыяў: тое, што я потым усё расьпісваю, дадае сваю індывідуальную разынку. Вось у такім сэнсе ніхто ня робіць, таму і можна казаць пра аўтарскае ноў-хаў».
Тэма флярыстыкі разьвіваецца і ў іншых «сэрыялах»: наборы «Летапіс дрэва», «Матывы прыроды», «White and Gray». Асобны разьдзел прысьвечаны нацыянальнаму арнамэнту і гістарычнай сымболіцы: камплект посуду «Дзяніца», кубкі і куфлі з гербам «Пагоня». 18–21 сьнежня гэтыя ды іншыя эксклюзіўныя вырабы будуць выстаўленыя на традыцыйнай выставе-продажы «хэнд-мэйду» «Млын» у сталічным комплексе БелЭкспа:
«Так, зараз мы рыхтуемся да „Млына“, дзе выстаўляецца прадукцыя ручной вытворчасьці, „хэнд-мэйд“. Таму ўсё гэта будзе пакавацца і выстаўляцца на бліжэйшай млынаўскай выставе. Бо на самой справе вельмі не хапае рэалізацыі: як самі бачыце, вырабаў шмат, а тое, што прадаецца ў галерэях, на самой справе толькі мізэрная частка. Дый людзі ў крамы папросту ня ходзяць».
На фоне стацыянарных печаў ды «залежаў» гліны стройная, цянюткая постаць Вольгі выглядае як зь іншага сьвету. Але паназіраўшы, як упэўнена яна кіруе працэсам, уласнаручна перамешваючы дзясяткі кіляграмаў «сыравіны», разумееш, наколькі падманлівае першае ўражаньне.
Сама мастачка кажа, што яе шлях у кераміку пачаўся нават да фізычнага нараджэньня: бацька Ўладзімер Угрыновіч быў прафэсійным мастаком-керамістам і аб’ехаў усю Беларусь, вывучаючы народныя ганчарныя промыслы. Ад раньняга дзяцінства дзяўчына расла ў атачэньні незвычайных прадметаў, цешачыся гармоніяй формаў. Такім чынам, выбар на карысьць складанага віду дзейнасьці, дзе патрэбна ня толькі фантазія, але і фізычная сіла, быў зроблены самім ладам жыцьця.
Цяпер справу бацькі Вольга працягвае зь невялікай камандай аднадумцаў. Яе арт-студыя кампактна разьмясьцілася на адным са сталічных прадпрыемстваў, якое з радасьцю здае ў арэнду лішнія плошчы, і ўяўляе сабой замкнуты вытворчы цыкль — ад абпальваньня формы ў печы да фінішнай расфарбоўкі:
«Калі трымацца тэхналёгіі, то самае першае, што неабходна зрабіць, — гэта сфармаваць сам выраб. Іншымі словамі, спачатку ручная лепка, потым усё сушыцца, дадаткова апрацоўваецца і нарэшце першы раз абпальваецца. Можна нават пабачыць, як выгараюць нанесеныя на гліну кветачкі на гарлачыку, а на іх месцы ўзьнікаюць „жывыя“ адбіткі. У асобным пакоі дзяўчаты апрацоўваюць вырабы, даводзяць да ладу».
Іншы пакой — «мужчынскі». Тут з гіпсавых формаў майстры «здабываюць» дэкаратыўныя бутэлькі:
«Гэта працэс ліцьця, калі вадкая фарфоравая маса заліваецца ў гіпсавыя формы. Пасьля яна зьліваецца, але на сьценцы высыхае патрэбны адбітак. Вось зараз майстар адкрые форму, і адтуль у нас выйдзе выдатная бутэлечка. Пакуль яе паверхня больш падобная да пабелкі — неабпаленыя нават мажуцца — але ў абпале ўсё зробіцца як шкло. То бок можна прасачыць увесь шлях аж да фінішнай рысы, калі кожны прадмет расьпісваецца і гатовы трапіць да патэнцыйнага гаспадара».
Можна не сумнявацца, што пры адпаведнай раскрутцы Арт-студыі Вольгі Ўгрыновіч шанцаў у канвэерных канкурэнтаў засталося б няшмат. Але ў нярынкавых рэаліях збольшага трэба задавальняцца сэзоннасьцю, калі гарадзкія ўлады дазваляюць імправізаваныя кірмашы. Як кажа Вольга, сёлета досыць плённа ўдалося папрацаваць на пляцоўцы перад менскай Ратушай. А хто асноўныя спажыўцы — беларусы ці ўсё ж замежнікі?
