Вайсковыя могілкі сталі чарговым полем змаганьня за памяць.
Але рэдка гаворыцца пра Вайсковыя могілкі як моўны помнік. І наагул беларуская эпітафіка з мовазнаўчага гледзішча — пакуль ледзь аранае поле.
Між тым толькі Кальварыйскія і Вайсковыя могілкі — гістарычныя гарадзкія нэкропалі, якія памятаюць Менск як сталіцу БНР і як галоўны горад міжваеннай БССР. І толькі на Вайсковых, Кальварыйскіх і Ўсходніх беларускіх эпітафіяў дастаткова, каб аналізаваць іхныя моўныя асаблівасьці.
Важна, якую мову блізкія памерлага сьвядома выбіралі для надпісу. Родзічы адказна ставяцца да эпітафіі; часам і канфлікты бываюць. Калі выбіраюць беларускую мову — значыць, яна для іх мае высокі сацыяльны статус. Але ж ня менш цікавыя і стыхійныя, г. зв. непісьменныя напісаньні — калі пісалі як умелі, за жывым маўленьнем.
Шматмоўны нэкропаль
Прыкладам, на Вайсковых пабачым усе чатыры афіцыйныя ў міжваенную пару мовы — беларускую, ідыш, польскую і расейскую. Ужо хаця б таму могілкі ўнікальныя.
А плюс яшчэ царкоўнаславянскую (помнікі сьвятарам і манашкам); францускую (помнік цешчы Янкі Купалы Эміліі Манэ-Станкевіч; аўтэнтычны помнік памянялі на новы, з сумнеўным напісаньнем імя і „выпраўленьнем памылак“); ангельскую (сьціплы помнік супрацоўніцы гуманітарнай місіі ААН амэрыканцы Рут Ўолер, якая, выратаваўшы зь ледзяной вады двух беларускіх хлопчыкаў, захварэла і памерла); армянскую (знак памяці ахвяраў землятрусу ў Сьпітаку, дзе надпіс таксама і па-беларуску).
Беларускамоўных помнікаў магло быць значна болей. Але знакамітыя навукоўцы, творцы і палітыкі міжваеннай пары, якія маглі мірна спачыць там пад беларускімі эпітафіямі, ляглі ў курапацкія ямы або ў вечную мерзлату.
Настаўнік Каленчыц са Случчыны
Вельмі каштоўныя надпісы па-беларуску над магіламі знакамітых творцаў і дзеячоў беларускае культуры й палітыкі. Але для моўнага, асабліва сацыялінгвістычнага, аналізу ня менш важныя эпітафіі па-беларуску іншым людзям — розных заняткаў і рознага статусу.
А таксама эпітафіі з імёнамі Аляксандры Пуроўскай, Марылі Розум і Льва Розума, Юзэфы Саўрыцкай і Лёні Рубаніка ды многіх іншых.
Піанэрка, але яшчэ недастаткова інтэрнацыянальная...
Зразумела, што на помніках, пастаўленых да 1933 году (да правапісна-моўнай „рэформы“), — надпісы клясычным правапісам, а таксама з адметнай граматыкай ды лексыкай.
Тыя, хто ставіў помнік 10-гадовай дзяўчынцы, палічылі важным сказаць нашчадкам пра яе прыналежнасьць да дзіцячай камуністычнай арганізацыі:
Піанэрка — зь цьвёрдым зычным Н адпаведна правілам клясычнага правапісу, а таксама з аканьнем. Слова ў БССР шматпакутнае, яго пісалі яшчэ і піянэр (Слоўнік пэдагагічных дысцыплін, 1930), і піянер (Некрашэвіч і Байкоў у вялікім слоўніку 1928 г.), і піонэр (Вайсковы слоўнік,1927). Урэшце ў 1933 годзе пастаўлена пагрозьлівая кропка:
Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз „о“: у нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы „комуна“, „комунізм“, „рэволюцыя“, „совет“, „соцыялізм“, „большэвік“, „піонер“, „Комінтэрн“, „комсамол“, „пролетарый“... пішуцца і ў нас праз „о“, г. зн. захоўваецца ў корані іх першакрыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма.
