Вядоўца тэлеканалу АНТ Дзьмітры Урангель выдаліў са свайго Instagram-акаўнту здымкі ў саколцы з Пагоняй. Урангель праігнараваў просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць гэтую сытуацыю.
Фота зьявілася ў сеціве 30 чэрвеня і ўмомант разьляцелася па Байнэце.
Тады Урангель сказаў, што фота ня можа стаць прычынай праблем на працы:
«Гэта некалі было некамільфо, хадзіць з „Пагоняй“. Цяпер усё наадварот. Мне перш даводзілася ўтойваць, што мне падабаецца „Пагоня“, а цяпер я бачу — усё ў парадку. Усе вельмі хутка пераабуваюцца, я бачу. І кіраўніцтва пераабулася вельмі хутка. На маёй працоўнай кніжцы такi ж сымбаль. Я часам у горад выходжу ў гэтай саколцы, ніколі з АМАПам ці міліцыяй не было праблем. Ніхто мяне не штурхае, усё добра!»
Дзьмітры Урангель — аўтар перадачы пра падарожжы «Прыгоды капітана Урангеля» на тэлеканале АНТ. Нагадаем, што ў лютым кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька зьявіўся ў футболцы з «Пагоняй» у перадачы «Клюб рэдактараў».