3 сакавіка ў Менску памерла прафэсар, доктар філялягічных навук Валянціна Лемцюгова.
Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваеньня назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, запісу іх лацінкаю і перадачы на іншых мовах. Аўтарка больш як 200 навуковых прац, слоўнікаў. Была навуковым рэдактарам і адным з суаўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы „Нашай Нівы“» ў 5 тамах.
Валянціна Лемцюгова нарадзілася ў 1935 годзе ў Ленінградзкай вобласьці побач зь фінскай мяжой у сям’і выхадцаў з Магілёўшчыны. Пасьля вайны сям’я вярнулася ў Беларусь. У 1961 годзе Валянціна Лемцюгова скончыла БДУ. Працавала выкладчыцай беларускай, расейскай і нямецкай моў у школах Валожынскага раёну.
З 1961 году працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Была старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Цыхун: Лемцюгова займала прынцыповую пазыцыю ў анамастыцы
Прафэсар, доктар філялягічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік аддзелу славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Цыхун працаваў разам з Валянцінай Лемцюговай амаль паўстагодзьдзя.
«Валянціна Пятроўна заўсёды займала прынцыповую, вельмі правільную пазыцыю што да тых зьменаў, якія адбываюцца ў анамастыцы нашай, і ў гарадзкой таксама. Я мяркую, што чалавек заслужыў шмат добрых слоў і павагу за сваю цьвёрдую пазыцыю, калі былі даволі непрыемныя тэндэнцыі ў адносінах да зьмяненьня нашых назваў, і народных, і прынятых. Я лічу, што яна была вельмі цьвёрдым, прынцыповым навукоўцам», — кажа прафэсар Генадзь Цыхун.
А адстойваць сваю пазыцыю было нялёгка, у той час чыноўнікі былі настроеныя так, што ўсё можна лёгка мяняць, заўважае спадар Цыхун.
«Яе апошнія публікацыі перад тым, як яна пайшла з Інстытуту мовазнаўства, сьведчаць пра тое, што яна вельмі аргумэнтавана і прынцыпова адстойвала сваю пазыцыю, што гэта помнікі нашай мовы, нашай культуры і трэба іх ахоўваць.
Валянціна Пятроўна адстойвала і беларускую лацінку. Некалі нас выклікалі ў Міністэрства замежных спраў, калі ў пашпартах сталі пісаць прозьвішчы па-ангельску. Мы адстойвалі беларускую лацінку, а два супрацоўнікі, якія раней працавалі ў ААН, сталі даказваць, што ўвесь сьвет выкарыстоўвае ангельскую мову. Дык вось цяпер даволі сьмешная сытуацыя. Я сваё прозьвішча ў індэксе цытаваньня знаходжу ў чатырох месцах».
Вячорка: Бараніла беларускую лацінку
Мовазнаўца Вінцук Вячорка перакананы, што Валянціна Пятроўна Лемцюгова — адна з тых, хто ўратаваў і ўвасобіў гонар беларускага мовазнаўства. Яна ўзор беларускай інтэлектуальнай эліты.
«У падмурак беларускай гуманістыкі ляглі яе фундамэнтальныя працы — дасьледаваньні беларускай айканіміі (назваў паселішчаў), рэдагаваныя ёю слоўнік мовы гістарычнай „Нашай Нівы“, які вярнуў нам дух і матэрыю мовы пачынальнікаў новай беларушчыны, шасьцітамовы даведнік „Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь“, укладзены паводле рэальнага народнага называньня нашых гарадоў і вёсак — як Мёры, як варыянтная назва Наваградак», — кажа Вінцук Вячорка.
Дасягнуўшы міжнародна прызнанага посьпеху як акадэмічны навуковец, спадарыня Лемцюгова адважна змагалася за навуковую праўду і за беларускі інтарэс на дзяржаўным полі: тапанімічны даведнік мае нарматыўны статус.
«Гэта ў вялікай ступені заслуга Валянціны Пятроўны, што закон „Аб назвах геаграфічных аб’ектаў“ патрабуе надаваць нашым тапонімам перш беларускія назвы, а ўжо потым трансьлітараваць іх на іншыя мовы. Гэта прафэсар Лемцюгова дамаглася таго, каб была прынятая трансьлітарацыя беларускіх тапонімаў лацінскай графікай з частковым выкарыстаньнем беларускай лацінкі».
Вінцук Вячорка перакананы, што навукова абгрунтаваная і эмацыйная водпаведзь тагачаснаму менскаму чыноўніку Ігару Карпенку, які дамагаўся скасаваньня прыярытэту беларускай мовы ў называньні гарадзкіх аб’ектаў, увойдзе ў хрэстаматыі публіцыстыкі ў абарону беларушчыны.
Роўна 5 гадоў таму, 5 сакавіка 2013 году, Валянціна Лемцюгова напісала адкрыты ліст тагачаснаму намесьніку старшыні Менгарвыканкаму Ігару Карпенку «Не перавяліся дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае».
На думку Вінцука Вячоркі, Валянціна Пятроўна не належала да катэгорыі гермэтычных вучоных. Яна канвэртавала свае акадэмічныя веды ў навукова-папулярную форму, як у захапляльнай кнізе пра гісторыю назваў «Тапонімы распавядаюць».
«Яна падказвала і мне каштоўныя рэчы, зьвязаныя зь дзейнасьцю Анамастычнай камісіі ТБМ (гэта яе ідэя — перайменаваць Тапанімічную камісію ў Анамастычную, каб пашырыць клопат з назваў паселішчаў на ўсе ўласныя назвы, у тым ліку імёны і прозьвішчы людзей). Кансультавала мяне перад адказнай міжнароднай канфэрэнцыяй, дзе абмяркоўваліся праблемы трансьлітарацыі назваў — і на якой зрабіў фурор дадзены ёю мне том тапанімічнага даведніка „Менская вобласьць“, дзе ў ролі трансьлітарацыі традыцыйная беларуская лацінка. І калі проста па-людзку — добры, чулы, адказны чалавек», — кажа Вінцук Вячорка.
Анісім: Яна была добразычлівым чалавекам
Мовазнаўцу, а цяпер дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім Валянціна Лемцюгова, як загадчык аддзелу лексыкалёгіі, у 1991 годзе ўзяла на працу ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа.
«Зь яе імем зьвязана шмат важных для Беларусі і нашай філялягічнай навукі дасьледаваньняў. Але для мяне найперш яна была добразычлівым чалавекам, унікальнай жанчынай, выдатным навукоўцам, сапраўднай беларускай патрыёткай. Дастаткова прыгадаць, як яна адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, у якім прапісана, што спачатку назва даецца на беларускай мове», — кажа Алена Анісім.