Вярхоўны суд Беларусі сёньня вынес адмоўны вэрдыкт па скарзе былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Цярэшчанкі.
Спадар Цярэшчанка, якога Цэнтральная выбарчая камісія не зарэгістравала ў якасьці кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду, папрасіў у Вярхоўным судзе, каб яму далі магчымасьць азнаёміцца з арыгіналамі падпісных лістоў. Ён дагэтуль ня верыць, што са 130 тысяч подпісаў, якія сабрала яго ініцыятыўная група, сапраўдных было толькі каля 7 тысяч.
Суд задаволіў хадайніцтва Цярэшчанкі. І таму ў паседжаньні абвясьцілі перапынак.
Пасьля знаёмства з матэрыяламі спадар Цярэшчанка сказаў Свабодзе:
«Канечне, усіх падпісных лістоў мне не паказалі. Як і копіяў. Усё зроблена выбарачна.
Паказалі мне падпісны ліст з 16 подпісамі. Там усё правільна, акрамя аднаго — усе пашпартныя дадзеныя на 16 чалавек ліпавыя. Я добра ведаю гэтага зборшчыка подпісаў. Ну ня мог ён так зрабіць. Нешта тут ня тое. Цьмяная гісторыя.
Мне падалося, што ў суд далі тую частку подпісаў, дзе сапраўды былі нейкія памылкі
Мне падалося, што ў суд далі тую частку подпісаў, дзе сапраўды былі нейкія памылкі. Ну, напрыклад, лісты, дзе ўсё правільна, але няма подпісу зборшчыка подпісаў.
Але галоўнае ў тым, што мне не далі паглядзець усе лісты. Таму я лічу, што высьветліць усю праўду немагчыма».
Віктар Цярэшчанка пацьвердзіў Свабодзе, што заўтра аб 11-й гадзіне ён праводзіць прэсавую канфэрэнцыю, на якой падрабязна распавядзе і пра спробу яго атруціць, і пра праверку подпісаў, якія сабрала ягоная ініцыятыўная група.
Віктар Цярэшчанка 9 верасьня заявіў, што выходзіць з прэзыдэнцкай кампаніі. Адначасова ён заклікаў трох кандыдатаў, якія застаюцца патэнцыйнымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі, «ня пэцкаць сваё чэснае імя і зьняць свае кандыдатуры з будучых фальшаваных выбараў». Аднак Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч працягваюць выбарчую гонку.
Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй.
Акрамя цяперашняй выбарчай кампаніі, Віктар Цярэшчанка спрабаваў балятавацца на пасаду прэзыдэнта на выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў. Аднак толькі ў 2010 годзе быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле афіцыйных дадзеных Цэнтравыбаркаму, за яго прагаласавалі 1,19% выбарцаў.