У Полацку судзяць двух актывістаў Свабоднага прафсаюзу. За пікет

Пікет у Полацку ў падтрымку прафсаюзнага лідэра ААТ «Полацак-Шкловалакно» 28 красавіка. Мікола Шарах — з прафсаюзным сьцягам.

Пікет, у якім узялі ўдзел лідэр «пярвічкі» СПБ на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў і намесьнік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікола Шарах, адбыўся 28 красавіка.

Сябры прафсаюза выказалі пратэст супраць парушэньня наймальнікам працоўнага заканадаўства, наступствам якога стаў непрацяг працоўнага кантракту са спадаром Шарахам.

Пасьля завяршэньня акцыі ён быў затрыманы ў падʼезьдзе каля сваёй кватэры. Міколу Шараха спынілі людзі ў цывільным, якія не назвалі сябе і не паказалі дакумэнтаў. Пазьней высьветлілася, што гэта супрацоўнікі міліцыі, і ў пастарунку яны заявілі, што актывіст не падпарадкаваўся іхным патрабаваньням. Спадар Шарах падкрэсьлівае, што на яго напалі ззаду двое незнаёмых людзей, паводзіны якіх аніяк нельга было лічыць законнымі дзеяньнямі прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Актывіст напісаў з гэтай нагоды скаргу ў пракуратуру. Тым ня менш, у гарадзкім райаддзеле міліцыі на яго склалі два пратаколы — за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. І пры гэтым парушылі правы затрыманага на абарону — не дазволілі скантактавацца з адвакатам ці праваабаронцамі.

Мікола Шарах і Віктар Стукаў раздаюць улёткі каля прахадной «Полацк-Шкловалакна»

Пратакол за несанкцыянаваны пікет праз колькі дзён склалі і на другога ўдзельніка, Віктара Стукава. Але супраць яго гвалту ўжо не ўжывалі — выклікалі ў пастарунак позвай.

Абодва актывісты за колькі дзён да акцыі напісалі ў райвыканкам заяву, што будуць праводзіць пікет Свабоднага прафсаюзу. Аднак ніводзін з заяўнікаў не атрымаў пісьмовага адказу з забаронай на пікет. Акцыя прайшла без эксцэсаў, падтрымаць патрабаваньні рабочых «Шкловалакна» прыйшлі сябры Беларускага незалежнага прафсаюзу з Наваполацку і прадпрымальнікі з Полацкага рынку. Мінакам раздалі каля 150 бюлетэняў «Стекляшка», якія выдаюцца для работнікаў «Шкловалакна». Пільнасьць праявіла толькі супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу Натальля Ганебная: яна запытала ў пікетоўцаў, ці маюць яны дазвол ад уладаў на правядзеньне акцыі.

Віктар Стукаў

Паводле Віктара Стукава, заканадаўства дазваляе ажыцьцяўляць прафсаюзную дзейнасьць у любых формах, і дзеля гэтага дазвол раённых уладаў не патрэбны. Аднак пратаколы на актывістаў у міліцыі былі складзеныя і час судоў прызначаны. 16 траўня а 10 раніцы два розныя судзьдзі Полацкага суду адначасова пачнуць разьбіраць справы Мікалая Шараха і Віктара Стукава.

Мікола Шарах

Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, за несанкцыянаванае пікетаваньне актывістам СПБ могуць прысудзіць штрафы памерам ад 20 да 50 базавых велічынь або арышт на некалькі сутак. Міколу Шараху, калі суд прызнае яго вінаватым за непадпарадкаваньне міліцыянтам, пагражае дадатковае пакараньне — таксама арышт або штраф памерам ад 20 да 50 базавых велічынь.