У тэледэбатах возьмуць удзел Караткевіч, Улаховіч і сын Гайдукевіча

Замест Сяргея Гайдукевіча на тэледэбаты прыйдзе яго давераная асоба — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч.

Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч пацьвердзілі карэспандэнту Свабоды, што прыйдуць на дэбаты самі.

Сяргей Гайдукевіч сказаў, што на тэледэбатах яму няма чаго рабіць. Ён сёньня едзе ў Гомель.

«Няма з кім змагацца. Для мяне галоўны канкурэнт — гэта Лукашэнка. Калі б Лукашэнка прыйшоў, то я, канечне, пайшоў бы. А калі там сядзяць два кандыдаты ў прэзыдэнты, у якіх я даўно ўжо выйграў? Няхай пазмагаюцца з малодшым. Я для іх занадта вялікі гонар».

Сяргей Гайдукевіч кажа, што ён нікога не спалохаўся, адмовіўшыся ад асабістага ўдзелу ў тэледэбатах.

Мікалай Улаховіч сказаў, што возьме ўдзел у тэледэбатах, нягледзячы на адсутнасьць Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Лукашэнкі.

«Я не адмаўляўся. Я сказаў, што прыйду, — значыць прыйду. І па сытуацыі буду глядзець. Мяне гэта ня тычыцца, што там ня будзе кандыдатаў. Я даў слова ЦВК, і я яго выканаю».

Тацяна Караткевіч пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды свой намер удзельнічаць у тэледэбатах 3 кастрычніка.

«У мяне нічога не памянялася. Нягледзячы на тое, што ня будзе двух кандыдатаў. Я іду дзеля таго, каб мяне пачулі людзі, якія чакаюць гэтага моманту. Я іду туды, каб паразмаўляць са сваімі выбаршчыкамі».