У Слоніме пазначаць замчышча ХІ—ХVІІІ стагодзьдзяў

Слонімскі скульптар Леанід Богдан за працай над памятным каменем

Слонімскі скульптар Леанід Богдан рыхтуецца паставіць валун на месцы старога замчышча. На ім надпіс: Замчышча ХІ—ХVІІІ ст.

Валун паставяць насупраць набярэжнай Агінскага канала на Опэрнай вуліцы, на месцы, дзе і быў старажытны замак. Паводле Богдана, гэтая ідэя сасьпела ў яго даўно, а цяпер яе падтрымалі сябры-мастакі. Камень Богдан знайшоў у Слонімскім раёне, на радзіме свайго бацькі.

— Я даўно марыў, каб нейкім чынам пазначыць месца замка ў Слоніме, бо пераважная большасьць людзей нават і ня ведаюць, што ён у нашым горадзе быў. А так цяпер людзі могуць пабачыць, а экскурсавод распавядзе пра тое, што напачатку быў пабудаваны драўляны астрог, потым дзядзінец, а пазьней — драўляны замак на высокім насыпе, які быў разбураны пасьля 1506 году. У 1520 годзе перабудаваны ў невялікі драўляны палац з заляй пасяджэньняў, дзе ў другой палове XVII стагодзьдзя адбываліся генэральныя соймікі... Вось так і будзе аднаўляцца зь нябыту наша мінуўшчына.

Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч пазытыўна ацаніў ідэю скульптара Богдана. Паводле Краўцэвіча, так сталася, што замчышча ў Слоніме не такое прыкметнае, як у іншых гарадах, да прыкладу, Ваўкавыску, а таму пра тое, што ў Слоніме быў замак, нават зь мясцовых людзей шмат хто ня ведае.

— Так, мы, археолягі, ведаем пра існаваньне слонімскага замка, але звычайныя людзі пра гэта нават не здагадваюцца. А таму вельмі добра, што мясцовы скульптар узяўся за тое, каб ушанаваць гістарычную памяць свайго гораду. Гэта будзе на карысьць як мясцовым жыхарам, так і турыстам.