Рэабілітацыйны цэнтар «Вяртаньне» працуе ў складзе дабрачыннай рэлігійнай місіі Teen Chalenge, якая існуе з 1950-х гадоў і дзейнічае цяпер у 98 краінах сьвету. У Беларусі місія працуе з 1995 году і мае 13 такіх цэнтраў. Рэабілітацыйны цэнтар «Вяртаньне» каля Смалявічаў — адзін з двух, што на Меншчыне.
Змаглі навучыцца наркотыкі зварыць, змогуць навучыцца і суп
Жажэлка — невялікая вёска паміж Смалявічамі і Жодзінам, дзе ў асноўным дажываюць свой век старыя. У адным з падворкаў старой сялянскай хаты кіпіць праца: дзясятак дужых мужчын шуфлююць пясок, габлююць і кладуць дошкі, парадкуюць у двары.
«Гэта наш дом, зь якога ўсё пачыналася. Цяпер робім прыбудову да яго», — паказвае на хату кіраўнік цэнтру Аляксандар Ліпін і распачынае «экскурсію».
«Мы набылі гэты дом у дзеда, які выяжджаў да дзяцей у Менск. Напачатку тут і былі навучальныя клясы, кухня і спальныя пакоі. Але не было іншых важных рэчаў, таму перадусім збудавалі лазьню», — Аляксандар паказвае на дыхтоўны «гарадзкі» будынак з чырвонай цэглы.
Абсталяваньне ўсярэдзіне не саступае вонкавай аздобе: пральная машына, душ, парыльня і іншыя выгоды цывілізацыі. Побач з лазьняй — драўляны двухпавярховік.
«У гэтым дамку нашы спальні, і яго нам падарыў адзін бізнэсовец. Гэты дом стаяў у яго на лецішчы, ён думаў усю ноч, а пасьля патэлефанаваў і сказаў: „Забірайце“. Мы яго разабралі на бярвеньні, перавезьлі і склалі тут наноў».
На першым паверсе — заля для адпачынку: тут тэлевізар, дыхтоўныя крэслы, часопісны стол. На другім — спальныя пакоі: чыста, утульна, цёпла.
«Усё гэта — дабрачынная дапамога ахвярадаўцаў нашых і з-за мяжы. А на харчаваньне працуем і зарабляем самі».
Далей Аляксандар паказвае хлявы зь бясконцымі шэрагамі клетак — тут гадуюцца трусы. Камбікорм для трусінай фэрмы жыхары цэнтру вырабляюць самі, а бульбу вырошчваюць на ўласным прысядзібным участку, там жа косяць трусам сена. Частка мяса ідзе сабе на харчаваньне, а частка на продаж.
У іншым гадавальніку — чатыры аўчаркі:
«Напачатку мы займелі сабаку сабе на падворак, а пасьля набылі яму „сяброўку“. Калі зьявіліся сабачаняты і парачку прадалі, пабачылі, што мае сэнс разводзіць сабак», — распавядае Аляксандар гісторыю сабакаводзтва.
На прысядзібным участку, акрамя бульбы, — малады яблыневы сад. «Саджанцы нам ахвяравалі нашы палескія браты ў веры — фэрмэры зь Піншчыны», — працягвае гаспадар і запрашае на абед.
Сталоўка (яна ж навучальная кляса) разам з кухняй па-ранейшаму месьцяцца ў старой хаце. На сьценах — прыгожыя пано з вытрымкамі зь Бібліі, школьная дошка.
Перад абедам — абавязковая кароткая малітва. Кухар — 38-гадовы «рэабілітант» Аляксей — прапаноўвае мэню. Страва першая — суп з трусіным мясам, другая — макарона з каўбасой, далей — кампот, гарбата, квас.
На пытаньне, як «рэабілітанты» вучацца гатаваць, Аляксандар адказвае так:
«У нас прынцып просты: змаглі навучыцца наркотыкі зварыць, змогуць навучыцца зварыць і суп».
Пасьля абеду таксама кароткая малітва, але ўжо за Алега і кухара Аляксея, якія выпраўляюцца ў адпачынак.
