На Дзень закаханых Свабода зьвярнулася да тых, чые любыя вядуць у Беларусі ня самую бясьпечную дзейнасьць — палітычную.
Жонка Міколы Статкевіча Марына ўпэўнена кажа Свабодзе, што ніколі не хацела б, каб муж працаваў, напрыклад, інжынэрам на заводзе ці школьным настаўнікам: «усё роўна выбіраеш чалавека, зь якім ты ў плыні, зь якім вы глядзіце ў адзін бок». А адгаворваць мужа, калі ён задумвае нейкую палітычную акцыю, «было б сьмешна і недарэчна».
Яна прыгадвае, што знаёмства з будучым мужам было зьвязанае не з палітыкай, а хутчэй з «добрым ветрам пераменаў» на пачатку 1990-х. Спадарыня Марына сумняваецца, што бывае так, каб «сямʼя асобна — палітыка асобна»: яны з мужам дзеляцца рознымі думкамі, у тым ліку пра палітыку. З мужам яна мае багата агульнага, любіць доўгія прагулкі разам.
А калі муж раптам стане дзяржаўным дзеячом ці службоўцам, Марына ня думае, што жыцьцё стане больш прыемным: «гэта цяжкая праца, якая вымагае ад чалавека поўнай аддачы». Але што муж ад яе тады «сыдзе ў працу», не баіцца.
Жонка Андрэя Дзьмітрыева Тацяна кажа, што заўсёды падтрымлівае мужа ў ягонай дзейнасьці, падтрымае і тады, калі ён пойдзе на дзяржаўную службу. Разам зь дзецьмі яна «арганізуе яму тыл», хоць бывае, што ёй не хапае мужа, а дзецям — таты.
«Наколькі можа, ён дае нам увагу — хацелася б так думаць. Але хто ж яму дазволіць пайсьці зусім?» — сьмяецца Тацяна.
З мужам яна пазнаёмілася незалежна ад палітыкі, але абмяркоўвае зь ім палітычныя навіны. Супольныя інтарэсы шырэйшыя за палітыку: і музыка, і кіно, і спорт — нядаўна каталіся разам на сноўбордзе. І яна спадзяецца ад мужа на сюрпрыз на Дзень сьвятога Валянціна.
Сьвятлану і Паўла Вінаградава пазнаёміў агульны сябра, калі яны разам былі ў руху «За свабоду». Пáры давялося брацца шлюбам у калёніі, калі Павал сядзеў за «арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках» пасьля Плошчы-2010. Сьвятлана кажа, з мужам ёй жывецца добра: ужо прывыкла да ўсяго.
«Калі яму падабаецца гэтым займацца, калі ён адчувае сябе шчасьлівым — я толькі „за“! Калі б я яму казала, чым займацца, ён рабіў бы гэта без ахвоты, было бы кепска», — разважае Сьвятлана.
Калі муж ідзе на акцыю, нічога незвычайнага не адбываецца, кажа яна: часам ходзіць зь ім, часам проста чакае яго дома, займаючыся сваімі справамі. Калі не ідзе з мужам, вядома, хвалюецца і пэрыядычна стэлефаноўваецца зь ім, але не баіцца. Палітыка — не адзіны іх супольны інтарэс: напрыклад, кажа Сьвятлана, яны любяць разам гуляць у відэагульні, ды не за рознымі кампутарамі, а за адным, у адной камандзе.
Яны з мужам не адзначаюць Дзень сьвятога Валянціна, бо, як кажа Сьвятлана, ня бачаць асаблівага сэнсу ў гэтым дні: «Калі кахаеш чалавека, калі хочаш зрабіць прыемнае, робіш яму падарункі ў любы дзень, а ня раз на год».
Чытайце таксама:
«Я адзіная ведала, хто такі Джон Сільвэр», — жонка Эдуарда Пальчыса
На Дзень сьвятога Валянціна Дашкевічы пякуць пірог, Севярынец паехаў па цукеркі
Эрас, агапэ, філія: пра паганскія карані Дня сьвятога Валянціна і насьцярожанасьць царквы