На 180-я ўгодкі нараджэньня нацыянальнага героя Беларусі да памятнай дошкі зь бюстам кіраўніка паўстаньня 1863–64 гадоў нечакана разам прыйшлі прадстаўнікі апазыцыі і ўладаў.
Мэмарыяльная дошка зь бюстам Кастуся Каліноўскага вісіць на Палацы барацьбы ў Менску (вуліца Каліноўскага, 55). Сёньня з кветкамі сюды адначасова прыйшлі сябры Аргкамітэту ўшанаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР, школьнікі зь менскай гімназіі № 9 і дзьве чыноўніцы з адміністрацыі Першамайскага раёну Менску.
Прадстаўніца адміністрацыі Першамайскага раёну выступіла з прамовай пра фігуру Кастуся Каліноўскага, распавяла пра яго як рэвалюцыянэра і змагара за правы грамадзян, які «дамагаўся свабоды і паляпшэньня жыцьця людзей Беларусі, Польшчы, Літвы».
Сябра аргкамітэту ўшанаваньня мастак Мікола Купава запрасіў школьнікаў і чыноўнікаў прыходзіць да бюста Каліноўскага часьцей, ушаноўваць памяць беларускіх герояў. Бард Зьміцер Захарэвіч выканаў песьню пра паўстанцаў 1863 году.