Суд Маскоўскага раёну Менску 18 жніўня пакараў штрафам 50 базавых велічынь (1050 рублёў) актывіста Вячаслава Касінерава.
Актывіст браў удзел у пікеце сяброў роварнага руху «Крытычная маса» ў падтрымку раварыстаў — «Мы не перашкода руху, мы яго частка».
На яго склалі пратакол за «паўторнае парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства цягам году пасьля накладаньня адміністратыўнага спагнаньня», паведамляе "Вясна".
У той дзень Вячаслава затрымалі і даставілі ў Маскоўскі РУУС, дзе яго трымалі тры гадзіны. Празь некаторы час на тэлефон актывісту прыйшло смс-паведамленьне пра выклік у суд.
Вячаслаў Касінераў віны не прызнаў. Ён сказаў, што ня ўдзельнічаў у пікеце, а толькі дапамагаў усталёўваць расьцяжку, якую, аднак, поўнасьцю не разгарнулі.
Раней Вячаслава Касінерава аштрафавалі на 40 базавых велічынь (840 рублёў) за ўдзел у адным зь пікетаў у падтрымку ўдзельніка акцыі раварыстаў «Крытычная маса» Зьмітра Паліенкі, які цяпер пад сьледзтвам.