Вінцук Вячорка: У Беларусі адна дзяржаўная мова — расейская

Вінцук Вячорка. Здымак Арцёма Канцавога.

Напярэдадні Дня роднай мовы, які адзначаюць 21 лютага, мы папрасілі мовазнаўцу і палітыка Вінцука Вячорку паразважаць пра сапраўднае значэньне заяваў кіраўніка дзяржавы наконт важнасьці беларускай мовы, ацаніць яе пашыранасьць у сфэры адукацыі і распавесьці пра прычыну моды на курсы беларускай мовы.

— Спадар Вінцук, ці можна гаварыць пра ўсплёск цікавасьці да беларускай мовы — з улікам таго, што цягам мінулага году адны за аднымі пачалі працаваць некалькі курсаў беларускай мовы, якія зьбіраюць сотні студэнтаў ня толькі ў Менску, але і ў Гомелі, Баранавічах, Магілёве, іншых гарадах?

— Відавочна, што падрасло новае пакаленьне, якое гадавалася ў антыбеларускай ці, прынамсі, абеларускай атмасфэры, створанай гэтым рэжымам. Гэтая атмасфэра пазбаўленая ўсіх беларускіх каштоўнасьцяў, беларускай гістарычнай памяці і таксама рэальнай сфэры ўжываньня беларускай мовы. Аднак высьветлілася, што ў сучасным сьвеце без надзейнага духоўнага апірышча вельмі цяжка захаваць хоць нейкія каштоўнасьці. Менавіта таму гарадзкія маладыя людзі зьвярнуліся да беларускай мовы і іншых праяваў беларушчыны. Тыя курсы беларускай мовы, якія, дарэчы, існуюць ужо вельмі даўно, раптам імгненна памножыліся і абрасьлі новымі масавымі жанрамі, як, напрыклад, моўныя шоў. Значыць, ёсьць на гэта попыт. Але тут вельмі важна, каб гэты попыт не застаўся мінучай модай, а ператварыўся ў нешта інстытуцыянальнае, а гэта значыць, што людзі павінны загаварыць па-беларуску ў рэальным штодзённым жыцьці — дома, у грамадзкім транспарце, у навучальных установах, на працы.

— Сёньня ў Ліцэі БДУ і ў Акадэміі кіраваньня ладзяцца «Сьвяты вышыванкі і роднай мовы». Дык выходзіць, што тое, што пачыналася ў дэмакратычных моладзевых асяродках, падхопліваецца дзяржаўнымі ўстановамі?

— Трэба разумець, што гэтыя ініцыятывы паходзяць усё ж не ад адміністрацыі гэтых навучальных установаў, а ад навучэнцаў. А тое, што такія ініцыятывы ажыцьцяўляюцца, азначае, што ўлады разгубленыя — тое, што было б дакладна забароненае пару гадоў таму, цяпер не забараняюць. Высьветлілася, што настойлівае ламаньне і вынішчэньне нацыянальных каштоўнасьцяў, гвалтоўны наварот маладога пакаленьня ў бок «саўка», а тым самым — у бок «русского мира», не спрацоўвае і ніякага выніку не дае. І маладыя шукаюць сапраўдныя каштоўнасьці. Так што я б сказаў, што гэтыя імпрэзы ладзяцца ня дзякуючы ўладзе, а насуперак ёй і ўсяму вэктару ейных ідэалягічных паводзінаў. Проста ўлада здае некаторыя пазыцыі.

— Які стан беларускай мовы ў сфэры адукацыі? На дзяржаўным узроўні гучаць заклікі пераводзіць прадметы на беларускую мову, але на лякальным — беларускія сем’і ня могуць дамагчыся для сваіх дзяцей школьнага навучаньня на роднай мове.

У нас фармальна 53% лічаць роднай беларускую мову, і толькі 1% можа атрымліваць на ёй вышэйшую адукацыю

— Аляксандар Лукашэнка і прызначаныя ім міністры могуць заяўляць усё што заўгодна. Глядзець трэба ня ў рот, а на рукі — на тое, што рэальна робіцца. А рэальна як не было інстытуцыянальнай магчымасьці вучыць дзяцей і вучыцца студэнтам па-беларуску, так яе і няма. Сёньня менш за 1% студэнтаў вучацца па-беларуску, і гэта студэнты філфакаў, дзе не выпадае выкладаць па-расейску беларускую літаратуру. Вядома, ёсьць выкладчыкі, якія, нягледзячы ні на што, чытаюць свае курсы па-беларуску на нефілялягічных спэцыяльнасьцях. Але ў цэлым, што да ВНУ, карціна вельмі змрочная. У нас фармальна 53% лічаць роднай беларускую мову, і толькі 1% можа атрымліваць на ёй вышэйшую адукацыю. Гэта нечуваная калянізатарская дыскрымінацыя. Што да школаў, то ў двухмільённым Менску, дзе ёсьць каля 250 школ, толькі 5 сярэдніх навучальных устаноў паводле статутаў маюць беларускую мову навучаньня, дый з гэтага яшчэ не вынікае, што ў іх сьценах пануе беларуская мова.

