Зьміцер і Хрысьціна Баранскія зь вёскі Вялікае Запрудзьдзе на Валожыншчыне робяць бізнэс на барабанах «хэнд-мэйд». Ён даводзіць «балванку» да формы, яна займаецца дэкорам.
Барабан з пральнай машыны гучаў абалдзенна
Вырабам барабанаў Зьміцер Баранскі займаецца блізу 8 гадоў. Кажа, што да трох сотняў яшчэ лічыў, а потым зьбіўся зь ліку і статыстыку спыніў. А як наогул узьнікла жаданьне займацца нязвыклай для Беларусі вытворчасьцю? «Стала цікава», — сьціпла адказвае Зьміцер і ўдакладняе, што першую ўдарную ўстаноўку зрабіў... з пральнай машыны.
«Мы тады жылі ў Менску ва Ўруччы, я знайшоў двухкамэрную пральку і зрабіў барабан. Гучаў ён, дарэчы, абалдзенна — лепш за афрыканскія з хвалёнага чырвонага дрэва. А потым паціху „засмактала“: адзін зрабіў, другі, трэці. Відаць, далі сябе знаць гены, бо ў мяне бацька — сталяр па адукацыі. Адчуўшы мой інтарэс, расказаў, як усё можна зрабіць хутчэй і прасьцей. Я сабраў сабе такарны станок: выйшаў ён буйнагабарытны, давялося нават забэтанаваць, бо драўляная балванка вагой 70 кг боўтаецца на 1200 абаротах. Вельмі важкая канструкцыя».
У майстэрні, пераабсталяванай з колішняга хлява, Зьміцер дэманструе прафэсійны інструмэнт: апроч згаданага станка, тут вострыя як лязо разцы, стамескі, долаты, усё, што патрэбна ў працы з дрэвам. Ёсьць адмысловыя прыстасаваньні выдзёўбваць дзіркі ўручную. Але ад поўнага цыклю «хэнд-мэйда» ўрэшце адмовіўся — цяжка і неэфэктыўна:
«Няўдзячны, па вялікім рахунку, занятак: раней мог па месяцу адзін барабан выдзёўбваць, а цяпер за дзень вытачыць пяць барабанаў — норма. Дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу і назапашаным ведам прадукцыйнасьць працы вырасла непараўнальна».
Вакол такарнага станка ногі патанаюць у пілавіньні: «Тут творчы бардак, але так і павінна быць: калі ў майстэрні чыста, значыць там ніхто не працуе, — лічыць майстар. — Увесь сэнс майго жыцьця паступова перацёк менавіта ў гэтую плоскасьць. Вырабляць нейкія клясычныя рэчы — сталы, лаўкі, зэдлікі — мне проста не цікава».
І хоць форма для барабанаў запазычаная на «чорным кантынэнце», душа ў асыміляваны «джэмбе» ўкладаецца беларуская. Тутэйшыя, удакладняе Зьміцер, і матэрыялы: «Гэта перадусім вольха, самы клясны для гэтых мэтаў варыянт. Матэрыял з шэрагу „сьмецьцевых“, ніхто вольху адмыслова не высаджвае. Таму купіў прычэп дроваў — вось табе і запас на сэзон».
Вольха хоць і падатлівая, але досыць капрызная — у самы нечаканы момант можа даць трэшчыну, якую ўжо не «залатаеш». Адзін з такіх «манэкенаў», як называе іх Зьміцер, замацаваны на станку: «Гэта брак, „манэкен“. Калі жонка таксама спрабуе далучыцца да працэсу, кажу: перад тым як браць загатоўку, паваражы адразу на гэтым, паглядзі, што выйдзе. А спрабаваць трэба заўсёды, са старту мала ў каго выходзіць».
