Украінскія фэрмэры выходзяць на палеткі, рызыкуючы жыцьцём. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Зьнішчаная вайсковая машына на замінаваным полі ў Чарнігаўскай вобласьці на поўначы Ўкраіны, канец траўня.

Да пачатку вайны ўкраінскія аграрыі працавалі па строгім графіку. Цяпер фэрмэры павінны чакаць, калі будзе бясьпечна сеяць. Часта яны выходзяць на палеткі ўначы, пад покрывам цемры. Цяжкасьцяў, зь якімі сутыкаюцца фэрмэры, шмат: востры недахоп дызэльнага паліва, артылерыйскія абстрэлы, міны, згарэлыя рэшткі бранятэхнікі на палях і недахоп працоўнай сілы.
 

Фэрмэры ў полі недалёка ад Салядару на ўсходзе Ўкраіны, 6 чэрвеня.

Да вайны Ўкраіна экспартавала штомесяц больш за 5 мільёнаў тон пшаніцы. Большая частка аб'ёмаў праходзіла праз чарнаморскія парты краіны. Расейскія вайсковыя караблі заблякавалі гэтыя парты, што зрабіла такія перавозкі немагчымымі і паставіла пад пагрозу глябальныя ланцугі паставак харчаваньня і сельскагаспадарчы сэктар Украіны.

Трактар ​​на складзе збожжавай гаспадаркі ў Чаркаскай Лазавой пад Харкавам, які згарэў у выніку нападу расейскіх войскаў, 28 траўня.

«Гэта амаль гратэскавая сытуацыя, якую мы назіраем цяпер ва Ўкраіне, калі амаль 25 мільёнаў тон збожжа могуць быць экспартаваныя, але іх немагчыма вывезьці з краіны проста з прычыны адсутнасьці інфраструктуры, блякады партоў», — сказаў Ёзэф Шмідгубэр, намесьнік дырэктара Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO).

Украіна, яе суседзі і ЭЗ цяпер спрабуюць знайсьці іншыя маршруты дастаўкі ўкраінскага збожжа на рынкі, і чыгунка становіцца адным з варыянтаў, нягледзячы на ​​шматлікія лягістычныя праблемы.

58-гадовы фэрмэр Аляксандар Новікаў аглядае шкоду, нанесеную ягонай фэрме ў Вільгаўцы пад Харкавам, 11 траўня.

Украіна абвінавачвае Расею, што тая, каб сьвядома нашкодзіць украінскім фэрмэрам, крадзе збожжа і прадае яго іншым краінам, нішчыць палеткі і свойскую жывёлу.

На даляглядзе — дым ад артылерыйскіх абстрэлаў. Фэрмэры сеюць сланечнік на полі ў Чаркаскай Лазавой пад Харкавам у канцы траўня.

Паводле ацэнак FAO, вайна Расеі ва Ўкраіне пагражае павелічэньнем колькасьці тых, хто недаядае на плянэце – да 13,1 мільёна чалавек. Ярданія, Емэн, Ізраіль і Лібан уваходзяць у лік краін, схільных да найбольшай рызыкі, бо яны вельмі залежаць ад імпарту асноўных тавараў, значная доля якіх прыпадае на Расею і Ўкраіну.

Працаўнік фэрмы выбіраецца з варонкі, якая ўтварылася пасьля выбуху снарада. Чаркаская Лазавая, канец траўня.

Досьледная служба Эўрапейскага парлямэнту паведамляе, што Расея і Ўкраіна пастаўлялі больш за палову імпарту збожжавых у Паўночную Афрыку і на Блізкі Ўсход. Краіны Ўсходняй Афрыкі ўвозілі 72% спажыванай пшаніцы з Расеі і 18 працэнтаў — з Украіны.

На спадарожнікавым здымку Ліману (канец траўня) бачныя варонкі ад артылерыйскіх снарадаў на палях і разбураныя будынкі.

Паводле FAO, 50 краін сьвету ўвозяць як мінімум 30 працэнтаў спажыванай пшаніцы з Расеі і Ўкраіны. На Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы да такіх краін адносяцца Лібан, Эгіпет, Лібія, Аман, Саудаўская Арабія, Емэн, Туніс, Іран, Ярданія і Марока.

Расейскі снарад у полі недалёка ад Салядару на ўсходзе Ўкраіны, 6 чэрвеня.

29 красавіка Міністэрства сельскай гаспадаркі Ўкраіны паведаміла, што амаль 30 працэнтаў сельскагаспадарчай зямлі цяпер занятыя войскамі, небясьпечныя ці непрыдатныя для апрацоўкі. Праз расейскае ўварваньне цэны на хлеб істотна вырасьлі ў шэрагу самых бедных і найбольш уразьлівых краін сьвету.

Фэрмэры вывозяць снарад, які не разарваўся, з поля каля сяла Грыгараўка, Запарожжа, пачатак траўня.

Выканаўчы дырэктар Сусьветнай харчовай праграмы Дэвід Бізьлі папярэдзіў: «Калі краіна, якая зьяўляецца жытніцай сьвету, становіцца краінай з самай доўгай у сьвеце чаргой па хлеб, мы разумеем, што гэта праблема». Ён дадае, што адмова ад адкрыцьця ўкраінскага порта ў Адэсе – гэта абвяшчэньне вайны глябальнай харчовай бясьпецы, што пагражае голадам, дэстабілізацыяй і масавай міграцыяй па ўсім сьвеце.

Расея заявіла, што здыме блякаду, калі заходнія санкцыі будуць скасаваныя. Міністар замежных спраў Украіны Дзмітры Кулеба ахарактарызаваў гэтае патрабаваньне як спробу «шантажу».