У Расеі паставілі 110 помнікаў Сталіну, большасьць зь іх зьявілася пры Пуціну

8-метровы помнік Сталіну на тэрыторыі заводу ў Вялікіх Луках у Расеі

Са 110 помнікаў савецкаму дыктатару Ёсіфу Сталіну 95 паставілі пры Ўладзіміру Пуціну. Тэмпы будаваньня помнікаў падвоіліся пасьля анэксіі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе.

Такую статыстыку прыводзіць «Можем объяснить».

Выданьне склала поўны сьпіс пастаўленых у грамадзкіх месцах (за выключэньнем музэяў) помнікаў Сталіну. Зь яго вынікае, што толькі 9% манумэнтаў захаваліся з савецкіх часоў, а пераважная большасьць зьявілася ў апошнія 20 гадоў, у гады кіраваньня Ўладзіміра Пуціна.

Напярэдадні ў Цьвярской вобласьці Расеі ў Медным — на месцы пахаваньня ахвяр рэпрэсій — паставілі бюст Сталіна і шэрагу іншых савецкіх правадыроў. Сьцьвярджаецца, што гэта частка нейкай выставы. Пакуль незразумела, ці застанецца помнік тут на стала. Гэты помнік Сталіну стаў чацьвёртым, што ўсталявалі ў Расеі з пачатку яе шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, прычым «Можем объяснить» зазначае, што адкрыцьцё кожнага зь іх суправаджалася лёзунгамі ваеннай прапаганды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі бюст Сталіна паставілі ў мэмарыяльным комплексе, прысвечаным ахвярам палітычных рэпрэсій

У 1990-я гады ў Расеі было пастаўлена толькі пяць помнікаў Сталіну, пры Пуціну пачалі ставіць прыкладна па чатыры помнікі ў год. Гэты лік павялічыўся пасьля анэксіі Крыму (дзе таксама ёсьць помнікі Сталіну, але ў сьпіс іх не ўключалі).

У тройцы лідэраў па колькасьці населеных пунктаў са скульптурамі Сталіна — Паўночная Асэтыя, Дагестан і Якуція. На цэнтральных плошчах або вуліцах такіх помнікаў, як правіла, ня ставяць, тыповы помнік Сталіну — гэта бюст, пастаўлены з ініцыятывы прыватных асоб або арганізацый, такіх як КПРФ, нярэдка на тэрыторыі музэяў або прыватных уладаньняў. Аднак апошнім часам усё часьцей помнікі ўзводзяцца з ініцыятывы мясцовых улад, а на іх адкрыцьці зьяўляюцца службовыя асобы.

Сталин в Зестафони (фотогалерея)