Працэс нараджэньня барабана пачынаецца ля стосу дроваў. Зьміцер ладзіць вулічны майстар-кляс, абсякаючы з альховай цуркі ўсё лішняе:
«Навошта круціць лішні груз на станку, калі можна яго прыбраць на зямлі?» — і пад бадзёрае «давай, родная!» рассакрэчвае тэхналёгію, як здабыць гук са звычайнай балванкі:
«Першым чынам нарыхтоўку трэба „цэнтрануць“, па самую кару. Зьнізу і зьверху, каб формай атрымаўся „кубак“. Гэта і будзе наш працоўны абʼём. Фіксую дыямэтры, прапілоўваю, што непатрэбна — аддзяляю лішняе, адсякаю сукі. Увогуле, ёсьць абмежаваньне па габарытах станка. Столь — 12,5 цалі, дзесьці 35 сантымэтраў. Але я большых і не раблю. Усё, дарэчы, на вока, таму ўсе барабаны розныя. Такой штампоўкі, як, скажам, у афрыканцаў, няма. З гэтай прычыны лічу свае барабаны лепшымі, бо там — канвэер, вытворчасьць. Майстар, вядома, малайчына, выдае добрыя рэчы, але ён прыходзіць на працу і робіць свой абʼём. Хто і якімі рукамі будзе граць — яму ня важна. А тут можна прыйсьці, падабраць адмысловае дрэва, хоць грэцкі арэх. Зь вялікага дрэва, дарэчы, выйдзе толькі адна загатоўка, з камля. Астатняе такое крывое, што больш ня выпілуеш».
Апроч барабанаў, Зьміцер вырабляе бубны. Інструмэнт вядомы яшчэ з часоў паганства, але толькі цяпер паступова вяртаецца зь нябыту:
«Рыхтую бубен, памерам з гонг, такі вялізны. Гук зь яго глухі, абʼёмны, раскацісты — б-о-о-а-а-а-м. Вось як лічыце, у Беларусі рабілі бубны? — задае ён пытаньне і тут жа расказвае: — Неяк бачыў відэа: сядзяць два вясковыя мужычкі з чырвонымі насамі, у замасьленых пінжачках. Адзін „зажыгае“ на гармоніку, другі — на бубне. Настолькі клясна гралі, што бубен падаўся мне абсалютным адлюстраваньнем нашай ідэнтычнасьці. Не канечне бубен павінен быць сыбірскі, шаманскі. Гэта ўнівэрсальны спосаб перадачы настрою, эмоцыяў».
Хацелі дапамагаць многія — да фінішу не дайшоў ніводзін
«Я граю на сваіх барабанах ня так, як афрыканцы, — кажа Зьміцер Баранскі. — У іх зусім іншы рытм, іншы сэнс музыкі, іншая ўкладаецца сэнсавая нагрузка. Як на маё адчуваньне, людзям падабаецца. Ня толькі моладзь цікавіцца, але і цёткі, дзядзькі, нават бабулі зь дзядулямі хочуць не адно матэрыяльна разьвівацца, а ў нейкай ступені і духоўна. Бо да нядаўняга часу нічога падобнага не было, пачынаем амаль з нуля».
На пытаньне пра канкурэнтаў суразмоўца рэагуе адназначна: «Ніякай канкурэнцыі. Іншая справа, што не хапае рук. Шмат людзей хацелі мне дапамагаць, нават прапаноўвалі разам працаваць. Але няма яшчэ кандыдатаў, якія маглі б сьмела займацца такімі рэчамі, не баяцца, што нешта пойдзе ня так. Хто толькі не спрабаваў тачыць барабаны, але пару ўдараў — і зьбягае: не-не, усё, хопіць, ня буду. Па вялікім рахунку, трэба адпачатку мець хоць нейкае разуменьне дрэваапрацоўкі. На жаль, усё менш людзей, якія на нешта здольныя. Толькі і ўмеюць па айфоне пальцам вадзіць, ведаюць, як купіць-прадаць. А зрабіць сваімі рукамі — праблема».
