Колер надзеі: Фотагісторыя ўкраінскай Аранжавай рэвалюцыі

Прыхільнікі кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Юшчанкі падчас мітынгу ў цэнтры Кіева, 28 сьнежня 2004

Фатаздымкі паказваюць хаду палітычнага крызісу ва Ўкраіне, які прыцягнуў увагу сьвету 20 гадоў таму.

Афіцыйна на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ў канцы 2004 году было 26 кандыдатаў. У рэальнасьці змаганьне ішло паміж двума кандыдатамі.

Віктар Юшчанка

Віктар Юшчанка нарадзіўся ў Сумскай вобласьці Ўкраінскай ССР у сям'і настаўнікаў. Ён пераехаў у Кіеў ў 1985 годзе, маючы ступень кандыдата эканамічных навук, і пачаў банкаўскую кар'еру. Падчас эканамічных складанасьцяў пасьля распаду СССР Юшчанка атрымаў пасаду кіраўніка Нацыянальнага банку Ўкраіны. Ён быў ключавой фігурай, калі ўводзілася ўкраінская грашовая адзінка грыўня. З 1999-га па 2001 год ён быў прэм'ер-міністрам падчас кіраваньня прэзыдэнта Леаніда Кучмы.

Юшчанка пайшоў на прэзыдэнцкія выбары з празаходняй плятформай, абяцаўшы крокі для інтэграцыі Ўкраіны ў Эўразьвяз і NATO.

Віктар Януковіч

Віктар Януковіч нарадзіўся ва ўсходняй Данецкай вобласьці Ўкраінскай ССР. Ягоная маці памерла, калі яму было два гады. Пазьней ён расказваў пра сваё дзяцінства: «Я паходжу зь вельмі беднай сям'і, і мая галоўная мара ў жыцьці была вырвацца з гэтай беднасьці». У юнацтве ён працаваў па розных спэцыяльнасьцях, у тым ліку мэханікам і аўтаэлектрыкам. Быў двойчы асуджаны, у тым ліку за рабаваньне. Пазьней стаў дырэктарам аўтабазы і кіраўніком шэрагу транспартных прадпрыемстваў. З 1997-га па 2002 год Януковіч кіраваў адміністрацыяй Данецкай вобласьці, а ў лістападзе 2002 году ён быў прызначаны прэм'ер-міністрам Украіны.

Януковіч у сваёй перадвыбарнай праграме аддаваў перавагу інтэграцыі з Расеяй, а ягоную выбарчую кампанію адкрыта падтрымаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які некалькі разоў наведваў Украіну ў 2004 годзе.

Уладзімір Пуцін слухае пытаньне падчас запісу праграмы на ўкраінскім тэлеканале ў Кіеве, 26 кастрычніка 2004

28 кастрычніка 2004 году, на 60-ю гадавіну вызваленьня Ўкраіны ад нацыстаў, Пуцін стаяў побач зь Януковічам на трыбуне ў цэнтры Кіева, прымаючы вайсковы парад у савецкім стылі.

Пуцін зь Януковічам у Кіеве, 28 кастрычніка 2004

Урачысты настрой на трыбуне троху памяняўся, калі Януковіч прапанаваў сваім расейскім гасьцям цукеркі, дастаўшы іх з кішэняў. Пуцін адмовіўся, але Дзьмітры Мядзьведзеў, які ў той час быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, паласаваўся цукеркай.

Вайсковы парад у цэнтры Кіева, 28 кастрычніка 2004

У верасьні 2004 году Юшчанка прыйшоў на вячэру ў доме Ўладзіміра Сацюка, тагачаснага намесьніка кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны. Неўзабаве пасьля гэтага стан задроўя Юшчанкі моцна пагоршыўся.

Пазьней аналізы паказалі, што ён быў атручаны дыяксынам. Калі Юшчанку выпісалі са шпіталя, ягоны твар быў зьнявечаны атрутай. Украінская журналістка ўспамінала, што для яе было шокам пабачыць твар Юшчанкі – гэта быў быццам ужо іншы чалавек. Юшчанка казаў пра наўмыснае атручваньне і абвінаваціў Расею ў спробах перашкодзіць расьсьледаваньню.

Зьлева Віктар Юшчанка ў ліпені 2004-га, справа – у лістападзе 2004 году

Сацюк, чый удзел у атручэньні Юшчанкі ня быў даказаны, у 2007 годзе пераехаў у Расею, зрабіўшыся генэрал-маёрам расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі.

У той жа месяц, калі быў атручаны Юшчанка, Януковіч сустракаўся з студэнтамі ў Івана-Франкоўску на захадзе Ўкраіны. Калі ён сышоў з аўтобуса, у яго кінулі нейкі прадмет. Януковіч зваліўся, і ягоная ахова занесла яго ў машыну і адвезла ў найбліжэйшы шпіталь. Каманда палітыка заявіла пра напад «цьвёрдым аб'ектам» і апублікавала відэа, на якім Януковіч са шпітальнага ложка асуджаў напад. Пазьней зьявілася відэа, на якім відаць, што адзін са студэнтаў кінуў у Януковіча яйка, і менавіта ад гэтага палітык драматычна ўпаў.

Украінскія вайскоўцы тэрміновай службы галасуюць на ўчастку ў Кіеве, 31 кастрычніка 2004

Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне адбыўся 31 кастрычніка 2004 году. Паводле афіцыйных зьвестак, Юшчанка атрымаў 39,9% галасоў, а Януковіч — 39,2%. Паколькі ніводзін з кандыдатаў не набраў неабходных 50%, быў абвешчаны другі тур.

