Вінаградаву хочуць аднавіць прэвэнтыўны нагляд

Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Актывіст атрымаў позву з суду: тры з паловай гады хадзіў без нагляду, цяпер нагляд могуць аднавіць на паўгода.

Мянчук Павал Вінаградаў атрымаў позву з суду Маскоўскага раёну на 7 чэрвеня па справе аб усталяваньні прэвэнтыўнага нагляду на 6 месяцаў за тры адміністрацыйныя пратаколы. Да зьняцьця судзімасьці актывісту засталося тры месяцы. Ён не разумее, як паводле беларускіх законаў можна будзе ўсталяваць нагляд ужо пасьля пагашэньня судзімасьці.

«Што да прычынаў — мо хутка выбары і трэба, каб я быў „кантраляваны“. Мо нехта на мяне злуецца з маскоўскага РАУС ці зь людзей, якія курыруюць мяне, — кажа Свабодзе Вінаградаў. — Насамрэч, прычыны могуць быць якія хочаш».

Павал Вінаградаў — своеасаблівы рэкардсмэн. Актывіст правёў за кратамі больш за 200 сутак па адміністрацыйных справах і нават ажаніўся ў калёніі. Апошнім часам за палітычныя акцыі ён атрымліваў толькі штрафы.

Пасьля Плошчы 2010 году Паўла Вінаградава асудзілі на 4 гады зьняволеньня, але вызвалілі ў верасьні 2011 году паводле ўказу аб памілаваньні. Пасьля вызваленьня за актывістам усталявалі прэвэнтыўны нагляд. Пакуль нагляд не зьнялі, ён год пражыў у мястэчку Беразіне.

«Жылося гідка, — згадвае ён. — Цяжка, натуральна, што ў пэўны час дамоў трэба прыходзіць, што за горад ня выехаць, з краіны ня выехаць. Былі нават забароны на наведваньне бараў, рэстарацыяў і месцаў, дзе прадаюць на разьліў алькаголь. Ня тое каб мяне гэта моцна абмяжоўвала, але я не разумею, нашто такое абмежаваньне. Кепска жылося, а жылося так тры з паловай гады.

Дзякуй богу, што, хутчэй за ўсё, гэта наўрад ці працягнецца больш за пару месяцаў, бо нават у краіне, дзе прэзыдэнт — „ротарная жатка“, немагчыма пад наглядам знаходзіцца чалавеку без судзімасьці. Груба кажучы, вытрымаў тры з паловай гады — вытрымаю і пару месяцаў».