Каб самому адказваць за ўвесь вытворчы працэс, Зьміцер мусіў асвоіць і сумежныя прафэсіі. Напрыклад, здымаць і апрацоўваць скуру для барабаннай паверхні. «Разьдзелачны стол» месьціцца ў іншым крыле імправізаванай майстэрні. Відовішча не для слабых нэрвамі: побач чакаюць свайго часу сьвежая туша цяляці, скуры бабра і нават... ката. Апярэджваючы абурэньне з боку «зялёных», Баранскі кажа, што тушы купляе ў паляўнічых, а хатнія жывёлы ідуць у справу толькі тыя, якім пастаўлены «сьмяротны дыягназ» пад коламі аўтамабіля:
«Зараз практыкую розныя варыянты — прыкладам, нацягваю катоў. Аказалася, што матэрыял выдатны, гук супэр. Нават адмыслова пакідаю хвост у якасьці „даказухі“, каб не казалі, што паэт пораху ня нюхаў. Але скура пасуе не любая, перадусім патрабаваньне, каб была тонкая, пругкая. Скажам, баран ці авечка адбракоўваюцца адназначна, у іх адпачатку скура порыстая, мяккая, толькі на адзеньне. Наагул, у саўковыя часы практычна ўсе барабаны рабілі з сабак — ад піянэрскіх да прафэсійных. Гучыць, праўда, як фанэра. Але нацягнуць можна ня толькі сабачку, а, скажам, рысь. Бо найлепш — зь якой-небудзь дзікай жывёлы, вольнай. Звычайна ў вытворчасьці як робіцца? Бяруць з бойні, дзе бедную жывёлу мучаюць, абы ўсыпіць. Гэта ж не з драбавіка, як на паляваньні. А на канвэеры нікому ня важна, што за скура, адкуль...»
Задубелыя скуры цяжка ідэнтыфікаванага паходжаньня ў двары Баранскіх разьвешаныя паўсюль — даходзяць да кандыцыі: «Гэта нармальна, што яны як камень, не згінаюцца. Проста высахлі на сонцы. У вадзе за суткі ў анучу ператвараюцца. А пасьля нацягваньня засыхаюць зноў», — тлумачыць нюансы апрацоўкі Зьміцер.
Шлях ад «чурбана» да аформленага барабана займае некалькі дзён. Каб лішні раз падкрэсьліць тутэйшасьць інструмэнта, на сямейнай радзе Баранскія вырашылі ўплятаць яшчэ і беларускі арнамэнт. На сёлетняй выставе-кірмашы «Млын» у Менску дызайнэрскія барабаны з Валожыншчыны занялі цэлы павільён і выклікалі ажыятажную цікавасьць наведнікаў.
«Цяпер праганяемся па беларускім арнамэнце, і на выхадзе застаецца ўстойлівае адчуваньне, што барабан, як кажуць, беларускі да мозгу касьцей, — гаворыць Зьміцер. — Зрэшты, па факце так і выходзіць: мы з Хрысьцінай беларусы, дрэва — валожынскае, скура — таксама адсюль. Я, можа, увогуле першапачынальнік драм-культуры беларускай, як лічыце? (сьмяецца) Ня ведаю, ці зрабіў яшчэ хто ў Беларусі дзьве-тры сотні барабанаў. І гэта ня лічачы рамонту. Сёньня практычна няма людзей, якія б маглі адрамантаваць студыйныя барабаны, конгі, бонгі, бубны. Ніхто не займаецца, бо працэс, мякка кажучы, бруднаваты».
Лідэр продажаў — барабан паходнага фармату
Хто сярод асноўных пакупнікоў музычных інструмэнтаў, кім прырастае кліентура? Зьміцер пераадрасоўвае да Хрысьціны — маўляў, за прамоўшн і рэалізацыю адказвае жонка. Па яе словах, найперш зьвяртаюцца музыкі, шмат бацькоў, якія бяруць для дзяцей, каб прышчапіць пачуцьцё рытму. Часьцяком барабан набываюць як арыгінальны прадмет інтэрʼеру.
«Найперш спрацоўвае так званае „сарафаннае радыё“ — шмат хто нас ужо ведае і расказвае іншым. Па-другое, ёсьць старонка „ЎКантакце“, робім адмысловы сайт. Нарэшце, выстаўляемся на музычных фэстывалях, на кірмашах „хэнд-мэйду“. На самой справе, у нас няма ніводнага вольнага барабана, каб ён недзе ляжаў, пакрываўся пылам. Усё, што робіцца, вельмі хутка разыходзіцца. А калі яшчэ хто ўпершыню даведваецца, што майстар тутэйшы, беларускі, і барабаны зробленыя ў валожынскай вёсцы, то зьдзіўленьне саступае месца шчыраму інтарэсу, абавязкова хочуць набыць сабе такую рэч».
Хрысьціна прызнае, што ў масе сваёй беларусы не ўспрымаюць барабан як нешта сваё — хоць тыя ж бубны з поўным правам прэтэндуюць на пачэснае месца сярод нацыянальных скарбаў. І сваю місію Баранскія бачаць якраз у тым, каб надаць аднаму з самых старажытных інструмэнтаў беларускі калярыт і гучаньне.
«Цікава, што практычна ў кожнага народу ёсьць свае барабаны. Праўда, Беларусь у гэтым сэнсе прыклад не зусім паказальны, бо трывалых, глыбокіх традыцыяў як быццам і няма. Але была неяк у Абхазіі — там яны адной формы, прамыя. У арабаў — дафы, кшталту бубна. У Індыі — таксама цэлы пласт. Свая барабанная культура ў краінах Афрыкі. У бальшыні народаў зь цягам часу сфармаваліся свае віды барабанаў. Зразумела, паступова ідзе зьмешваньне культур, людзей, нешта запазычваецца, нешта страчваецца. Вось так і ў нашым выпадку: афрыканская форма насыцілася беларускім зьместам».
У працэсе вытворчасьці, абмежаванай адной майстэрняй, Баранскія актыўна экспэрымэнтуюць. У прыватнасьці, як кажа Хрысьціна, вынаходзяцца спосабы, як максымальна захаваць натуральнасьць матэрыялу:
«Увогуле я больш спэцыялізуюся на традыцыйным арнамэнце, а ў Зьмітру жыве жывапісец, ён у нас спэцыялізуецца на абстрактных матывах. Але апошнім часам ён усё больш займаецца бруднай працай, а я пераважна дэкарую гатовыя інструмэнты. Магу пахваліцца, што мы самі прыдумляем марылку: зьбіраем альховыя шышкі, потым варым, і выходзіць натуральная марылачка, якая надае дрэву карамэльны колер. То бок усё намагаемся браць з прыроды. Хоць, як лічыць Дзіма, вольху можна ўвогуле нічым не марыць, яна і без таго мае таварны выгляд. Крыху лякам прыкрыў — і ўжо добра глядзіцца. Чым меней штучнага — тым лепей».
Летась вялікая партыя барабанаў перакачавала да вучняў менскай прыватнай школы вакальнага мастацтва Веранікі Яноўскай. Рытміку там выкладае прафэсійны музыка, кантрабасіст Арцём Фрэнкель. Цяпер — з дапамогай валожынскіх барабанаў. Менавіта ён падкінуў ідэю, якую Зьміцер Баранскі зьбіраецца рэалізаваць.
«Ідэя, якую падкінуў Арцём, — арганізаваць майстар-кляс па „зборцы“ барабана, а для ахвотных — і па граньні на ім. Дрэва ёсьць, скура падрыхтаваная, да пэргамэнту нічога мусоліць ня трэба. На гатовы каркас можна нанесьці свой дэкор, тут ужо і фэн-шуй. То бок — вырабіць пад маім кіраўніцтвам інструмэнт і забраць яго з сабой. Па-мойму, цудоўна: і цікава, і магчымасьць паспрабаваць нешта рэальна стварыць. Самы прыкольны барабан — якраз сярэдніх памераў, не гігант. Вялікі барабан купляе чалавек або фінансава забясьпечаны, або фанатык. А лідэр продажаў — маленькі барабанчык, скажам так, паходнага фармату. Таму, як толькі раблю чарговую партыю, яе адразу ж разьбіраюць. У крамах практычна нічога няма, каб якасна і за прымальныя грошы. А тут можна прыехаць і далучыцца да самага цікавага — уласна працэсу».
Хоць напачатку гэта можа выклікаць шок, але з дапамогай барабана Зьміцер Баранскі прапануе зьберагчы памяць пра хатняга любімца. Кот ці сабака могуць атрымаць другое жыцьцё, стаўшы музычнай паверхняй ударнага інструмэнта. Прынамсі, маці Хрысьціны ўжо дала згоду, каб яе верны сябра стаў «барабанным донарам» пасьля адыходу ў сабачы рай.