Так што напісаньне піанэрка ў 1933 годзе раптам стала праяваю нацдэмаўшчыны...
Надпісы клясычным правапісам аднавіліся ў найноўшы час. Гэта, прыкладам, эпітафія Сьвятлане Клімковіч; Вітаўт Кіпель паставіў помнік сваёй бабулі Марфе Ваўчок-Зубкоўскай і яе брату Лукашу Ваўчку.
Міхась, але Нікалай
Вайсковыя могілкі даюць матэрыял для аналізу беларускіх іменаслоўных традыцыяў у розныя эпохі. Гістарычна ў нас не было моцнага кантрасту паміж статусам так званых афіцыйных (раней царкоўных, кананічных, пазьней „пашпартных“) і народных, фактычна нацыянальных формаў імёнаў. Гэты стэрэатып — нібыта народнае імя непрыдатнае для паперы і каменю — прыйшоў з Расейскай імпэрыі ды савецкіх канцылярскіх шаблёнаў.
А тут над магіламі пісьменьнікаў бачым беларускія нацыянальныя формы агульнахрысьціянскіх імёнаў, якімі яны сябе называлі: Янка (Купала), Паўлюк (Трус), Алесь (Гурло), Міхась (Клімковіч)...
Ніякія гэта не памяншальна-паблажлівыя, а паўнавартасныя, стылёва нэўтральныя імёны, калі нашчадкі творцаў палічылі магчымым увечніць іх у камені. Зрэшты, імёны такія годна насілі ня толькі творцы, а і вельмі патрэбныя гарадзкой гаспадарцы людзі:
Мужчынскія імёны грэцкага і лацінскага паходжаньня на -ios/-ius беларуская мова асвойвала або з нулявым канчаткам, або формамі без канцавога -й: Васіль, Арсен, Георгі (старая народная форма Юры). Напісаньні накшталт Георгій замацаваліся праз расейскі ўплыў.
Зь іншага боку, у розныя пэрыяды рознае было і стаўленьне (мо навязанае?) да выразна беларускага характару іншых імёнаў. Бачым некалькі прыкладаў, калі беларуса ў беларускамоўнай эпітафіі называюць Нікалай. Усе яны 1930-х — 50-х гадоў.
Пятроў сын
Імя па бацьку на -віч, -ўна як абавязковая частка найменьня чалавека не ўжывалася ў Беларусі цягам апошніх стагодзьдзяў, яно прыйшло разам з расейскай акупацыяй і савецкай уладай. Ужо ў XX ст. пры патрэбе, у дакумэнтах з абавязковай графой „імя па бацьку“, людзі запісвалі бацькава імя ў родным склоне: чый сын / чыя дачка? Янаў, Пятрова.
Знаходзім прыклады, калі расейская мадэль імя па бацьку не выкарыстоўвалася, і на Вайсковых могілках:
Паўлюк Трус? Не, грамадзянін Трус П.
Я і раней заўважаў, што ў ХХ стагодзьдзі ў Беларусі памяняўся парадак кампанэнтаў імя ў эпітафіях.
Даўней было натуральна: перш асабовае імя, а потым імя па бацьку (неабавязкова) і прозьвішча. Прозьвішча ідзе першым і вылучаецца ў фамільных склепах ці на супольным помніку для некалькіх чалавек адной радзіны. Наагул у нашым рэгіёне Эўропы асобу характарызуе найперш уласнае асабовае імя, яно гістарычна і зьявілася першым — задоўга да мянушак патронімаў, геаграфічных азначэньняў, прыдомкаў, якія сталі прозьвішчамі.
На сучасных жа могілках пануе адваротны парадак: прозьвішча + імя + імя па бацьку.
Часам на адным і тым самым помніку бачым і ранейшую натуральную, і пазьнейшую адваротную пасьлядоўнасьць: Алесь Кандратавіч Гурло (памёр у 1938 г.) і Гурло Мария Владимировна (пам. у 1993). Або:
На Вайсковых зьмена пачалася да вайны, але пералом адбыўся прыблізна ў 1940-я. Хаця і раней бывалі прэцэдэнты, як гэты помнік „чырвоным партызанам“, сьпіс на якім, хутчэй за ўсё, з адпаведнага рапарту.
