У Нямеччыне выйшла ў сьвет першая беларуская граматыка, напісаная 100 гадоў таму

Прафэсар Гэрман Бідэр з Зальцбурскага ўнівэрсытэту выдаў знойдзеную ў Гамбургу беларускую граматыку Антона Луцкевіча. Чаму больш за сто гадоў пра яе ніхто ня ведаў? Госьцем перадачы — гісторык Анатоль Сідарэвіч.

— Спадар Анатоль, да гэтай пары лічылася, што першую граматыку беларускай мовы напісаў Браніслаў Тарашкевіч у 1918 годзе. Цяпер пальму першынства пераймае Антон Луцкевіч?

— Так, Луцкевіч. Тарашкевіч проста першым апублікаваў сваю працу. А рукапіс граматыкі Луцкевіча і цяпер ляжыць у рукапісным фондзе № 21 бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук у Вільні. Яна была напісаная не пазьней за 1916 год.

— Але чаму пра яе ніхто ня ведаў? Скажам, у галіновай энцыкляпэдыі «Беларуская мова» пра граматыку Луцкевіча — ні слова.

— Названая энцыкляпэдыя выйшла ў 1994 годзе, але рыхтавалася яшчэ ў савецкія часы. А для савецкіх мовазнаўцаў Антон Луцкевіч быў persona non grata. Таму ніхто асабліва і ня рупіўся. На лісьце карыстальнікаў у тэчцы з рукапісам Луцкевіча практычна няма подпісаў нашых мовазнаўцаў. Імя Луцкевіча было пад забаронай — навошта ім было марнаваць час? А мне той рукапіс трапіўся на вочы яшчэ ў канцы 80-х.

Анатоль Сідарэвіч

— А як сталася, што граматыкай Луцкевіча зацікавіўся беларусіст з Аўстрыі Гэрман Бідэр?

— Спачатку зацікавіўся ня Бідэр, першым быў прафэсар Карл Гутшміт з Бэрлінскага ўнівэрсытэту імя Гумбальта. Справа ў тым, што граматыка Луцкевіча памнажалася не ў друкарні, а на шапірографе. І вось адзін з асобнікаў гэтай граматыкі апынуўся ў Гамбургу, дзе на яго праз шмат гадоў і натрапіў Карл Гутшміт. Ён напісаў артыкул, які так і называўся «Хто быў аўтарам перашай беларускай граматыкі?». Прафэсар з БДУ Мікалай Прыгодзіч у 2010 годзе гэты артыкул апублікаваў па-беларуску. А яшчэ раней, у 2007-м, прафэсар Гутшміт сустрэўся з прафэсарам Бідэрам на адной славістычнай канфэрэнцыі і прапанаваў супольны праект — выдаць тэкст Луцкевіча, забясьпечыўшы яго належнымі камэнтарамі. Аднак прафэсар Гутшміт ў 2010 годзе памёр, і Гэрман Бідэр ужо адзін завяршаў працу, якая сёлета выйшла ў Ольдэнбургу ў сэрыі Studia slavica Oldenburgensia пад назвай «Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка, Вільня, 1916».

— Што ўяўляе зь сябе гэтыя праца? І колькі старонак займае сама граматыка?

— Гэта два тамы, 934 старонкі тэксту. У першым томе — грунтоўная прадмова, там даволі падрабязная біяграфія Антона Луцкевіча, яго выбраная бібліяграфія. Потым ідзе сам тэкст граматыкі — 43 старонкі. Далей — лінгвістычны камэнтар да ўсіх разьдзелаў. Далей — параўнаньні, паколькі і раней былі спробы стварыць граматыку — Карусь Каганец і іншыя. У другім томе — нарыс гісторыі беларускай літаратурнай мовы, як яна разьвівалася ў ХІХ стагодзьдзі, у першай чвэрці ХХ стагодзьдзя, якая была моўная палітыка за царом, якая была за саветамі. Гэта калясальная праца. Нездарма нашыя лінгвісты, якія былі на прэзэнтацыі ў Акадэмічнай бібліятэцы, ацанілі двухтомнік прафэсара Бідэра ў найвышэйшай ступені і адзначылі, што яго варта перакласьці на беларускую мову. Бо, на жаль, справа з вывучэньнем нямецкай мовы ў нас, па-нямецку кажучы, — schwach. І яшчэ адна думка прагучала на прэзэнтацыі — варта адзначыць працу Гэрмана Бідэра дзяржаўнай узнагародай Беларусі.

Антон Луцкевіч

— Прыкладна ў адзін час з Луцкевічам беларускую граматыку пісаў у Пецярбургу і Браніслаў Тарашкевіч. «Тарасе, не сядзі на Парнасе! Злазь і аб асобеннасьці беларускай мовы напішы з выясьненьнем, што яна не наречие, як шмат хто кажа», — пісала ў 1914 годзе Браніславу Адамавічу Цётка. Тады ж да Тарашкевіча зьвяртаўся і Янка Купала: «Што чуваць у Вас зь беларускай граматыкай? Мы хочам яе выдаць і пусьціць у сьвет у назіданіе маладому пакаленьню». Усе спадзяваліся на Тарашкевіча — чаму ж за граматыку ўзяўся і Луцкевіч?

— У канцы 1915 году нямецкі фэльдмаршал Паўль фон Гіндэнбург выдаў дырэктывы аб школьнай справе на занятай немцамі тэрыторыі. Беларуская мова стала мовай школьніцтва, выдавецкай справы, яна была зраўнаная з польскай, літоўскай і ідыш — чатыры мовы ўжываліся ў Краі. Узьнікла беларускае школьніцтва, і адразу паўстала праблема з настаўніцкімі кадрамі. Настаўнікі, якія вучыліся раней у сэмінарыях і не эмігравалі на ўсход, не вывучалі беларускай мовы, якая стала мовай школы. Расейская мова была выдаленая з ужытку на тэрыторыі, якая была пад немцамі з 1915 году. І трэба было або перавучваць настаўнікаў, якія вучыліся за царом, або набіраць маладых дзяўчатаў і хлопцаў і вучыць з нуля. А па чым вучыць? І вось Антон Луцкевіч сядае і піша граматыку, бо такая неабходнасьць.

— Ён жа ня меў філялягічнай адукацыі, юрыспрудэнцыю і матэматыку, па-мойму, вывучаў.

— Так, грунтоўнай філялягічнай падрыхтоўкі ў Луцкевіча не было. Але клясычная гімназія давала, я думаю, ведаў ня менш, чым цяперашні філфак. Гімназісты вывучалі старажытнагрэцкую, лацінскую, стараславянскую, расейскую, францускую і нямецкую мовы. Скажыце, філфак такія веды дае?

— Калі я заканчваў філфак БДУ ў 1991 годзе, грэцкай мовай там і ня пахла.

— Ну вось. А выпускнік клясычнай гімназіі, калі ён добра вучыўся, у Бэрліне і Парыжы свабодна пачуваўся, яму перакладчыкі былі непатрэбныя. І таму, ведаючы клясычныя і заходнія мовы, ведаючы расейскую, стараславянскую і польскую, Луцкевіч мог сесьці і напісаць граматыку. І ён яе напісаў. Тарашкевіч таксама напісаў, але трохі пазьней, да таго ж ён знаходзіўся ў Пецярбургу, па той бок лініі фронту. У 1915 годзе ўсталявалася лінія фронту — ад Дзьвінску да Нарачы, ад Нарачы да Баранавічаў, ад Баранавічаў да Пінску. Калючы дрот, акопы, адна частка Беларусі адрэзаная ад другой. На тэрыторыі пад немцамі адчыняюцца 153 беларускія школы, і ў 1918 годзе паўстае пытаньне аб адкрыцьці гімназіі (у пачатку 1919-га Віленская гімназія пачне працу, Будслаўская і Слуцкая зьявіліся раней). Тарашкевіч у 1918 годзе, калі немцы дайшлі да Дзьвіны, Дняпра і Сажа, празь Фінляндыю кружной дарогай прыяжджае ў Вільню. У ягоным партфэлі — гатовая беларуская граматыка.

