У Кіеве мяркуюць, што ад вырашэньня крызысу ў Сырыі залежаць паводзіны Расеі і ў дачыненьні Ўкраіны.
У інтэрвію Свабодзе ўкраінскі палітоляг Віктар Небажэнка тлумачыць, як у Кіеве ўспрымаюць канфлікт Расеі і краін Захаду вакол хімічных атак у Вялікай Брытаніі і Сырыі.
Пазыцыя ўладаў Украіны: Даўно пара
Афіцыйны Кіеў салідарызаваўся зь Вялікай Брытаніяй у сытуацыі вакол атручваньня экс-супрацоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.
Як і шэраг заходніх краін, Украіна выслала расейскіх дыпляматаў, а неўзабаве плянуе ўвесьці і санкцыі ў дачыненьні расейскіх алігархаў.
«Санкцыі будуць гарманізаваныя з рашэньнем ураду США. У санкцыйны сьпіс трапіць і Дзерыпаска, і іншыя расейскія алігархі, якія бяруць удзел, у прыватнасьці, у актыўнай працы ў Крыме і ў пастаўках зброі расейскім узброеным сілам», — заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Украіна даўно чакала такой згуртаванасьці сьвету на паводзіны Расеі. Гэта пацьвярджае і рэакцыя міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна на заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў адрас Расеі пра «добрыя і разумныя» ракеты. На сваёй стронцы ў Twitter Паўло Клімкін перадрукаваў паведамленьне амэрыканскага прэзыдэнта з такім камэнтаром:
«Як правіла, я не раблю рэтвітаў, але тут не стрымаўся. Менавіта на такой мове і трэба размаўляць з Расеяй».
У Кіеве расчараваныя, што сьвет так згуртавана адрэагаваў на расейскую агрэсію толькі цяпер, пасьля верагоднага выкарыстаньня нэрвова-паралітычнага рэчыва ў Вялікай Брытаніі і газавай атакі ў Сырыі.
«Няўжо для адэкватнай рэакцыі неабходна чакаць, пакуль бяда прыйдзе на тваю зямлю? Расея спрабуе навязаць новы ўсясьветны парадак, новы цэнтар прыняцьця рашэньняў, прапануе пакласьці ў яго аснову не парадыгму прававых дачыненьняў, не прыярытэт правоў чалавека і мірнага суіснаваньня, а права моцнага», — заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў.
Украінскі прыярытэт — зброя стрыманьня
Ва Ўкраіне пільна сочаць за сытуацыяй у Сырыі, але пакуль пазьбягаюць гучных заяў на гэтую тэму. 12 красавіка на Форуме ў пытаньнях бясьпекі, які адбываецца ў Кіеве, усе дыскусіі былі скіраваныя на тое, як спыніць агрэсію Расеі на Данбасе.
У новых геапалітычных умовах ва Ўкраіне ўсё часьцей выказваецца думка, што ядзернае раззбраеньне было гістарычнай памылкай Украіны. Цяпер адзінай магчымасьцю абароны краіны ёсьць стварэньне і забесьпячэньне нацыянальнай арміі зброяй стрыманьня.
«Што можа спыніць агрэсіўную ядзерную краіну ад маштабнага ўварваньня? Толькі магутная сучасная зброя стрымліваньня, здольная паражаць ворага на любой адлегласьці. На маё асабістае перакананьне, гэтую задачу трэба вырашыць у прыярытэтным парадку. І ні ў кога ў сьвеце няма ні маральнага, ні юрыдычнага права не пагадзіцца з гэтай пазыцыяй», — заявіў Аляксандар Турчынаў.
Палітоляг з Кіева: маштабнай вайны Расеі і Захаду не чакаем
Украінскі палітоляг Віктар Небажэнка мяркуе, што кропкавае агнявое супрацьстаяньне ЗША ды Расеі ў Сырыі магчымае, але не маштабныя ваенныя дзеяньні.
«Трамп ня будзе пачынаць вайну на Блізкім Усходзе, пакуль ён ня вырашыць пытаньне з Паўночнай Карэяй. Відавочна, ён можа скарыстацца двума канфліктамі, а Пуцін — не. Галоўнае для амэрыканскіх вайскоўцаў цяпер зразумець, што і як працуе і адначасова не працуе ў расейскай сыстэме СПА».
ЗША будуць вызначаць, што можа зрабіць Расея ў канфлікце, які знаходзіцца далёка за ейнымі межамі, — мяркуе палітоляг.
Віктар Небажэнка зьвяртае ўвагу на тое, што абмен пагрозамі паміж Расеяй і ЗША дазваляе зрабіць высновы аб патэнцыйных хаўрусьніках бакоў у сырыйскім канфлікце.
«Першы ўдар Пуцін атрымаў ад Турэччыны. Памятаеце пра яго нядаўнюю „сяброўскую і цёплую“ сустрэчу з прэзыдэнтам Эрдаганам, якая нібыта мела вялікія перамоўныя наступствы і дамоўленасьці? А ў сырыйскім крызісе першае, што зрабіла Турцыя, — перакрыла пралівы Дарданэлы і Басфор».
Небажэнка мяркуе, што Расея ня можа весьці паўнавартасны канфлікт, а Турэччына, як хаўрусьнік па NATO, у канфлікце заняла бок ЗША.
«Мы бачылі таксама, што ніводная краіна, нават Іран, ня выступіла на баку Расеі.Так што ўжо наступствы ёсьць, а ня проста абмен пагрозамі», — кажа Віктар Небажэнка.
Сырыйскі канфлікт далёкі і блізкі да Ўкраіны
Паводле экспэрта, пасьля анэксіі Крыму і акупацыі часткі Данбасу ў 2014 годзе Расея ня можа сабе дазволіць канфлікты на сваіх межах — ні на Каўказе, ні ў Сярэдняй Азіі, ні ва Ўкраіне.
«Таму будзем шчырыя — тое, што канфлікт адбываецца за тысячу кілямэтраў ад тэрыторыі Ўкраіны, у нейкай ступені палягчае нашу долю, але непасрэдны ўдзел у ім Украіны абсалютна немагчымы», — перакананы Віктар Небажэнка.
У той жа час, паводле палітоляга, варта не забывацца, што ў расейскай палітыцы ад 90-х гадоў, калі адбывалася барацьба ў межах глябальнай ракетнай касьмічнай ініцыятывы, моцна прыжыўся такі мэтад рэакцыі, як «асымэтрычны адказ»:
«Гэта азначае, што ў выпадку, калі сытуацыя ў Сырыі зойдзе ў дастаткова востры кут, то, вядома ж, ня выключана і пэўнае абвастрэньне на лініі сутыкненьня ўкраінскіх і расейскіх войскаў на Данбасе. Такое магчыма».
Віктар Небажэнка ўпэўнены, што сырыйскі канфлікт стварае шмат розных сцэнарыяў разьвіцьця сытуацыі. Але экспэрт спадзяецца, што ён застанецца пад кантролем абодвух бакоў — і Расеі, і ЗША.
«Нават калі будзе абмен нейкімі агнявымі ўдарамі, але ня больш, чым той эпізод, калі ў выніку авіяўдараў загінулі 500 салдат і афіцэраў з прыватнай арміі Вагнэра. Потым Амэрыка і Расея абмяняліся тлумачэньнем сытуацыі, і гэта задаволіла абодва бакі. Так і тут — калі нават адбудзецца нейкае сутыкненьне, яно не атрымае характару ланцуговай рэакцыі», — перакананы ўкраінскі палітоляг Віктар Небажэнка.