Прычына зруху, на маю думку, відавочная: савецкі канцылярскі стыль, у якім асоба была на апошнім месцы. Для пэўнасьці пашукаў працы іншых дасьледнікаў. Расейскія мовазнаўцы М. Кітайгародзкая і Н. Розанава ў грунтоўнай працы „К характеристике жанра современной эпитафии в социокультурном аспекте“ пацьвердзілі маю гіпотэзу:
„Компоненты имени умершего располагались в следующем порядке: ИМЯ+ОТЧЕСТВО+ФАМИЛИЯ.
На современных памятниках ... наиболее распространен инвертированный порядок следования компонентов имени: ФАМИЛИЯ+ИМЯ+ОТЧЕСТВО. Подобная форма представления имени собственного, характерная для официально-делового стиля, отражает влияние советского казенно-канцелярского стереотипа... Ниже полного имени располагаются годы жизни и смерти (часто без указания месяца и даты), которые даются через тире“.
Спэцкамбінат Менгарвыканкаму скараціў да немагчымага эпітафіі на так званых „надгалоўніках“, як быццам зазіраючы ў гэтую навуковую працу — у поўнай адпаведнасьці з савецкім канонам.
І без згрызотаў сумленьня мяняе парадак найменьня чалавека, чым прынцыпова скажае антрапанімічны лад арыгінальнай эпітафіі.
Эпітафіі як люстэрка лёсу прозьвішчаў
Русыфікацыя беларускіх прозьвішчаў адбывалася ў некалькі этапаў. Найперш прышлыя ўлады ўжо з канца XVIII ст. перапісвалі тутэйшых жыхароў адпаведна расейскай фанэтыцы і іменаслоўным традыцыям. Пазьней ужо і самыя людзі — у расейскім/савецкім войску, пераяжджаючы ў горад, робячы дзяржаўную кар’еру — дапасоўвалі як умелі свае нязвыклыя для Масквы імёны-прозьвішчы да агульнаімпэрскага стандарту. Магчыма, на Вайсковых могілках бачым сьведчаньні гэтага:
А побач помнік сям’і — Околовы.
Ідэйна правільны ідыш
Помнік Барысу (Боруху) Сольцу мае надпіс на ідыш: ён быў рэдактарам менскага двутыднёвіка „Юнгэр арбэтэр“.
Таксама імя ды прозьвішча ягоныя — не на іўрыце (паводле юдэйскай рэлігійнай традыцыі), а ў сьвецкай вэрсіі — ідыш (дзякую Сяргею Шупу за пацьверджаньне). Такім чынам, і эпітафія цалкам на ідыш — важная моўная адметнасьць Вайсковых могілак.
Магчыма, частка польскіх надпісаў — над пахаваньнямі, перанесенымі з разбураных Залатагорскіх кладоў. У іх нярэдкія памылкі, а нават „гібрыдныя“ (і тым цікавыя!) лацінкава-кірылічныя напісаньні. Як гэтае:
Невядома, ці пісаў імя КNРАСNРОВА Феня (пам. у 1947) кірыліцай лацінкапісьменны, ці проста малапісьменны, але маем помнік эпітафічнай творчасьці. І няўжо яго маюць выпраўляць чужыя людзі?
Напісаньні ў эпітафіі зьберагаюць моўную сытуацыю эпохі, моўнае пачуцьцё родзічаў памерлага (ці сьвятара, ці нават разьбяра, а часам начальства). Прыклад афіцыйнай эпітафіі з макаранічнай устаўкай ды зрусыфікаванымі формамі імёнаў:
А гэта беларускі помнік ад сям’і.
Ня ведаю, ці расейскамоўныя напісаньні накшталт Дзявочко, Миранович, Леванович, іншыя адпавядаюць дакумэнтальным формам прозьвішчаў, але ў кожным разе яны зьберагаюць рысы беларускае фанэтыкі (як і Вовачка).
