Паліцыя Ўкраіны паабяцала заплаціць за інфармацыю па забойстве Шарамета

©Shutterstock

Нацыянальная паліцыя гатовая выплаціць узнагароджаньне ў суме 200 тысяч грыўняў (каля 8 тысяч даляраў) за прадстаўленьне любой інфармацыі, якая будзе карысная ў расьсьледаваньні забойства журналіста Паўла Шарамета, сказаў на брыфінгу міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў, паведамляе «Ўкраінская праўда».

Па словах Авакава, сродкі для гэтых мэтаў ёсьць, і «калі хто мае такую інфармацыю, просьба зьвярнуцца ў органы Нацыянальнай паліцыі».

«Усе камэнтары пра тое, што знайшлі стужку, бачылі таго ці іншага — лічым некарэктнымі. Так, ёсьць інфармацыя, якая невядомая шырокай публіцы, але разгалошваць зараз мы яе ня будзем», — сказаў ён.

Міністар падкрэсьліў, што расьсьледаванне праводзіцца вельмі кампэтэнтна, экспэрты з ФБР аказваюць дапамогу.

«На жаль, няма магчымасьці правесьці расьсьледаваньне за два дні. Гэта вялізны масіў працы», — дадаў Авакаў.

Журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ад выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева. Аўтамабіль належаў кіраўніцы «Ўкраінскай праўды» Алене Прытуле, яе ў машыне не было. Выбуховае прыстасаваньне было закладзена каля месца кіроўцы. Паліцыя кваліфікавала злачынства як наўмыснае забойства. Генпракурор Украіны назваў асноўнай вэрсіяй забойства Шарамета помсту за ягоную прафэсійную дзейнасьць.