У адной зь менскіх школ бацькам прапанавалі зрабіць разам зь дзецьмі валянцінкі для Аляксандра Лукашэнкі і іншых дзяржаўных дзеячаў.
Прапанаваны сьпіс асобаў для «напісаньня валянцінак кумірам» апублікаваў у Фэйсбуку бацька аднаго з школьнікаў Кастусь Лісецкі.
Акрамя Лукашэнкі ў сьпісе прысутнічаюць Андрэй Кабякоў, Аляксандар Косінец, Ігар Бузоўскі, Натальля Качанава ды іншыя.
У камэнтары Свабодзе Кастусь Лісецкі адзначыў, што гэты сьпіс яму даслала клясная кіраўніца. «Наагул гэта не толькі ў нашай школе, гэта будзе раённы конкурс валянцінак», — дадаў ён.
Намесьнік начальніка аддзелу выхаваўчай і ідэалягічнай працы камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Надзея Вялікая сказала карэспандэнту Свабоды, што цяпер вывучаецца інфармацыя пра валянцінкі, якую распаўсюдзілі СМІ:
— Мы цяпер вывучаем гэтае пытаньне і таксама хочам даведацца, хто і каму гэта прапаноўвае. Мы самі займаемся гэтым пытаньнем.
— То бок вы не давалі такіх распараджэньняў — рабіць валянцінкі Лукашэнку і іншым чыноўнікам?
— Ну пра што вы кажаце?! Галоўнае — гэта адукацыйны працэс, якія валянцінкі? Цяпер будзем шукаць, дзе такое адбываецца, нам самім цікава. Мы хочам ведаць, хто арганізатар, пра што гэтыя валянцінкі. Таму пакуль даваць нейкія камэнтары заўчасна.