Дарэчы, „гіпэрнармальныя“ напісаньні накшталт Сушо, Томара — таксама сьведчаньне беларускага ўплыву, калі чалавек інтуіцыйна ўнікае на пісьме „аканьня“.
Лягічна, што адно з найважнейшых правілаў, замацаваных ва ўсясьветнай практыцы рэстаўрацыі могілак як помніку культуры, — пры неабходнасьці рабіць копію эпітафіі або абнавіць яе, але не мяняць ані літары, ані знаку.
А ў нас... Пахаваньне дзіцяці (Валечка Хрущев, фота вышэй) зазнала „благаўпарадкаваньне“. Тут ня толькі пракрустаўскі падыход да тэкстаў і датаў, ня толькі саветызацыя парадку кампанэнтаў імя. На якой падставе мяняецца напісаньне прозьвішча Хрущев і чаму яно цяпер Хрущёв? А можа тая сям’я — Хрýшчавы?
Беларусізацыя — у руках сям’і
Мяняць мову і нешта карэктаваць на новай эпітафіі — права і справа нашчадкаў. Цешыць вока, калі яны спраўляюць новы помнік родным па-беларуску, прычым вельмі карэктна:
Імёны і прозьвішчы па-беларуску — на новай пліце. Але пакінутая для інфармацыі і сьціплая ранейшая таблічка.
У культурнай сям’і дакладна ведаюць, як гучала па-беларуску імя і прозьвішча продка:
Без кансультацыі зь сям’ёй у чыноўніка атрымаўся б „Шацернік“.
Беларусь — не Расея
Могілкі пачаткова былі толькі праваслаўныя. На іх тэрыторыі цяпер актыўна прырастае дадатковымі будынкамі храм РПЦ.
І ўсё ж на адной з эпітафіяў знаходзім нечаканае і прачулае сьведчаньне, што тут не Расея.
Дзяўчына-студэнтка з далёкай Самары (Куйбышава) пахаваная „в стране чужой“...
А як робяць у сьвеце?
Беларускі закон „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны“ дае азначэньне:
Пад гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі разумеюць матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя выявы творчасьці чалавека, якія маюць унікальныя духоўныя, мастацкія і (ці) дакумэнтальныя вартасьці і якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Апошнія словы пакідаюць прастору для чыноўніцкага самавольства. На шчасьце, Вайсковыя могілкі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці (2-й катэгорыі) маюць. Таксама ў сьпіс каштоўнасьцяў асобна ўнесеныя тры магілы: Янкі Купалы, Якуба Коласа і ягонай жонкі Марыі Дзьмітраўны. Але ж з гэтага не вынікае, што іншыя магілы і знакі ня ёсьць каштоўнасьцю! Яны ўтвараюць цэласьць, што б ні казалі цяпер дэмагогі, і ўсе падлягаюць ахове. У тым ліку як моўны помнік — з духоўнымі і дакумэнтальнымі вартасьцямі.
Надпісы як форму культурнай спадчыны называе Канвэнцыя аб ахове ўсясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO (1972, Беларусь падпісала ў 1988). Лёс надпісаў як помнікаў адсочваюць нацыянальныя і рэлігійныя супольнасьці. Прыкладам, Рада правоў чалавека ААН занепакоеная зьнікненьнем армянскіх надмагільных камянёў падчас рэстаўрацыйных працаў, якія вялі турэцка-кіпрскія ўлады (2017 г.).
Зьвернемся да досьведу краін, дзе нашых „благаўстраіцеляў“ і на гарматны стрэл не дапусьцілі б да рэканструкцыі могілак:
Сымбалі і тэксты, напісаныя на надмагільлях, зьмяшчаюць важную інфармацыю для разуменьня мінуўшчыны. (...) Матэрыял, формы, надпісы і ўпрыгожаньні, выяўленыя на надмагільлях, ёсьць важнымі кампанэнтамі матэрыяльнай культуры.
