Падчас разгону дэманстрацыі на Дні Волі ў Менску міліцыя прадэманстравала навінкі спэцтэхнікі. Хто ня трапіў на парад з нагоды 100-годзьдзя міліцыі, мог пабачыць новыя вадамёты і браневікі падчас акцыі.
Вадамёты-«драпежнікі» ад канадзкай кампаніі STREIT Group
Вадамёты Predator Riot Control (назва перакладаецца з ангельскай як «драпежнікі для спыненьня бунтаў») зьяўляюцца на вуліцах Менску ня першы раз. Перад маршам у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка гэтых «драпежнікаў» бачылі ў менскіх дварах.
Predator быў упершыню прадстаўлены на міжнароднай выставе вайсковай тэхнікі IDEX у Абу-Дабі ў 2013 годзе. Спэцмашына зьмяшчае два бакі з вадой на 6500 або 12 000 літраў у залежнасьці ад мадэлі. Вадзяная гармата можа выстрэльваць ваду на 55–70 мэтраў. Ціск вадзянога струменя — да 20 бар.
У характарыстыках Predator гаворыцца, што яна можа выпускацца на розных відах шасі — Mercedes, Iveco, Man, KAMAZ. У камэнтарах пад менскімі вадамётамі адзначаюць якраз вытворчасьць Iveco.
Аўтамабіль абаронены па чацьвёртай клясе браніраваньня (BR 6) і здольны супрацьстаяць кулям калібру 7,62×51 мм.
Здымкаў гэтай машыны ў добрай якасьці нідзе няма. Толькі ў Менску на Дзень Волі можна было добра разгледзець усе дэталі новага вадамёта.
«Ліс» — беларуска-расейскі бронеаўтамабіль з украінскім ракетамі
«Ліс-ПМ» упершыню быў прадстаўлены ў 2014 годзе. Гэта армейскі бронеаўтамабіль, які выпускаюць на Менскім заводзе колавых цягачоў. Ён распрацаваны на базе расейскага «Тыгра». Але, як сьцьвярджаюць вытворцы, «Ліс» на 85% складаецца зь беларускіх камплектуючых.
У залежнасьці ад камплектацыі «Ліс» важыць каля 6,5–7,5 тонаў. Максымальная хуткасьць — 140 км/г.
Акрамя двух членаў экіпажу, машына можа перавозіць да шасьці байцоў у дэсантным адсеку. Кузаў мае таўшчыню брані 5 мм і па ўзроўні балістычнай абароны адпавядае пятай клясе. Гэта значыць, можа вытрымаць абстрэл з аўтамата Калашнікава ці вінтоўкі Драгунова.
У браневіку таксама ўсталяваная супрацьтанкавая ўстаноўка «Шэршань». Яна высоўваецца з даху і страляе ракетамі ўкраінскага КБ «Прамень».
«Плот-бар’ер» — амэрыканскія «форды» ў мэталічным каркасе
У інтэрнэце дагэтуль абмяркоўваюць прызначэньне пікапаў Ford Ranger. Гэтыя машыны абсталяваныя мэталічным каркасам.
Раней іх ужо бачылі на вуліцах Менску. Спэцмашыны ўдзельнічалі ў парадзе да 100-й гадавіны беларускай міліцыі 4 сакавіка. Тады ж стала вядома, што іх афіцыйная назва — «Плот-Бар’ер». Падчас дэманстрацый у Дзень Волі некалькі такіх машын дзяжурылі ў ваколіцах плошчы Якуба Коласа.
На фатаздымках можна разгледзець, што на даху пікапаў замацаваныя мэталічныя шчыты. Яны раскладваюцца і закрываюць бакавыя дзьверы аўтамабіля.
Аўтазак — сымбаль пратэстаў у Беларусі
Зялёны аўтазак МАЗ — гэта сымбаль усіх акцый пратэсту. У 1990-я затрыманых вывозілі на КУНГАх (аўтазакі на базе ГАЗа) ці звычайных аўтобусах. А клясычныя аўтазакі МАЗ пачалі выпускаць у сярэдзіне 2000-х.
Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан да 2007 году працаваў кіраўніком Цэнтру грамадзкіх сувязяў Менскага аўтазаводу. Ён прыгадвае, што першую замову на аўтазакі завод атрымаў каля 2005 году.
«Аўтазакі вайсковай расфарбоўкі я памятаю, як рабілі, — кажа Лопан Свабодзе. — Там звычайнае МАЗаўскае шасі. А ўсю надбудову рабілі ці на „МАЗ-Купава“, ці яшчэ дзе».
Аўтазакі на МАЗе выпускалі асобнымі партыямі — толькі на замовы Міністэрства ўнутраных спраў. За часамі Лопана МУС замаўляла іх толькі аднойчы.
«Дзякуй богу, няма вялікага попыту, каб тысячамі рабіць аўтазакі», — кажа Лопан.
На Дні Волі было некалькі тыпаў аўтазакаў МАЗ. Звычайна на акцыях пратэсту выкарыстоўваюць зялёныя аўтазакі, прызначаныя для перавозкі спэцназу. Аднак учора каля плошчы Якуба Коласа было шмат шэрых аўтазакаў, у якіх перавозяць зьняволеных.
«На замову для МАЗаў могуць зрабіць любую надбудову, — кажа Лопан. — Таму павінна быць больш пытаньняў для надбудоўшчыкаў».
Па словах Валянціна Лопана, аўтазакі — гэта ня тая прадукцыя, якую моцна афішуе завод. На сайце МАЗа пра іх вытворчасьць няма ніякіх згадак.
«Заводу ад аўтазакаў ня так шмат карысьці, — кажа Лопан. — У людзей адмоўныя стэрэатыпы наконт іх. Што тычыцца арыштаў, зьняволеных — з гэтым ня вельмі прыемныя эмоцыі. І падкрэсьліваць свой удзел у гэтых справах ніхто не імкнецца».
Сінія мікрааўтобусы без нумароў
Яшчэ адзін сымбаль затрыманьняў — сінія мікрааўтобусы. Яны зьявіліся на маўклівых акцыях 2011 году. Якраз з таго часу, дарэчы, затрыманьні пачалі праводзіць людзі ў цывільным.
Цяпер на мікрааўтобусах Ford ці Volkswagen пад’яжджаюць не падчас акцый, а пасьля. Напрыклад, Анатоля Лябедзьку запхнулі ў шэры мікрааўтобус пасьля «Маршу недармаедаў» у Маладэчне. А па Зьмітра Дашкевіча неаднойчы прыяжджалі на сінім бусіку.