Мітынг за поўную адмену дэкрэту мае адбыцца ў Рагачове 12 сакавіка.
Мясцовы жыхар, які назваўся Ўладзімерам, сказаў, што гараджане зь мікрараёну «Дзявяткі» будуць зьбірацца каля заводу «Дыяпраектар» і калёнаю пойдуць на цэнтральную плошчу гораду, каб узяць удзел у мітынгу.
«З кім бы я ні размаўляў, — кажа рагачовец, — ніхто не падтрымлівае гэты „дармаедзкі“ дэкрэт № 3 — яго трэба поўнасьцю адмяняць. Заўважылі таксама, што Аляксандар Лукашэнка ўскладае віну за правал гэтага дэкрэту на мясцовыя органы ўлады. Але ж хіба наш Дзенісенка (старшыня райвыканкаму) вінаваты, што такі неабдуманы дакумэнт выпусьцілі ў сьвет? Дый справа ня толькі ў дэкрэце. Справа ў тым, што ў райцэнтры працаваць няма дзе. Закрыта больш як паўдзясятка прадпрыемстваў. Каб неяк карміць свае сем’і, мужыкі кідаюцца ў тую ж Расею. Але й там зарабіць цяпер складана, ды яшчэ й заробленае не заўсёды аддаюць».
Функцыю арганізатара ў Рагачове ніхто на сябе не бярэ — людзі збольшага самаарганізоўваюцца праз сацыяльныя сеткі. Пра гэта кажа і рэдактар мясцовага сайту vrogacheve.ru Дзяніс Дашкевіч, які сам толькі нядаўна атрымаў працу:
«Беспрацоўе змушае людзей самаарганізоўвацца, бо далёка ж ня ўсё хочуць стаяць каля крамы і выпрошваць капейкі на піва ці „чарніла“. І ў ладкі людзі ня пляскаюць, што прыпынена дзеяньне дэкрэту. Усе выдатна разумеюць, што мараторый на дэкрэт № 3 — гэта найперш спроба прыглушыць хвалю вулічных пратэстаў, якая коціцца па краіне. Ну добра, прыглушылі, а далей што? Адсутнасьць працы, нізкія заробкі ў тых, хто яе яшчэ мае, абвалілі платаздольнасьць насельніцтва. Безграшоўе прыгнятае гандаль, прадпрымальніцкі рух і ўрэшце — прамысловасьць. Тут палягаюць прычыны пратэстных настрояў у грамадзтве».
Па словах суразмоўніка, многія рагачоўцы абмяркоўваюць патрабаваньне кіраўніка дзяржавы ўладкаваць да 1 траўня ўсіх «дармаедаў» на працу. І прыходзяць да высновы, што чыноўнікі, найхутчэй, паўладкоўваюць хіба сваіх жонак, мужоў, сваякоў, палюбоўніц і палюбоўнікаў. Што застанецца для іншых — вялікае пытаньне.