«Беларусы, калі бачаць такія вырабы, таксама ахвотна купляюць. Проста людзі ня ведаюць, што нешта падобнае ўвогуле ёсьць. А калі сутыкаюцца, як правіла, ім падабаецца, яны вяртаюцца, бо разумеюць: можна набыць штосьці нестандартнае, за што будзе ня сорамна і што прыемна атрымаць у падарунак. Набываюць у тым ліку для сябе. Безумоўна, часта купляюць за мяжу — прынамсі, калі гандлявала на Ратушы, нямала было замежнікаў. Шмат расейцаў, яны такое мастацтва добра ўспрымаюць, разумеюць адметнасьць такіх вырабаў. У мяне нават палепшылася стаўленьне да расейцаў, бо якраз у гэтым сэнсе культура, адукаванасьць у іх вышэйшая, калі казаць пра значэньне такіх рэчаў. Ня трэба тлумачыць каштоўнасьць аўтарскай керамікі. Расейцаў большасьць, шмат набываюць. Цэлымі аўтобусамі да Ратушы прывозілі — гэткі адмысловы пункцік наведваньня».
Your browser doesn’t support HTML5
Вольга прызнаецца, што яе блакітная мара — адкрыць невялічкую крамку ў турыстычным цэнтры Менску, дзе можна было б выстаўляць аўтарскія працы. Аднак пакуль што рэалізаваць задуму не ўдаецца:
«У мяне шмат цікавых напрацовак — усё ж больш за 20 гадоў гэтым займаюся. Асартымэнт вялікі, насыціць краму ніякіх праблемаў не складзе. Той жа „Гербарый“ мае вельмі добрыя водгукі, хоць гэта толькі адна з апошніх калекцыяў, ёй няма яшчэ і году. І я на самой справе мару пра невялічкую краму ў старой частцы Менску — там, дзе людзі адпачываюць, бавяць вольны час».
Карэспандэнт: «А ў чым тады праблема? Няма адпаведнага памяшканьня, дарагая арэнда? Што замінае?»
«Арэнда зразумела, што дарагая, — гэта адзін са складнікаў. Зь іншага боку, каб атрымаць права на арэнду, трэба ўдзельнічаць у аўкцыёне, прыдумалі такі вось мэханізм. А аўкцыён, як разумееце, зусім непрадказальны артыкул расходаў, бо кошты не на зьмяншэньне, а на павелічэньне. Мусіш заплаціць толькі за тое, што будзеш арандаваць, выкупіць такое права. Пра ўласнасьць гаворка не ідзе. Пасьля проста арандуеш з дамовай на год ці з правам працягу. Можна было б паспрабаваць адчыніць павільён у гандлёвым цэнтры, але ў той жа „Кароне“ кошт квадратнага мэтра на месяц — 170 даляраў. А трэба мінімум пяць. Гэта, праўда, летнія зьвесткі, але ў любым выпадку дорага, нават калі крыху і патаньнела. Дык гэта колькі трэба вырабіць і прадаць, каб адбіць адну толькі арэнду? Там, дзе шмат людзей, дзе ёсьць імавернасьць таго, што цябе заўважаць, цэньнікі трымаюцца... І ўсё ж спадзяюся, што калі-небудзь нейкім чынам усё ўдасца».
На сваім пэрсанальным сайце Вольга Ўгрыновіч так адказвае на пытаньне, чым ёсьць кераміка ў яе жыцьці:
«У кожнага свае асацыяцыі: для кагосьці гэта любімы бабулін кубак, вазачка, у якой прыгожа выглядаюць кветкі, ці дэкаратыўны спод на сьцяне; хтосьці памятае вясковыя гліняныя гаршкі на плоце. На самой справе кераміка настолькі шматгранная, што нават карыстаючыся ёй у штодзённым жыцьці, мы гэтага не заўважаем: пачынаючы ад будаўнічых матэрыялаў, пліткі і сантэхнікі, і заканчваючы рэчамі, створанымі для ўпрыгожваньня інтэр’еру...».
Майстрыня кажа, што яе душа і сэрца назаўсёды аддадзена мастацкай кераміцы, рэчам, створаным зь цеплынёй і любоўю.