(Агенцтва захаваньня гістарычнай спадчыны штату Ілінойс, ЗША)
Мова надпісу і выбар спадарожнай біблійнай цытаты ці верша можа адлюстроўваць стаўленьне супольнасьці або рэлігійнай грамады таго часу, або стаўленьне спадкаемцаў ці нашчадкаў, ці густы і меркаваньні тых, хто адышоў.
...Надпісы і ўпрыгожаньні на камянях, якія ўяўляюць цікавасьць з прычыны іхнага стылю і характару, не павінны высякацца наноў. (...) Іншыя надпісы могуць быць высечаныя наноў пры ўмове, што: 1) іх высякае кампэтэнтны разьбяр; 2) дакладны выгляд і памылкі арыгіналу старанна зьберагаюцца.
(Нацыянальны фонд Аўстраліі, штат Новая Паўднёвая Валія)
Ёсьць бліжэйшы досьвед. Сёлета пачынаецца рэстаўрацыя гістарычных віленскіх могілак Роса коштам каля 3 млн эўраў, большую частку сумы Віленскае самакіраваньне атрымае з Фонду рэгіянальнага разьвіцьця Эўрапейскага Зьвязу. Як іх будуць упарадкоўваць — кожны можа пабачыць: дакумэнты адкрытыя. І папярэдне літоўскія і польскія навукоўцы падрыхтавалі канцэпцыю ўпарадкаваньня, выканаўшы праект „Могілкі на Росе ў Вільні. Інвэнтарызацыйныя, гістарычныя і мовазнаўчыя дасьледаваньні“.
Зрэшты, яшчэ ў анкеце для літоўскіх дыялектолягаў 1997 году, якую ўклаў разам з Л. Грумадзене вядомы мовазнаўца, некалі супрацоўнік АН Беларусі Валер Чэкман, ёсьць адмысловае пытаньне пра найменьні людзей і мясьцінаў на надмагільных помніках — для аднаўленьня „моўнага краявіду“ розных эпох.
А калі цяперашнія законы Рэспублікі Беларусі не карэлююць зь міжнароднымі канвэнцыямі і міжнароднай практыкай, калі статус могілак у нас дагэтуль вызначаецца паводле савецкага ўзору — значыць, трэба мяняць заканадаўства. Прычым не пад чыноўнікаў і бізнэсмэнаў з апетай Ільфам-Пятровым арцелі „Німфа“.
Яны здольныя на ўсё
Ня ведаю, ці брыгада КБА Менгарвыканкаму на канвэерных так званых „надгалоўніках“ мяняла мову эпітафіяў на расейскую. У кожным разе, усе пастаўленыя новыя „надгалоўнікі“ або па-расейску, або пустыя.
Але ўсё можа быць. Яны ж не зважаюць на пачуцьці нашчадкаў памерлых: выкасоўваюць „лішнія“ сказы і словы на эпітафіях, самавольна скарачаюць даты нараджэньня і сьмерці. Скажам, чалавек адышоў у 1944 годзе. Няўжо ня мае значэньня канкрэтны дзень і месяц сьмерці, які можа сказаць шмат пра яе акалічнасьці?
***
Эпітафікай я цікавіўся і раней. Але маю ўвагу менавіта да Вайсковых могілак прыцягнуў чын валянтэраў, якія ахвяруюць свой асабісты час, энэргію і сродкі на зьберажэньне помніку культуры і яго абарону ад невукаў пры ўладзе. Кацярына Парыжаская папрасіла напісаць тэкст, сабрала разам з калегамі першапачатковую базу фота помнікаў па-беларуску. Дзякую ўсім чальцам супольнасьці „Вайсковыя могілкі“ ў Фэйсбуку — гэта Павал Каралёў, Зьміцер Юркевіч, Алена Каткова і многія іншыя. Спадзяюся, што будзе сабрана і прааналізавана значна больш фота моўных артэфактаў на Вайсковых і ўсіх іншых могілках Беларусі. А галоўнае — што мы як здаровае і культурнае грамадзтва спынім разбурэньне нашай памяці.