Трэцяга траўня, ва Ўсясьветны дзень свабоды прэсы, у Менску адкрываецца дакумэнтальная мультымэдыйная выстава «Сакавік 2017: журналістыка і наступствы».
Люты — сакавік 2017-га запомняцца беларусам шэрагам акцый пратэсту, якія прайшлі ня толькі ў сталіцы, а ўпершыню за доўгі час разгарнуліся і ў абласных цэнтрах, і ў невялікіх гарадах. Гэтыя два месяцы сталі сапраўдным выпрабаваньнем на прафэсіяналізм і трываласьць для беларускіх журналістаў.
Куратар выставы, вядомы фатограф і арганізатар «Месяца фатаграфіі ў Менску» Андрэй Лянкевіч расказаў Свабодзе пра канцэпцыю выставы і пра тое, па якіх прынцыпах адбіраліся працы.
— Прынцыпаў адбору было два. Першы — прафэсіяналізм, другі — інавацыйнасьць. Я ў пэўным сэнсе быў у такім добрым шоку, бо за некалькі гадоў беларуская журналістыка зрабіла такі велізарны нават ня крок, а скачок наперад! Мне было цяжка даць веры, што цяпер усе рэдакцыі выкарыстоўваюць такую колькасьць інавацыйных сродкаў, каб зрабіць і паказаць рэпартажы. Напрыклад, ад квадракоптэраў, якія выкарыстоўвае tut.by, да жывых уключэньняў, якія вельмі прафэсійна робіць Радыё Свабода.
Зь іншага боку, ёсьць і вельмі простыя, але настолькі трапныя і моцныя расьсьледаваньні, якія рабіліся літаральна за адзін дзень — напрыклад, Эўрапейскае радыё для Беларусі зрабіла аналіз зброі, якую паказалі па БТ, гісторыі людзей, якіх затрымалі.
Нават калі людзей забралі ў аўтазак, праца працягваецца, людзі ў жывым эфіры бачаць, што адбываецца
Нават калі людзей забралі ў аўтазак, праца працягваецца, людзі ў жывым эфіры бачаць, што адбываецца. Для мяне стала ўжо клясычным выпадкам, калі Аляксандар Баразенка расказвае, што ён бачыць, з кім ён сядзіць у аўтазаку, а тут уваходзяць АМАПаўцы: «Ну, хто тут вядзе жывы эфір? Выключайце!» Вось гэта, на мой погляд, прыкмета супэрпрафэсіяналізму. Можа, я памыляюся, але яшчэ 5–10 гадоў таму такую колькасьць і разнастайнасьць тэхналёгій было цяжка ўявіць.
Зь іншага боку, гэтая выстава — у першую чаргу выстава салідарнасьці. За месяц было арыштавана больш за 100 чалавек, разгромлена рэдакцыя тэлеканалу «Белсат». І гэтая выстава павінна расказаць і пра нашы праблемы. Расказаць, што мы ёсьць і мы ня будзем маўчаць. Я спадзяюся, будзе яшчэ шмат іншых падтэкстаў, пра якія раскажуць падчас адкрыцьця выставы мае калегі-журналісты і блогеры, якія, мне падаецца, сталі паўтнавартаснымі журналістамі ў гэты момант і рабілі вельмі прафэсійную, моцную працу.
Ну, а своеасаблівай «вішанькай на торце» стане гісторыя каханьня журналісткі з «Камсамолкі» