Сьвятыня паміж сьметнікам і палігонам. Актывісты ўшанавалі памяць беларускамоўнага ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага

Your browser doesn’t support HTML5

Актывісты руху салідарнасьці «Разам» 24 сьнежня наведалі ўрочышча Благаўшчына каля вёскі Вялікі Трасьцянец, дзе ўшанавалі памяць каталіцкага сьвятара Вінцэнта Гадлеўскага. Удзел у імпрэзе ўзялі актывісты руху: Вячаслаў Сіўчык, Аляксандар Макаеў, бард і паэт Зьміцер Захарэвіч, скульптар Алесь Цыркуноў — усяго каля дзесяці чалавек.

Каля крыжа Вінцэнту Гадлеўскаму яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, завязалі на крыжы бел-чырвона-белыя стужкі, запалілі зьнічы. Перад пачаткам ўдзельнікі прачыталі малітву.

Каталіцкі сьвятар Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і ідэоляг беларускага нацыяналізму

Лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, прамаўляючы да прысутных, нагадаў пра значнасьць асобы Вінцэнта Гадлеўскага, ягоны ўнёсак у разьвіцьцё беларускага дэмакратычнага руху, у станаўленьне беларускага касьцёлу, у папулярызацыю беларускай мовы. Таксама нагадаў гісторыю адкрыцьця імені Вінцэнта Гадлеўскага як значнай асобы і высьвятленьня ягонага месца гібелі, гісторыю ўсталяваньня крыжа ў ягоную памяць, аўтарам якога быў прысутны на імпрэзе Алесь Цыркуноў. У прыватнасьці Вячаслаў Сіўчык адзначыў:

«Усё сваё жыцьцё айцец Вінцэнт Гадлеўскі аддаў Беларусі. Ён быў вельмі вядомым яшчэ да вайны: быў удзельнікам Усебеларускага кангрэсу ў 1917 годзе, якім у выніку была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Ён быў вядомым сьвятаром і асьветнікам, ягоны асаблівы палітычны талент выявіўся падчас Другой усясьветнай вайны, калі ён стварыў моцнае беларускае падпольле. Вінцэнт Гадлеўскі сваёй дзейнасьцю падкрэсьліваў, што няма будучыні ў Беларусі за таталітарызмам. У тых неверагодна цяжкіх умовах ён адбудоўваў сваю беларускую дзяржаву, каб беларусы мелі рэлігійныя і агульначалавечыя правы».

Ушанаваньне памяці Вінцэнта Гадлеўскага стала традыцыйнай акцыяй памяці каталіцкага сьвятара, заснавальніка беларускага хрысьціянска-дэмакратычнага руху. Праводзяць яе штогод у дзень гібелі ксяндза 24 сьнежня.

У 1942 годзе сьвятара арыштавалі нацысты і затым расстралялі ва ўрочышчы Благаўшчына. У савецкі час на гэтым месцы зрабілі агульнагарадзкі сьметнік. Першая акцыя памяці Вінцэнта Гадлеўскага адбылася ў 2006 годзе.