Як зьмяніўся ўкраінскі інтэрнэт за год блякаваньня «Аднаклясьнікаў» і «ЎКантакце»

Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне ад 15 траўня 2017 году забароненыя расейскія сацыяльныя сеткі «Аднаклясьнікі» і «ЎКантакце», а таксама шэраг сэрвісаў расейскіх кампаніяў Mail.ru і «Яндэкс». Экспэрты расказалі праекту Свабоды «Донбас.Реалии», як блякаваньне паўплывала на ўкраінскіх карыстальнікаў.

Зайсьці ў «Аднаклясьнікі» і «ЎКантакце» з тэрыторыі Ўкраіны (акрамя акупаванага Расеяй Крыму і самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР») немагчыма звычайнымі шляхамі: правайдэры блякуюць доступ да іх паводле ўказу прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, прынятага ў сувязі з магчымасьцю перадачы расейскім спэцслужбам асабістых зьвестак украінцаў.

Але некаторыя ўкраінскія карыстальнікі абыходзяць блякаваньні праз VPN, Tor і іншыя шляхі. У сярэднім ахоп украінскай аўдыторыі «ЎКантакце» зьнізіўся на 60–70%, але не да нуля.

Калі параўноўваць статыстыку красавіка 2017 году і красавіка 2018-га, «УКантакце» з 2-га месца паводле папулярнасьці ва Ўкраіне адсунулася на 4-е (яшчэ ў студзені была на 3-м), «Аднаклясьнікі» — з 5-га на 8-е. Тым часам амэрыканскі Facebook падняўся з 7-га месца на 3-е, відэахостынг Youtube — з 3-га на 2-е месца. Украінцы пачалі пераходзіць на Facebook амаль адразу пасьля блякаваньня расейскіх сетак.

Ніводная ўкраінская сацсетка ня «стрэліла» — не набыла вялікай папулярнасьці пасьля забароны «ЎКантакце» і «Аднаклясьнікаў». Запушчаная пасьля пачатку блякаваньняў нацыянальная сацсетка Ukrainians спыніла працу, бо «не дасягнула чаканых вынікаў». Два дзясяткі іншых нацыянальных стартапаў ня маюць больш за мільён карыстальнікаў.

У Беларусі тым часам, паводле зьвестак Alexa і SimilarWeb, самай папулярнай сацсеткай застаецца «ЎКантакце», сьледам за ёй Youtube, «Аднаклясьнікі» і Mail.ru, за імі — Instagram, Facebook і Twitter. Ува «ЎКантакце» 5,117 млн чалавек пазначылі сваёй краінай Беларусь.

У Беларусі таксама былі нацыянальныя сацсеткі, якія прайгралі расейскім. Апошняя зь іх, «Всети», праіснавала да 2014 году, меўшы 1,5 млн зарэгістраваных карыстальнікаў.