У Менскай эпархіяльнай управе Беларускай праваслаўнай царквы заявілі, што выказваньні ў інтэрнэце панамара Анатоля Шлыкава не адлюстроўваюць афіцыйную пазыцыю.
На праваслаўных сайтах sobor.by і odigitria.by віцебскі панамар Анатоль Шлыкаў апублікаваў «Пісьмовае папярэджаньне беларускім чыноўнікам». У ім ён выказаў абурэньне з нагоды папярэджаньня ад Міністэрства інфармацыі газэце Віцебскай эпархіі «Наше православие». Ён лічыць, што «беларускія чыноўнікі фактычна сталі на абарону кіеўскай хунты». Панамар называе беларускіх чыноўнікаў ворагамі «рускага сьвету». Ад імя праваслаўных вернікаў ён кажа, што «мы зробім так, як і жыхары Данбасу». «Мы выйдзем на вуліцы, каб разагнаць дзярждэпаўскі майдан», — піша панамар. Анатоль Шлыкаў кажа, што праваслаўныя хрысьціяне «рыхтуюцца да антымайдану», таксама ідзе збор подпісаў у абарону праваслаўнай газэты.
«Калі раптам беларускаму прэзыдэнту па нейкіх прычынах ня ўдасца ўтрымаць у краіне сытуацыю пад кантролем то мы, праваслаўныя хрысьціяне, ня будзем абыякава назіраць за падзеямі, што адбываюцца. Мы зробім гэтак жа, як і жыхары Данбасу. Але ў адрозьненьне ад іх, мы ня будзем абмяжоўвацца адной або дзьвюма абласьцямі — мы вызвалім усю Беларусь ад майданшчыкаў», — ад імя праваслаўных вернікаў напісаў Шлыкаў.
Прэс-сакратар Менскага Эпархіяльнага ўпраўленьня протаярэй Сяргей Лепін пракамэнтавааў карэспандэнту Свабоды выказваньні панамара Анатоля Шлыкава:
Дыякан — гэта тое, што адна бабулька сказала. То бок ён не прадстаўляе ніякага беларускага праваслаўнага духавенства
«Дыякан — гэта тое, што адна бабулька сказала. То бок ён не прадстаўляе ніякага беларускага праваслаўнага духавенства. Таму мала хто што кажа. Гэта не афіцыйная асоба для БПЦ. Шкада, што існуюць такія пункты погляду. Але ж ён не належыць да таго кола асобаў, словы якіх трэба камэнтаваць у вашым выданьні. Гэта звычайны прыхаджанін, які дапамагае сьвятару разьдзімаць кадзіла, каб яно не пагасла. Ён не зьяўляецца прадстаўніком духавенства».
Галоўны рэдактар газэты «Наше православие» Андрэй Герашчанка ў размове з карэспандэнтам Свабоды назваў панамара Анатоля Шлыкава «праваслаўным дзеячам, у якога актыўная пазыцыя, які падтрымлівае Данбас і блізкі да поглядаў Наваросіі».
«Калі Шлыкаў нешта напісаў, то гэта сьведчыць пра тое, што ў такіх справах трэба больш тонка сябе паводзіць уладам і ўсім астатнім. Бо лягчэй за ўсё нашу лодку разгайдаць і зрабіць так, як на Данбасе. Таму Шлыкаў ня хоча, каб такое было. У яго ёсьць свой боль за гэтую сытуацыю, і ён яго выказвае».
Што да папярэджаньня ад Мінінафрму, то паводле Герашчанкі, у ім «няма нейкіх момантаў, якія тычыліся б нейкага артыкулу».
«Гэта зусім фармальнае папярэджаньне. Яно тычыцца таго, што заснавальнік не накіраваў у патрэбны тэрмін інфармацыю ў Міністэрства інфармацыі, што я галоўны рэадактар. Але першы намесьнік міністра нават не глядзіць, што ён падпісвае. Ніякіх падстаў для гэтага папярэджаньня не было. Маглі патэлефанаваць, мы накіравалі б гэты ліст, і ўсё на гэтым скончылася б. А пра нейкі арыткул там няма ніводнага слова».
Раней актывіст «Маладой Беларусі» Аляксандар Галавань разам зь іншымі праваслаўнымі вернікамі зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай праверыць выпускі газэты «Наше православие» на адпаведнасьць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
У адным з нумароў выданьня была надрукаваная гутарка з грамадзянкай Нямеччыны Маргарытай Зайдлер, якая ваюе на баку сэпаратыстаў на Ўсходзе Ўкраіны і заклікае праваслаўных узяць удзел у гэтай вайне.