18 гадоў таму зьніклі Ганчар і Красоўскі

Патрэты Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага на адной з акцый салідарнасьці

16 верасьня 1999 году ў Менску пры нявысьветленых абставінах зьніклі апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Актывісты АГП штогод прыходзяць у гэты дзень з кветкамі да месца іх зьнікненьня — лазьні на вуліцы Фабрычнай.

«Выкраданьне і забойства Ганчара, Красоўскага, Захаранкі — гэта злачынства, і тут ня можа быць ніякага кампрамісу. Выканаўцы, арганізатары і замоўцы павінны сядзець на лаве бесстаронняга незалежнага суду. І нават калі хтосьці з гэтага пераліку пойдзе з жыцьця, на магіле ягонай варта напісаць: „Забойца“, бо найдаражэйшае, што ёсьць у чалавека, — гэта жыцьцё, і ніхто ня мае права на яго пасягаць. Тым больш калі людзей забіваюць за іхныя палітычныя погляды, за іхныя прынцыпы», — кажа старшыня АГП, паплечнік Ганчара і Красоўскага Анатоль Лябедзька.

Увечары 16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар і яго сябар Анатоль Красоўскі прыехалі ў менскую лазьню на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі» Красоўскага.

Потым на месцы гвалтоўнага выкраданьня былі знойдзеныя сьляды крыві Віктара Ганчара, аскепкі шкла і задняга ліхтара аўтамабіля.

Сьведкі распавядалі, што напярэдадні бачылі чырвоны «БМВ», у якім сядзелі тры чалавекі; працаўніца лазьні чула крыкі, шум, мужчынскія галасы.

Крымінальную справу па факце зьнікненьня Ганчара і Красоўскага пачала пракуратура Менску. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказаньняў сьведак, дае падставу меркаваць, што Ганчара і Красоўскага гвалтоўна выкралі невядомыя асобы.

5 сьнежня 2002 году суд Савецкага раёну Менску прызнаў Віктара Ганчара зьніклым бязь вестак. У студзені 2003-га сталічная пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

21 лістапада 2000 году начальнік упраўленьня крымінальнай міліцыі МУС генэрал-маёр Мікалай Лапацік у рапарце на імя міністра Навумава апісаў падрабязнасьці выкраданьня Ганчара, Красоўскага, а таксама былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі групай спэцназу на чале з камандзерам часткі № 3214 Паўлічэнкам. Ён нават пазначыў месца пахаваньня — спэцыяльны ўчастак на Паўночных могілках. Пісаў рапарт і тагачасны начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў — наконт «расстрэльнага пісталета», які выдаваўся напярэдадні зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

І праз 18 гадоў справы зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага не раскрытыя.

Грамадзкасьць, сваякі зьніклых, міжнародная супольнасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя з палітычных матываў, і падазраюць, што да іх выкраданьня маюць дачыненьне найвышэйшыя службовыя асобы краіны.

На думку прадстаўнікоў апазыцыі і праваабаронцаў, рэальнае расьсьледаваньне гэтых гучных зьнікненьняў можа аднавіцца толькі ў выпадку зьмены ўлады. У справаў зьнікненьня людзей няма тэрміну даўніны, лічаць праваабаронцы і палітыкі.