Украіна і Беларусь будуць разьлічвацца грыўнямі замест даляраў.
Пра гэта дамовіліся на пасяджэньні міжурадавай зьмяшанай групы ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паведаміў украінскі віцэ-прэм’ер Генадзь Зубко.
«Паводле вынікаў перамоваў мы зьвярнуліся ў Нацыянальны банк Украіны з шэрагам прапаноў, якія дапамогуць спрасьціць і ажывіць гандаль паміж дзьвюма краінамі, і ўжо дасягнулі станоўчых вынікаў. Украіна і Беларусь будуць выкарыстоўваць для ўзаемных разьлікаў не замежныя валюты, у прыватнасьці даляр, а грыўню», — сказаў Зубко.
Паводле зьвестак Інтэрфаксу, з ініцыятывай пераходу на грыўню ва ўзаемных разьліках выступіў беларускі бок.
На наступным пасяджэньні беларуска-ўкраінскай міжурадавай групы бакі абмяркуюць магчымасьць аднаўленьня ўзаемных паставак электраэнэргіі, а таксама пытаньні транзыту украінскай электраэнэргіі празь Беларусь, дадае Інтэрфакс.