Васіля Лявонава пахавалі на вясковых могілках у Строчыцах

Your browser doesn’t support HTML5

Разьвіталіся з Васілём Лявонавым

У Менску адбылося разьвітаньне з былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым. Ён адышоў у вечнасьць напярэдадні на семдзесят сёмым годзе жыцьця. Прадстаўнікі ўлады ў цырымоніі разьвітаньня ня ўдзельнічалі.

Памінальную малітву за Васіля Лявонава праваслаўны сьвятар правёў у вёсцы Прылуцкая Слабада, што каля Менску — у доме, дзе нябожчык жыў апошнім часам. Афіцыйнае разьвітаньне прайшло ў суседняй вёсцы Шчомысьліца — труну там паставілі ў доме культуры. Разьвітацца з колішнім міністрам прыйшлі ягоныя тагачасныя калегі і паплечнікі. Адзін зь іх — былы кіраўнік ураду Міхаіл Чыгір, які сказаў пра Васіля Лявонава:

«Ён, як і Старавойтаў, разумеў, што калгасна-саўгасная сыстэма сябе вычарпала, быў настойлівым прыхільнікам рэформаў у сельскай гаспадарцы. Ну, і на гэтай глебе, улічваючы, што ў Лукашэнкі іншыя погляды, ён мусіў сысьці — кайданкі былі толькі сродкам адхіленьня ад улады. Думаю, што калі б мы пайшлі шляхам, які прапаноўваў Васіль Лявонаў, то сёньня б мы мелі іншую сельскую гаспадарку. Так, паказчыкі ёсьць, аб’ёмы ёсьць, але ж сабекошт калясальны, ёсьць праблемы са збытам. Шкада, што патэнцыял гэтага чалавека ня быў выкарыстаны. Як заўсёды, падступная хвароба не разьбірае. І шкада, што забрала ў нас такога цудоўнага чалавека».

Разьвітаньне з Васілём Лявонавым

Жыцьцёвы шлях Васіля Лявонава — гэта і партыйнае кіраўніцтва на Магілёўшчыне, і бытнасьць дэпутатам Вярхоўнага Савету, і пасада міністра сельскай гаспадаркі. З высокай пасады трапіў за краты на тры гады, калі выступіў з прапановамі аб вызваленьні сельскай гаспадаркі ад камандна-адміністрацыйных мэтадаў і аб іншых рэформах. Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, прыйшоўшы на разьвітаньне, таксама перадусім адзначыў дзелавыя якасьці Васіля Лявонава, неардынарнасьць ягонай асобы як чалавека і кіраўніка:

«Я думаю, што тыя станоўчыя пераўтварэньні, якія адбыліся ў Беларусі, адбыліся зь ягоным удзелам. Ён дапамагаў мне знаходзіць у партнамэнклятуры нармальных людзей, каб прымаць тыя рашэньні, на якіх базуюцца сёньняшнія станоўчыя вынікі, дэмакратычны падыход — тое, што пасьля было зруйнавана Лукашэнкам, усё было зроблена такімі людзьмі, як Лявонаў. Была вялікая несправядлівасьць, што ён быў пакараны, бо ён быў невінаваты. Ён хацеў быць нармальным міністрам сельскай гаспадаркі, у адрозьненьне ад тых паслухмянцаў, якія ёсьць цяпер. Але ў нас гэта немагчыма, бо цяпер існуе прынцып: я начальнік — ты дурань. А ён дурнем не хацеў быць, бо быў разумнейшы за сваіх начальнікаў».

Да труны зь целам Васіля Лявонава зь вянкамі і кветкамі ішлі былы дырэктар Трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў, цяперашні першы сакратар амбасады ЗША Крыстафэр Паніка, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і многія іншыя. Група людзей чыноўніцкага выгляду прынесьлі вянок ад Менскага аблвыканкаму і, пастаяўшы некалькі хвілін, сышлі. Прыйшоў таксама былы так званы «загадчык гаспадаркі» Лукашэнкі Іван Ціцянкоў, больш вядомы шырокай грамадзкасьці па тым, што ўласнаручна разьдзіраў на будынку адміністрацыі бел-чырвона-белы сьцяг і ставіў на ім свой подпіс. У інтэрвію Свабодзе Ціцянкоў выказаў спадзяваньне, што хтосьці з чыноўнікаў прыйдзе яшчэ, але гэтыя спадзяваньні ня спраўдзіліся. Прамоўцы каля труны таксама адзначылі гэты факт, назваўшы яго чынавенскім страхам. Лідэр руху «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў на разьвітаньне прачытаў верш і сказаў у інтэрвію Свабодзе:

«Сёньня мы разьвітваемся з маштабным чалавекам, з адным з найлепшых сыноў Беларусі, з тым, хто мог бы быць яе кіраўніком. Няважна, прэзыдэнтам ці кіраўніком ураду — кіраўніком, бо ён гаспадар, самастойная асоба. І тады б мы мелі іншую сучасную гісторыю. Але ёсьць тое, што ёсьць. Кажуць, што Бог распараджаецца намі, але мы распараджаемся нашымі лёсамі, нашымі ўчынкамі. Лёс і ўчынкі Васіля Лявонава заслугоўваюць таго, каб праводзіць яго ў апошні шлях з найвялікшай увагай і найвялікшай пашанай».

Пахавалі Васіля Лявонава на вясковых могілках у суседняй вёсцы Строчыцы.

Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў нарадзіўся 16 красавіка 1938 ў вёсцы Дубянец у Магілёўскай вобласьці. У 1964 скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі, а потым Менскую найвышэйшую партыйную школу.

Напрыканцы 80-х Лявонаў быў першым сакратаром Магілёўскаму абкаму КПБ. У 1984-1989 быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, пазьней — дэпутатам і старшынём Мандатнай камісіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня.

Падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі ў 1994 Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў Вячаслава Кебіча, аднак нягледзячы на гэта, прыняў прапанову Аляксандра Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Васіль Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверкі.

Васіль Лявонаў пасьлядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаваньні сельскай гаспадаркі, накіраванай на рэфармаваньне калектыўнай уласнасьці, далучэньне сельскай гаспадаркі да рынкавай эканомікі, яе вызваленьне ад камандна-адміністрацыйных мэтадаў, што і сталася асноўнай прычынай ягонага арышту ў 1997 годзе.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў за кратамі ў клетцы ў залі суду

Ён быў арыштаваны 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінэце. Эксміністру былі прад’яўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 91.1 — «крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах», арт. 169 — «атрыманьне хабару» і арт. 213 — «незаконнае захоўваньне баявых прыпасаў і зброі». На судзе сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў. Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай, ня верыць у справядлівасьць суду, бо, па яго меркаваньні, яго будзе судзіць ня суд, а асабіста А. Лукашэнка. Лявонаў быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ды пакараны 4 гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Васіль Лявонаў пакутаваў на шэраг цяжкіх хранічных захворваньняў. Стан яго здароўя падчас зьняволеньня значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў. Вызвалены 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.

У 2001 г. узначаліў аргкамітэт руху «За новую Беларусь». Лявонаў стаў адной з ключавых фігураў у працэсе абраньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.