Віцэ-прэм’ер прапанаваў забараніць будаваць дамы з паркоўкамі ў дварах. У Менску такія ўжо не праектуюць

Праект забудовы мікрараёна Лошыца-8 у Менску

Для Менску больш не праектуюцца жылыя кварталы, у якіх дазволена паркаваць аўтамабілі ў дварах, перадае агенцтва «Менск-навіны» заяву намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Фёдара Рымашэўскага.

Так, у новым мікрараёне Лошыца-8 паводле праекту будзе цалкам выключаная магчымасьць, каб аўто заехала ў двор — гэтаму будуць перашкаджаць самі будынкі. Рэалізаваць праект абяцаюць праз два гады.

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, як перадае БЕЛТА, наагул прапанаваў забараніць па ўсёй Беларусі праектаваць кварталы з паркоўкамі ў дварах. Паводле яго, паркоўкі павінны быць або пад зямлёй, або на зьнешняй мяжы кварталу, каб грамадзянам было ўтульна ўсярэдзіне двара.

Таксама Калінін прапанаваў аддаваць першыя паверхі жылых дамоў пад аб’екты сфэры паслугаў кшталту крамаў ці аптэкаў. Ён згадаў, што ў жылых дамах можна разьмяшчаць і дзіцячыя садкі, і амбуляторыі. Маўляў, Эўропа даўно перайшла на такія прынцыпы горадабудаўніцтва, а Беларусь адстала.

У Менску тым часам заплянавана рэзка павялічыць колькасьць платных парковак: вясной было 37, да канца году мае стаць больш за дзьве тысячы.