У Віцебску на месцы літаратурнага музэю адкрылі музэй калекцыяў

Першыя наведнікі музэю ішлі паўз шыхты кадэтаў

У будынку, дзе некалі быў Віцебскі літаратурны музэй, цяпер будзе працаваць «Музэй гісторыі прыватнага калекцыянаваньня».

Гэта адноўлены «Музэй прыватных калекцыяў», закрыты паводле загаду Аляксандра Косінца, тагачаснага старшыні аблвыканкаму, якому былы музэйны будынак спатрэбіўся для «губэрнатарскага маёнтка».

Раней музэй быў за гэтым плотам, які хавае «рэзыдэнцыю губэрнатара»

Літаратурны музэй у Віцебску закрылі ў 2009 годзе, калі гарадзкія ўлады абвясьцілі, што будынак у аварыйным стане. Гэта помнік прамысловай архітэктуры канца ХІХ стагодзьдзя, былая электрастанцыя.

Абяцалі рамонт і рэстаўрацыю, а ўсе экспанаты перавезьлі ў Віцебскі абласны краязнаўчы музэй. Але рамантаваць будынак у цэнтры Віцебску шмат гадоў ніхто ня браўся. Аж пакуль у горадзе ня здарыўся чарговы «музэйны скандал»: у ліпені 2012 году, калі ў Віцебску ішоў чарговы «Славянскі базар» і было поўна гасьцей, закрылі яшчэ адну культурніцкую ўстанову — «Музэй прыватных калекцыяў» па вуліцы Даватара.

Тут быў музэй. Цяперашняе яго прызначэньне на губэрнатарскім падворку — загадка

Музэй зьявіўся ў Віцебску пасьля таго, як напрыканцы 1980-х удава віцебскага калекцыянэра Івана Данілавіча Галькевіча перадала гораду 7 тысяч экспанатаў ягонай прыватнай калекцыі. З тае пары тут экспанаваліся самыя разнастайныя калекцыйныя зборы: посуд, паштоўкі, лялькі, сувэніры і гэтак далей... А зьнік ён з тае прычыны, што будынак, узьведзены ў ХІХ стагодзьдзі, апынуўся на тэрыторыі, якую губэрнатар Аляксандар Косінец нагледзеў для сваёй сядзібы, «службовай рэзыдэнцыі», як было абвешчана афіцыйна.

Праўда, пажыць у ёй ні спадару Косінцу, ні ягоным гасьцям не давялося: перашкодзіў перавод «гаспадара» ў Менск, на пасаду кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Службовы катэдж, узьведзены хуткімі тэмпамі, давялося пакінуць, а будынак былога музэю, абвешчаны «гаспадарчай пабудовай», так і застаўся стаць без выразнага функцыянальнага прызначэньня...

Затое пачалі рамантаваць будынак былога літаратурнага музэю. Віцябляне доўга спадзяваліся, што яго адновяць, але — памыліліся. У адрэстаўраваных памяшканьнях разьмясьцілася выстава «Музэю гісторыі прыватнага калекцыянаваньня» — з фондаў таго самага «Музэю прыватных калекцыяў», але пад зьмененай назвай.

Улады павярнуліся сьпінамі да гараджан

Новы музэй двухпавярховы, аформлены па-сучаснаму і з густам. Праўда, цырымонія адкрыцьця пакінула ў наведнікаў шмат пытаньняў. Прыкладам, навошта перад уваходам паставілі дзьве шарэнгі юнакоў-кадэтаў? Чаму гарадзкія ўлады стаялі сьпінамі да гараджан, якія прыйшлі на імпрэзу? Для каго стала прынцыповым, каб усё вялося па-расейску?

Напрыканцы ўрачыстай часткі гарадзкое кіраўніцтва падарыла Віцебскаму абласному краязнаўчаму музэю тры сэртыфікаты на набыцьцё кампутараў. А музэй, у сваю чаргу, падараваў кампутар свайму філіялу — новаму «Музэю прыватнага калекцыянаваньня».

Функцыя кадэтаў і тут незразумелая

На імпрэзе прысутнічала Ніна Сулецкая, колішняя дырэктарка абласнога краязнаўчага музэю, якая памятае і стварэньне «Музэю прыватных калекцыяў», і яго нечаканае закрыцьцё. А таксама й закрыцьцё літаратурнага музэю. Адносна лёсу апошняга яна ня мае аптымізму:

Ніна Сулецкая

«Калі Косінец падчас „Славянскага базару“ зачыніў „Музэй прыватных калекцыяў“ і загадаў цягам тыдня вызваліць памяшканьне, была неўзабаве „прамая лінія“ зь міністрам культуры Латушкам. Я патэлефанавала і запыталася пра прычыну закрыцьця. Мне Латушка сказаў: „А я ня ведаў, што зачыніўся музэй“... Да музэю гэта быў прыватны дом, там жыў Кабяк, першы сакратар абкаму КПБ, а потым партыйныя структуры ліквідавалі, і будынак вызваліўся. Там і стварылі музэй — як пажадала ўдава калекцыянэра Галькевіча, заявіўшы, што аддасьць сабранае мужам гораду, калі будзе экспазыцыя ў нармальным асобным памяшканьні... А калі яго забралі, а экспанаты сьпехам перанесьлі ў краязнаўчы музэй, то прыватныя калекцыянэры пачалі пісаць ва ўсе бакі, што забяруць назад свае калекцыі, калі яны ня будуць выстаўляцца. Цяпер нарэшце зрабілі новы музэй.

А што да літаратурнага музэю, які тут быў раней, то пэрспэктываў няма. Сказалі, што аднаўляць няма сэнсу. І няхай усе матэрыялы ляжаць у фондах. Як казаў адзін мой знаёмы, цяпер „ня модна“ ствараць музэі, зьвязаныя з імёнамі славутых літаратараў-землякоў».

Першая экскурсія па новым музэі

Між тым на Віцебшчыне, дзе нарадзіліся Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімер Караткевіч ды іншыя пісьменьнікі, засталося шмат зьвязаных зь імі артэфактаў, якія захоўваюцца часта ў неналежных умовах.

Наведнікі