14 сакавіка ў райцэнтры Капыль Менскай вобласьці адбыўся пікет, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі. Пікет быў дазволены мясцовымі ўладамі — на 1 гадзіну на мясцовым стадыёне.
Зяўнік пікету, капыльскі актывіст Віктар Дашкевіч, гэтак вызначыў мэту акцыі:
«Мэта майго пікету была наступная — паказаць, што Канстытуцыя, якая ў нас лічыцца нібыта асноўным законам, насамрэч не працуе, бо яна замененая ўказамі і дэкрэтамі, якія прымаюцца найперш, каб захаваць дзейную ўладу. У нас няма выбараў і няма сапраўднай Канстытуцыі».
Паводле Віктара Дашкевіча, эфэкт ад пікету быў бы большым, калі б улады дазволілі правесьці яго ў цэнтры гораду і ўдалося даць аб’яву: «Нават ня ўсе тыя, каго запрашаў на пікет асабіста, прыйшлі і паўдзельнічалі. Людзі яшчэ вельмі баяцца», — зазначыў Віктар Дашкевіч.
Актывіст БХД Павал Пракаповіч, які прысутнічаў на пікеце, паведаміў, што на ім былі стэнды з партрэтамі зьніклых палітыкаў і палітвязьняў, а таксама стэнд з партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. «На стэндзе былі лічбы 87 і 39. Гэта напамін пра артыкулы ў дзейнай Канстытыцыі. 87-мы — пра тое, што прэзыдэнт можа ў любы момант падаць у адстаўку. 39-ты — пра тое, што любы грамадзянін Беларусі мае права паводле закону заняць любую дзяржаўную пасаду».


Віктар Дашкевіч паведаміў пасьля заканчэньня пікету, што мерапрыемства прайшло без эксцэсаў і затрыманьняў, пад наглядам міліцыянтаў у цывільным, якія здымалі падзеі на відэа.