Вось загаварылі пра выкладаньне гісторыі і геаграфіі па-беларуску. Тут проста анэкдатычная сытуацыя. Ну, сказаў новы міністар адукацыі, што, маўляў, разгледзім магчымасьць вяртаньня да іх выкладаньня па-беларуску. Але ўжо забыліся, што 6–7 гадоў таму «Геаграфія Беларусі» і «Гісторыя Беларусі» выкладаліся па-беларуску ва ўсіх навучальных установах, а Лукашэнка і яго памагатыя скасавалі гэтую абсалютна нармальную завядзёнку. Я маю на ўвазе, што яны прыдушылі беларушчыну нават тут, цяпер намякнулі, што гэта можа вярнуцца, — і некаторыя людзі адразу пачалі рабіць з гэтага глябальныя высновы. Ніякага глябальнага павароту з боку ўлады не адбылося. Але вельмі значна, што адбываецца паварот з боку грамадзтва, што актывізуюцца бацькі, што яны гарызантальна структуруюцца і спрабуюць нечага дамагчыся супольна.

Ніякага глябальнага павароту з боку ўлады не адбылося. Але вельмі значна, што адбываецца паварот з боку грамадзтва

— Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што бацькі актывізуюцца?

— Летась Таварыства беларускай школы правяло агульнанацыянальны бацькоўскі сход. Актыўныя бацькі з розных гарадоў зьехаліся ў Менск, дзе падзяліліся сваім досьведам — пераможным і сумным — і накіравалі ў Міністэрства адукацыі свае прапановы, каб у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі былі закладзеныя інстытуцыянальныя гарантыі стварэньня беларускамоўных садкоў, школаў і групаў у вышэйшых навучальных установах. Да таго ж садкі і школы павінны быць у пешай даступнасьці. У кожнага чалавека павінна быць права выбару, на якой мове вучыць сваё дзіця.

— Як на сытуацыю ўплываюць заявы кіраўніка дзяржавы пра важнасьць беларускай мовы? Ці яны робяцца толькі на фоне пагрозы з Расеі ў сьвятле палітычнай сытуацыі ў нашым рэгіёне?

— Аляксандар Лукашэнка падчас сваіх шматгадзінных бэнэфісаў кожнаму пасьпявае нешта нагаварыць. Кожны ў яго прамовах можа знайсьці тое, што захоча. Хтосьці чуе, што Беларусь — гэта ня частка «рускага міру», а хтосьці, што беларусы — гэта рускія са знакам якасьці. Так і з заявамі пра беларускую мову. Пакуль няма інстытуцыянальных рашэньняў, усё гэта пустая гаварыльня, якая ніяк не ўплывае на паводзіны канкрэтных чыноўнікаў у сытуацыях канкрэтных рашэньняў, якія патрабуюць бюджэтнага фінансаваньня. Скажам, стварэньне беларускай школы ці адкрыцьцё беларускамоўных падрыхтоўчых курсаў да паступленьня ў ВНУ. Таксама трэба мець на ўвазе, што заявы Лукашэнкі нібыта нацыянальна арыентаванага кшталту маюць адрасатам Уладзімера Пуціна, зь якога такім чынам трэба займець сьведчаньні падтрымкі і ляяльнасьці, лепш за ўсё выражаныя ў зьніжаных цэнах на энэрганосьбіты.

— Які рэальны статус мае беларуская мова ў Беларусі? Усё ж нельга казаць, што яе няма наагул — напрыклад, указальнікі на дарогах і абвесткі ў транспарце застаюцца на беларускай мове.

— Што да шыльдаў з геаграфічнымі назвамі, то, дзякуй Богу, у ведамстве, адказным за іх, у Дзяржаўным камітэце зямельных рэсурсаў, заўсёды добра і моцна быў чуваць голас беларускіх мовазнаўцаў. Гэта тая сфэра, якая нават у савецкі час дапускала выкарыстаньне беларускай мовы. Што да іншых сфэраў, то сытуацыя зусім іншая. Ня так даўно мне давялося праходзіць мытны кантроль у менскім аэрапорце, і я папрасіў там мытную дэклярацыю па-беларуску. На што дзяўчына-мытніца мне сказала: «У нас два государственных языка, поэтому у нас декларации по-русски». Гэтая жалезная лёгіка і юрыдычная бездакорнасьць, на жаль, пануе ў нас татальна і сьведчыць пра тое, што няма ў нас дзьвюх дзяржаўных моваў, а ёсьць толькі адна — расейская. Калі б былі дзьве, то тады б у любой сытуацыі ў грамадзянаў быў бы выбар, тады любы чыноўнік пераключаўся б на беларускую мову, пачуўшы такую ад грамадзянаў, якія зьвяртаюцца да яго. Таму беларуская мова выконвае толькі дэкаратыўную ролю.