Гэта Кастусь Смолікаў, намесьнік старшыні абласной партыйнай арганізацыі. Ён адзначае, што такое здарылася нечакана — раней, колькі выбараў запар, у абласной выбарчай камісіі працавалі толькі прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет».
Іншых прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі на Віцебшчыне не ўключылі.
Фармаваньне камісіяў праходзіла ў атмасфэры таямніцы — прадстаўнікам БХК у Віцебску, Воршы і Дуброўне не ўдалося трапіць на супольныя пасяджэньні прэзыдыюмаў мясцовых саветаў і выканкамаў. Прычына адмовы — тое, што выбарчым заканадаўствам не прадугледжана прысутнасьць прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. А тым больш «маніторынг» — так была сфармуляваная мэта прадстаўнікоў БХК.
І праваабаронцы, за выключэньнем віцябляніна Паўла Левінава, не змаглі трапіць на працэс фармаваньня камісіяў. Спадар Левінаў быў сьведкам гэтага працэсу, бо сам вылучаўся ў камісіі — Першамайскую раённую ў Віцебску і Віцебскую абласную.
Ён распавёў, як стваралі тры раённыя камісіі падчас супольнага пасяджэньня прэзыдыюму Віцебскага гарсавету і гарвыканкаму:
«Старшыня гарвыканкаму сказаў, што не разумее выбарчага заканадаўства — у прыватнасьці, як трэба лічыць галасы прысутных. Таму прапанаваў галасаваць за кандыдатаў у камісіі асобна: каб першымі асобна галасавалі прадстаўнікі гарвыканкаму і асобна — гарсавету. А потым іхныя галасы каб склалі разам. Выходзіла так: прадстаўнікі гарвыканкаму галасавалі за тых, за каго галасаваў старшыня. А чальцы прэзыдыюму гарсавету, паглядзеўшы, галасавалі па іхным прыкладзе».
Праваабаронца Павал Левінаў не прайшоў ні ў Першамайскую раённую, ні ў Віцебскую абласную выбарчыя камісіі. Што да апошняй, то фармаваньне камісіі ўвогуле праходзіла дзіўным чынам, распавядае праваабаронца. І чаму ягоная кандыдатура была адкінутая, ён ня ведае:
«Адбывалася пайменнае галасаваньне, але па якіх крытэрах трэба было выбіраць, незразумела. Бо называліся толькі імёны-прозьвішчы ды спосаб вылучэньня. Ні дзе чалавек працуе, ні якая ў яго адукацыя — нічога пра вылучэнцаў не паведамлялі.
Я яшчэ хачу адзначыць вычварны падыход да гэтага выбарчага працэсу. У цывілізаваных краінах у камісіі ідуць прадстаўнікі тых палітычных сіл, чый кандыдат ідзе ва ўладу. А ў нас наадварот: ініцыятыўную групу Калякіна зарэгістравалі, але ж у камісіі ўключаюць Партыю працы і справядлівасьці, прыкладам. А вылучэнцы ад Беларускай партыі левых „Справядлівы сьвет“ падавалі дакумэнты, але іх не ўключылі».
Прадстаўнікоў гэтай партыі не ўключылі ні ва ўсе тры раённыя камісіі Віцебску, ні ў Полацкую і Аршанскую раённыя камісіі. У Полацку і Воршы сытуацыю патлумачылі неадпаведнасьцю ў дакумэнтах. Пару гадоў таму гэтыя гарады аб"ядналі з раёнамі, ліквідаваўшы гарвыканкамы. Тры гады было дадзена на тое, каб дакумэнты прывялі ў адпаведнасьць і іншыя структуры. Тым ня менш у камісіі не ўключылі партыйцаў Мікалая Дзямідава з Воршы і Анатоля Пракапенку з Полацку — фармальна яны вылучаліся ад гарадзкой партыйнай арганізацыі. З той самай прычыны ад удзелу ў аршанскай раённай выбарчай камісіі адхілілі прадстаўніцу гарадзкой арганізацыі АГП Валянціну Ігнаценку.