Жыхары Лоеўскага раёну Гомельскай вобласьці назіралі 24 траўня сьмерч — рэдкую для Беларусі зьяву, калі па зямлі «ходзіць» віхраслуп паветра.
На падборцы відэа, апублікаванай расейскай суполкай «Фобос. Катаклизмы и катастрофы природы», чуваць, як мясцовыя жыхары абмяркоўваюць, ці дойдзе сьмерч да іхных агародаў і ці панясе калгасных кароваў.
Паводле аўтараў відэа, на Лоеўшчыне ўтварыўся немэзацыклянічны сьмерч — такі, які ня мае сувязі з «навальнічнымі супэрячэйкамі», а ўзьнікае пад кучавымі дажджавымі аблокамі на мяжы плыняў паветра, якія ўзыходзяць і сыходзяць, і існуе толькі кароткі час.
Падобныя віхраслупы фіксуюцца ў Беларусі штогод, але штораз выклікаюць зьдзіўленьне відавочцаў. Напрыклад, такі бачылі год таму ў Добрускім раёне. Такое тарнада назіралі два гады таму на Шаркаўшчыне — тады відавочцы казалі, што бачылі, як «у небе парнік ляціць і побач сабака лапамі махае». Невялічкі сьмерч бачылі нават у менскіх Шабанах.
Днём раней прырода зьдзівіла беларусаў моцным градам на поўначы і захадзе Віцебскай вобласьці — відавочцы публікавалі «зімовыя» пэйзажы ў канцы траўня.