«Я важыў 48 кіляграмаў і хацеў толькі аднаго — памерці»
Алег — 36-гадовы «выхадзец з цыганскага народу», як ён сам сябе называе. Кажа, што праз залежнасьць ад алькаголю страціў працу, жонка сышла, сваякі адвярнуліся, называючы «закончаным алкашом».
«Я зразумеў, што іншага выйсьця няма — нешта трэба мяняць у жыцьці. Сам я нічога зьмяніць ня мог, і таму прыйшоў да Бога». Алег кажа, што праз паўтара года ягонай рэабілітацыі ў сям'і стала ўсё наладжвацца. Сваю гісторыю Алег расказвае ўперамежку з частымі падзякамі Богу.
Гісторыя 36-гадовага «рэабілітанта» Аляксея і выключная, і тыповая адначасна. Мянчук паходзіць з зусім прыстойнай сям'і. Нават больш за тое — блізкія сваякі займалі і займаюць высокія дзяржаўныя пасады, таму Аляксей просіць не называць ягонага прозьвішча. Але сам ён — былы наркаман з дваццацігадовым стажам, мае шэсьць судзімасьцяў.
«У маім жыцьці было разбурана ўсё: ад мяне адвярнуліся сябры, сваякі, бо лічылі, што я ўжо прапаў. Я быў недагледжаны, я дзесяць гадоў не ўсьміхаўся, хоць вельмі люблю гэта рабіць: я забыўся, што такое ўсьмешка. Я ня бачыў будучыні, ня бачыў ніякіх пэрспэктыў і хацеў толькі аднаго — памерці», — прыгадвае гісторыю свайго навяртаньня Аляксей.
«Аднойчы ў тралейбусе мяне спаткала маці маёй сяброўкі і кажа: „Аляксей, зайдзі да нас, паеш, пагаліся, пераадзенься“. Я пайшоў, а яна мне кажа: „Ідзі на рэабілітацыю ў цэнтар, мая дачка прайшла, і ў яе ўсё ўжо добра“. Затым мы разам упершыню пайшлі ў царкву, і вось я тут».
Аляксей падцягвае рукавы сваёй курткі, паказваючы рукі, і расказвае далей: «Вось такія, як цяпер мае рукі, такія былі ногі, калі прыйшоў на праграму. Як з канцлягеру — я меў 48 кіляграмаў. Сёньня я ня тлусты, але маю ўдвая большую вагу. Вось ужо паўтара года я не ўжываю наркотыкаў, ня п'ю, не куру, не брыдкаслоўлю, не падманваю. Жыву паводле біблейскіх прынцыпаў — гэта тое, што дапамагло мне зьмяніцца».
Аляксей плянуе па завяршэньні курсу рэабілітацыі паступіць у тэалягічны каледж пры царкве, каб працаваць потым у такім жа рэабілітацыйным цэнтры і дапамагаць іншым залежным людзям.
«У 90-х было модна „калоцца“, а цяпер — трымацца здаровага ладу жыцьця, у тым ліку духоўнага»
Праграма Цэнтру рэабілітацыі складаецца зь дзьвюх частак: праца і навучаньне. Гэта значыць вучоба, душпастарскія размовы альбо работа з псыхолягам, а таксама працатэрапія. Жыхары цэнтру, якія самі сябе называюць «рэабілітантамі», разам з тэолягамі чытаюць Біблію, слухаюць казані і выяжджаюць у Менск на супольныя службы. Супрацоўнікі Цэнтру рэабілітацыі — у мінулым таксама людзі залежныя і калісьці праходзілі курс рэабілітацыі.
Мой «экскурсавод» і дырэктар цэнтру Аляксандар Ліпін — зь іх ліку. Адзінаццаць гадоў таму праходзіў гэткі ж курс у Воршы.
«Я мог памерці, я паміраў, я быў мёртвы. Я ў маладосьці займаўся спортам, здавалася, моцны, усё магу перамагчы, а аказалася, што слабы», — апавядае сваю гісторыю Аляксандар.
«Але Госпад прыйшоў і дакрануўся: у адзін момант зразумеў, што не хачу і не магу красьці. Раней я ганарыўся, што ні дня не працаваў. А цяпер, калі жонка распытвае, як я жыў, як я разважаў, мне сорамна згадваць».
