Адзін з актывістаў беларускай апазыцыі, які апошнія гады быў у эміграцыі ва Ўкраіне, сёньня вярнуўся ў Менск.
На вакзале Вячаслава сустрэлі жонка, маці і сябры.
«Не зьбіраюся мяняць сваё жыцьцё, не зьмяняюся сыходзіць з палітыкі, ужо 17 верасьня буду прымаць удзел у акцыі ў Менску», — заявіў Вячаслаў Сіўчык у інтэрвію Свабодзе. Цалкам інтэрвію чытайце неўзабаве на сайце Свабоды.
Сваё рашэньне вярнуцца на радзіму Вячаслаў Сіўчык зьвязаў з чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі і зазначыў, што апазыцыі трэба скарыстацца зьмяненьнем сытуацыі ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны. Раней рух салідарнасьці «Разам», які ўзначальвае Сіўчык, падтрымаў вылучэньне палітвязьня Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты.
Цяперашнія выбары Вячаслаў Сіўчык назваў фарсам:
«Нічога ня думаю пра выбары і кандыдатаў. Бо, на жаль, беларуская нацыя пазбаўлена права выбіраць уладу. Рух салідарнасьці „Разам“ гэтую кампанію заўсёды лічыў выбарчым фарсам і расцэньвае гэта як зьдзек зь беларускай нацыі. Таму будзем дамагацца, каб беларуская нацыя мела права выбіраць уладу».
Вячаслаў Сіўчык зьехаў у Кіеў пасля выбараў 2010 году. У Кіеве ён удзельнічаў у акцыях салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і ў Эўрамайдане.
На мінулым тыдні ў Беларусь з палітычнай эміграцыі ў Чэхіі вярнуўся экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч.