Літанкета Свабоды: Уладзіслаў Ахроменка

Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся ў Гомелі ў 1965, у сям’і інжынэра заводу РТА і выкладчыцы музычнай вучэльні. Скончыў Беларскую дзяржаўную кансэрваторыю па клясе фартэпіяна. Працаваў выкладнікам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса «Крыніца», рэдактарам аддзелу часопіса «Бярозка», адказным сакратаром і рэдактарам аддзелу газэты «Культура», журналістам беларускай газэты ў Польшчы «Ніва» (Беласток). З 1993 працуе па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі.

Жыве ў Чарнігаве і ў Менску. Аўтар кніг прозы «Здані і пачвары Беларусі» (1994, у сааўтарстве з М. Клімковічам; пад псэўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр), «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» (кінараман, 2007, сааўт. з М. Клімковічам), «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» (2009, сааўт. з М. Клімковічам), «Тэорыя змовы» (2011), «Музы і сьвіньні» (2014), п’есы «Русалка Камсамольскага возера» (2010, сааўт. з М. Клімковічам). Перакладзены на ўкраінскую, польскую, ангельскую, расейскую і чэскую мовы. Сёлета раман «Тэорыя змовы» выходзіць і ва ўкраінскім перакладзе.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для кожнага, хто ўмее чытаць, аналізаваць і рабіць высновы з прачытанага.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

На лецішчы майго кума, сябра і суаўтара Максіма Клімковіча, што на Лысай Гары. Гэта тыя самыя лецішчы, кананізаваныя Ведзьмаком Лысагорскім. Там проста шалёная энэргетыка!

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Я хацеў бы быць аўтарам толькі тых кніг, якія напісаў ці напішу сам.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Магчыма, Оскар Мацэрат з «Бляшанага барабана» Гюнтэра Граса.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Цяжка абмежавацца нейкім адным улюбёным пісьменьнікам... Міхась Стральцоў, Мігель дэ Сэрвантэс Сааведра, Ісак Бабель, Міхайла Кацюбінскі, Праспэр Мэрымэ, Эрых-Марыя Рэмарк, Генры Філдынг, Джэфры Чосэр... Сказаць, што нехта зь іх найбольш улюбёны – пакрыўдзіць астатніх.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Ёсьць кнігі, якія чытаюць, а ёсьць тыя, якія хочацца перачытаць нанова. Чытаю «Мост караля Людовіка Сьвятога» Торнтана Ўальдэра. А перачытваю двухтомны зборнік «Камэдыі» Карла Гальдоні, ці не самага майго ўлюбёнага драматурга.

7. На якіх замежных мовах (расейская не лічыцца) вы можаце чытаць?

За той час, што жыву ва Ўкраіне, збольшага падвучыў украінскую. Чытаю на польскай і ангельскай (раз-пораз заглядаючы ў слоўнік).

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга, з напісаных вамі?

Мая ўлюбёная кніга яшчэ мною не напісаная.

9. Якую кнігу вам хочацца яшчэ напісаць?

Шмат маіх украінскіх сяброў і знаёмых прайшлі праз АТА. Адзін загінуў, адзін пабываў у палоне. Я не хачу пераказваць усе падрабязнасьці таго палону. Скажу адно: былыя савецкія настаўнікі, былыя савецкія бугальтары і былыя савецкія шахцёры ў кароткі прамежак часу ператварыліся ў вытанчаных садыстаў, пачварных блюзьнераў і прафэсійных забойцаў. Упэўнены, што такая ж самая жахлівая трансфармацыя гіпатэтычна мажлівая ня толькі ў Данецку і Луганску, але і ў Віцебску ці Гомелі. Чаму такое магчыма і ці можна гэтаму неяк супрацьстаяць – пра гэта і пішу цяпер раман пад умоўным назовам «Скатабаза».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Заўсёды.