Работніца жыльлёва-камунальнай гаспадаркі прыбірае аранжавыя стужкі з дрэва ў Кіеве 20 лістапада 2004. Аранжавы стаў колерам кампаніі Віктара Юшчанкі. Напярэдадні дня галасаваньня дзейнічала афіцыйная забарона на выбарчую агітацыю.

21 лістапада адбыўся другі тур выбараў. Цэнтральная выбарчая камісія абвясьціла, што пасьля падліку 33% галасоў Віктар Януковіч быў наперадзе, маючы звыш 50 працэнтаў. Тым часам апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў паказвалі перавагу Віктара Юшчанкі. Замежныя назіральнікі паведамілі пра шматлікія парушэньні падчас падліку галасоў.

Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Сяргей Ківалаў праходзіць каля экрана з папярэднімі вынікамі другога туру прэзыдэнцкіх выбараў раніцай 22 лістапада 2004

Празь дзень пасьля галасаваньня Цэнтральная выбарчая камісія апрацавала 97,67% галасоў, пасьля чаго праца нечакана спынілася. Больш за тыдзень краіна напружана чакала афіцыйных вынікаў. Кіраўнік камісіі Сяргей Ківалаў тлумачыў затрымку рознымі тэхнічнымі праблемамі, у тым ліку праблемамі з кампутарнымі сэрвэрамі. Прыхільнікі Юшчанкі заяўлялі, што затрымку арганізавалі, каб даць камандзе Януковіча магчымасьць скрасьці выбары.

Віктар Юшчанка вітае сваіх прыхільнікаў падчас мітынгу ў Кіеве 22 лістапада 2004 году

У ноч з 21 на 22 лістапада Юшчанка сустрэўся з Ківалавым. Пасьля сустрэчы за зачыненымі дзьвярыма Юшчанка заявіў: «Мы не давяраем вынікам Цэнтральнай выбарчай камісіі». Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў «выйсьці на Майдан і абараніць нашую перамогу», маючы на ўвазе плошчу Незалежнасьці ў цэнтры Кіева, якая часта была важным месцам падчас пратэстаў ва Ўкраіне.

Прыхільнікі Юшчанкі нясуць намёт, каб паставіць яго ў цэнтры Кіева 22 лістапада 2004

Раніцай 22 лістапада невялікая колькасьць пратэстоўцаў сабралася ў цэнтры Кіева пад аранжавымі сьцягамі кампаніі Юшчанкі. Цягам дня колькасьць пратэстоўцаў расла.

Спэцпадразьдзяленьне міліцыі ахоўвае ўваход у офіс прэзыдэнта ў Кіеве, 24 лістапада 2024

У сярэдзіне дня 22 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія абвясьціла, што падлічыла 99% галасоў. Паводле ЦВК, Януковіч меў 49,4%, а Юшчанка 46,7%. Януковіч атрымаў віншаваньні зь Беларусі і Расеі. Пуцін заявіў, што «ўкраінскі народ зрабіў свой выбар – выбар на карысьць стабільнасьці і ўзмацненьня дзяржаўнасьці».

Вашынгтон адмовіўся прызнаць афіцыйныя вынікі выбараў. Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл папярэдзіў пра неназваныя «наступствы» для ўкіранскіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў «фальсыфікацыях» на выбарах.

Украінскія міліцыянты стаяць насупраць прыхільнікаў Юшчанкі каля ўрадавых будынкаў у Кіеве, 1 сьнежня 2004

Пратэсты пад аранжавымі сьцягамі кампаніі Юшчанкі працягваліся па ўсёй Украіне, і натоўпы атачылі дзяржаўныя будынкі ў Кіеве. У некаторыя дні на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве зьбіралася да паўмільёна чалавек, нягледзячы на мароз.

Прыхільнікі Юшчанкі зьвярталі ўвагу на вынікі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Паводле каманды Юшчанкі, там ні назіральнікаў, ні журналістаў не дапусьцілі да падліку галасоў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў, і ў апошні момант там адбыўся рэзкі рост колькасьці галасоў за Януковіча.

Плякат у Данецку, 30 лістапада 2004

3 сьнежня Вярхоўны суд Ўкраіны абвясьціў вынікі другога туру прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі. Ён прызначыў паўторны другі тур на 26 сьнежня 2004 году.

Прыхільнікі Віктара Юшчанкі на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве, 26 сьнежня 2004

10 студзеня 2005 году Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны абвясьціла афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх большасьць галасоў атрымаў Віктар Юшчанка. 23 студзеня адбылася ягоная інаўгурацыя на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны.

Аднак у наступным годзе, у жніўні 2006 году, Віктар Януковіч стаў прэм'ер-міністрам, а ў 2010 годзе яго выбралі прэзыдэнтам.

Юшчанка на выбарах у 2010 годзе заняў пятае месца, набраўшы менш за 6% галасоў. Многія ўкраінцы лічылі, што падчас прэзыдэнцтва ў 2005–2010 гадах ён ня здолеў выканаць сваіх абяцаньняў і наблізіць краіну да інтэграцыі з Эўразьвязам і NATO.

У 2014 годзе Януковіча зрынулі з пасады пасьля пратэстаў Эўрамайдану, якія цягнуліся некалькі месяцаў. Пратэсты пачаліся на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве пасьля рашэньня Януковіча адмовіцца ад дамовы з Эўразьвязам і замест гэтага паглыбляць інтэграцыю з Расеяй. Таксама людзі называлі сярод прычынаў пратэсту карупцыю ў тагачасным кіраўніцтве Ўкраіны.