— І як яны з Луцкевічам вызначылі, чыя граматыка лепшая?

— Антон Іванавіч ня быў залішне амбітным чалавекам і запісвацца ў вялікія лінгвісты не зьбіраўся. І граматыка Тарашкевіча была надрукаваная з дапамогай якраз Луцкевіча. Тады ўжо было створана Беларускае навуковае таварыства, адной з задач якога былі падрыхтоўка і выпуск навучальнай літаратуры. А 10 верасьня 1918 году ў газэце «Гоман» зьявіўся ананімны артыкул, дзе анансаваўся выхад граматыкі Тарашкевіча. І там прагучала заява: «З гэтага нумару газэта „Гоман“ пераходзіць на сыстэму пана Тарашкевіча і заклікае ўсе беларускія выдавецтвы і ўсіх працаўнікоў на літаратурнай ніве перайсьці на гэтую сыстэму». Артыкул быў напісаны Антонам Луцкевічам. Ён прызнаў слушнасьць граматыкі Тарашкевіча і агітаваў за тое, каб яе прызнала ўсё беларускае грамадзтва.

— Антон Луцкевіч крытычна ставіўся да Сталіна і ягоных прысьпешнікаў, дастаткова прыгадаць артыкул «Цень Азэфа». Дык на што ён спадзяваўся, калі Чырвоная армія займала Вільню? Чаму не ратаваўся?

Дзяржава павінна назваць адну зь менскіх вуліцаў у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў

— У Вільні яго трымалі Музэй імя Івана Луцкевіча і бібліятэка Беларускага навуковага таварыства. Ён ня мог іх пакінуць. І яшчэ адна акалічнасьць. Старэйшага сына Луцкевіча Юрку забралі ў польскае войска, і было ясна, што яно неўзабаве будзе разьбітае. Сам Антон Іванавіч яшчэ ў 1920 годзе пісаў, што Польшча будзе расьціснутая Расеяй і Нямеччынай. Так яно і здарылася. А сын у войску, забіты, паранены, у палоне — невядома. І вось бацька ня можа зрушыцца зь месца з малодшым сынам. А калі старэйшы вернецца ў Вільню, а там нікога няма — ні таты, ні брата? А на сталінскую ласку Луцкевіч не спадзяваўся. Пасьля заняцьця саветамі Вільні там прайшоў сход мясцовай інтэлігенцыі, і «Віленская праўда» дала зь яго справаздачу. Там шмат хто хваліў Сталіна, і паспрабавалі б журналісты не працытаваць тую пахвальбу! Антон Луцкевіч у сваёй прамове імя Сталіна ня ўспомніў. Ён гаварыў пра беларускую культуру, пра беларускую школу.

— Выступаючы на нядаўнім афіцыйным Дні незалежнасьці, кіраўнік Беларусі ў станоўчым сэнсе згадаў і пра Полацкае княства, і пра Беларускую Народную Рэспубліку. Адным з айцоў БНР быў Антон Луцкевіч. Якім чынам дзяржава магла б адзначыць яго заслугі?

— Па-першае, варта выдаць яго граматыку — усё ж яна была першай. Па-другое, дзяржава павінна назваць адну зь менскіх вуліцаў у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў, тым самым выканаўшы дадзенае беларускім сацыял-дэмакратам абяцаньне. Мы ўсё чакаем. Па-трэцяе, імёны братоў Луцкевічаў павінны зьявіцца на шыльдзе на будынку былой менскай мужчынскай клясычнай гімназіі. А то ў нас у Менску ёсьць шыльда і вуліца Сьвярдлова, які адрываў ад Беларусі тры ўсходнія губэрні і аб’ядноўваў Беларускую Савецкую рэспубліку зь Літоўскай Савецкай рэспублікай. А вуліцы Антона і Івана Луцкевічаў няма. Абсурд.