Экстрадыцыя Вольгі Класкоўскай затрымліваецца

Вольга Класкоўская

Швэцыя марудзіць з экстрадыцыяй у Беларусь Вольгі Класкоўскай, асуджанай за замах на забойства былога мужа.

Паводле маці Вольгі, Людмілы Класкоўскай, у Генэральнай пракуратуры Беларусі ёй паведамілі, што з Швэцыі дагэтуль не паступіла заява дачкі. Вольга падпісала яе і пагадзілася адбываць далей пакараньне на радзіме, паведамляе БелаПАН. Паводле маці, дачка тройчы падпісвала неабходныя паперы.

Людміла Класкоўская вельмі заклапочаная станам здароўя Вольгі. Дачка, кажа, захварэла, яе абсьледавалі, але дыягназ не паставілі, замест гэтага здымаюць боль морфіем. Гэта працягваецца ўжо каля месяца. І амаль увесь гэты час асуджаная ходзіць на працу.

Людміла Класкоўская мае намер зьвярнуцца ў пасольства Швэцыі ў Беларусі з патрабаваньнем даць справаздачу пра стан здароўя дачкі і вынікі яе абсьледаваньня.

Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую затрымалі вясной 2013 году ў швэдзкім горадзе Ханінге па падазрэньні ў замаху на забойства былога мужа. Да гэтага яна некалькі гадоў жыла ў Швэцыі, у 2011 годзе вярнулася ў Беларусь з прычыны сямейных праблемаў, але неўзабаве зноў зьехала ў Швэцыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара Гёкая Безгіна і ў ліпені 2012 году нарадзіла сына.

Класкоўская двойчы падавала дакумэнты на атрыманьне віду на жыхарства ў Швэцыі: пасьля шлюбу і пасьля нараджэньня дзіцяці. У 2013 годзе ўлады Швэцыі паўторна адмовілі ёй у атрыманьні віду на жыхарства і прынялі рашэньне дэпартаваць яе бяз права абскарджваньня. У лютым таго ж году прадстаўнікі сацыяльных службаў Швэцыі забралі ў Класкоўскай малалетняга сына Адама на той падставе, што ў яе не было віду на жыхарства. Хлопчыка перадалі бацьку.

23 жніўня 2013 году Стакгольмскі суд прызнаў Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства былога мужа і прысудзіў ёй восем гадоў турмы. Апэляцыйны суд Стакгольма пакінуў прысуд у сіле, але скараціў тэрмін турэмнага зьняволеньня да сямі гадоў. У сьнежні Класкоўскую перавялі ў турму.

Увосень 2014 году Мін’юст Швэцыі даў згоду на экстрадыцыю Класкоўскай дзеля адбыцьця пакараньня ў Беларусь.

У выпадку экстрадыцыі Класкоўская будзе адбываць пакараньне паводле беларускіх законаў, на яе будуць распаўсюджвацца ўсе патрабаваньні беларускага заканадаўства.

Вольга Класкоўская можа стаць першай, каго экстрадзіруюць са швэдзкай вязьніцы ў беларускую, прычым зь ейнай уласнай волі. Аднак пры ўмове, калі яна падпіша заяву ў Генпракуратуру Беларусі, якая летась распачала гэты працэс на просьбу самой Вольгі і яе маці Людмілы. Пра гэта 20 лютага паведаміў журналістам генэральны пракурор РБ Аляксандар Канюк.

Цяпер 32-гадовая Вольга ў сваёй трэцяй па ліку швэдзкай турме — Істад. Гэта за 700 км ад Стакгольма, на самым поўдні краіны. Сюды яе перавялі за добрыя паводзіны з жаночай турмы строгага рэжыму Хінсэбэрг. Яшчэ раней, калі Вольга была пад сьледзтвам, яе трымалі ў турме Экэрсбэрг, што зусім побач са швэдзкай сталіцай.