Цяпер Аляксандар — ня толькі дырэктар «Вяртаньня» ў Смалявічах і адказны за праграму Teen Chalenge у Менскай вобласьці, але і студэнт тэалягічнага каледжу. Таму разважае як чалавек і з жыцьцёвым, і з навуковым досьведам.
«Чалавек прыходзіць сюды навучыцца жыць па-новаму, а таксама вызваліцца ад звычак, якія кантралююць ягонае жыцьцё, — кажа Аляксандар. — Я заўсёды папярэджваю тых, хто да нас прыходзіць: гэты цэнтар — для залежных людзей. Калі вы лічыце сябе чалавекам вольным ад залежнасьці, то гэтая праграма не для вас. Бог сказаў, што прыйшоў, каб змучаных вызваліць, а вы і так на свабодзе. Пакуль вы не прызнаеце сваёй залежнасьці і няздольнасьці яе перамагчы, вам цяжка будзе зразумець важнасьць і патрэбнасьць праграмы „Вяртаньне“. Перадусім чалавек павінен усьвядоміць, што ўсё, да чаго ён дайшоў — да наркотыкаў, алькаголю — гэта наступствы ягонага бязладнага жыцьця. Інакш выніку ня будзе — рана ці позна ён пакіне цэнтар і вернецца да ранейшага жыцьця».
Дзень у рэабілітацыйным цэнтры пачынаецца разборам Бібліі, малітвай і духоўнымі разважаньнямі. Двойчы на тыдзень — супольная малітва ў менскай царкве. За навучальную частку адказвае настаўнік Дзьмітры, які таксама навучаецца ў тэалягічным каледжы. У свой час Дзьмітры разам з жонкай былі першай сямейнай парай, якая прайшла праграму рэабілітацыі ад нарказалежнасьці.
«Людзі аздараўляюцца ня цудам, а праз тое, што вучацца жыць паводле біблейскіх прынцыпаў, — працягвае Аляксандар. — Калі мы молімся малітвай „Прабач нам грахі, як і мы прабачаем“ — мы што, чараўніцтвам займаемся? Не, гэтая „тэорыя“ ўкладаецца ў практыку: ідзі і папрасі прабачэньня за грубасьць. Адзін раз пайшоў, другі, трэці — і ў чалавека выпрацоўваецца звычка паводзіцца па-боску. А тое, што наркаманы і алькаголікі ня ляскаюць дзьвярыма і не зьяжджаюць, выпрацоўваюць гэтую звычку — вось гэта сапраўдны цуд.
Вось Максім: 17 гадоў хлопцу, а ў яго за плячыма ўжо шэсьць гадоў „клею“ і тры гады спайсу. Мог бы зьехаць, назваўшы ўсё клаўнадай і не жадаючы адпрацоўваць лішнія гадзіны ў якасьці „штрафных санкцыяў“. А ён застаецца і адпрацоўвае, і гэта сапраўдны цуд».
На пытаньне, ці ўсё ж бываюць канфлікты і непаразуменьні, Аляксандар адказвае так:
«Здараецца, што некаторыя патрабаваньні даводзіцца выстаўляць вельмі цьвёрда. Здараецца, кажу: даю ўсім ноч на развагі, а ранкам ці жывём далей, ці ўсіх разганяем і пачынаем усё спачатку. Мы — пэрсанал — будзем самі трусоў карміць, сабак даглядаць. А раніцай усе застаюцца... У 90-х гадах было модна „калоцца“, а цяпер — трымацца здаровага ладу жыцьця, у тым ліку духоўнага».
На разьвітаньне Аляксандар просіць асабліва падкрэсьліць, што Цэнтар рэабілітацыі заснаваны царквой. І прычына аздараўленьня хворых — ня «сіла волі», як кажуць некаторыя журналісты, а сіла Божая: малітва, слова Божае і жыцьцё паводле Эвангельля. «На чале ўсяго — адкрыцьцё Бога, што кожны чалавек — стварэньне Божае, якое мае сваё асабістае прызначэньне на зямлі».
Місія «Вяртаньне» ў Смалявічах працуе шэсьць гадоў. За гэты час рэабілітацыю прайшлі 80 чалавек. Зь іх 70% вызваліліся ад сваіх хвароб і залежнасьцяў, вярнуліся ў сем'і і грамадзкае жыцьцё.