Бахмут: самая крывавая бітва пяхоты з часу Другой сусьветнай вайны. ФОТА
21-гадовы ўкраінскі вайсковец з 28-й асобнай мэханізаванай брыгады імя Рыцараў Зімовага паходу абстрэльвае расейскія пазыцыі пад Бахмутам, 5 красавіка 2023 году.
Пасьля васьмі месяцаў баёў і велізарных страт з абодвух бакоў бітва за Бахмут працягваецца. Амаль цалкам разбураны горад калісьці быў домам для 70 тысяч чалавек.
«Кухар Пуціна» і ўладальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын на кадры з відэа, апублікаванага 3 красавіка. Прыгожын сьцьвярджае, што цяпер «вагнераўцы» будуць вывешваць расейскі сьцяг, які ён трымае ў гарсавеце Бахмута. «Юрыдычна мы ўзялі Бахмут», – сказаў Прыгожын. «Яны заведамыя хлусы», – пракамэнтавалі гэтае відэа ўкраінскія абаронцы Бахмута.
Украінскія вайскоўцы з 28-й асобнай мэханізаванай брыгады на перадавой. Данбас, 5 красавіка 2023 г.
Расейскія сілы пераўзыходзяць украінскія па колькасьці асабовага складу і артылерыі. Сытуацыя ў Бахмуце «вельмі і вельмі складаная», заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, але Ўзброеныя сілы Ўкраіны працягваюць абараняць горад.
Украінскі вайсковец 28-й АМБр страляе з РПГ па расейскіх пазыцыях, 5 красавіка 2023 году
Дажджлівае і халоднае надвор'е пачатку красавіка ператварыла траншэі ў канавы, напоўненыя вадкім брудам. Нягледзячы на гэта, шчыльны артылерыйскі агонь праціўніка прымушае ўкраінскіх байцоў «хавацца ў зямлю». Кароткі момант, каб перавесьці дыханьне і перакурыць. Пазыцыі Ўзброеных Сіл пад Бахмутам, 5 красавіка 2023 году
Сярод заходніх аналітыкаў ёсьць такія, хто сьцьвярджае, што Бахмут ня мае такога стратэгічнага значэньня, каб на яго траціць столькі сіл і сродкаў. Вайскова-палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны адмаўляе: у баях за Бахмут украінская армія «перамолвае» расейскія сілы, не даючы ім магчымасьці наступаць на іншых кірунках.
На фота: украінскія байцы на пазыцыях пад Бахмутам. 5 красавіка 2023
Калі расейскай арміі ўдасца захапіць Бахмут, гэта адкрые магчымасьці для прасоўвання на захад да Славянска і Краматорска.
На фота: украінскі баец рыхтуецца да бою. Пазыцыі Ўзброеных Сіл Укріаны на подступах да Бахмута, 5 красавіка 2023
Украінскія вайскоўцы 28-й асобнай мэханізаванай брыгады ў бліндажы падчас расейскіх абстрэлаў. 5 красавіка 2023
Гатовая да выкарыстаньня стрэльба супраць бесьпілотнікаў. Расейскія войскі актыўна выкарыстоўваюць бесьпілотнікі для ідэнтыфікацыі ўкраінскіх пазыцый, тэхнікі і жывой сілы
У бліндажы на пазыцыях Узброеных Сіл Украіны пад Бахмутам падчас расейскіх абстрэлаў. 5 красавіка 2023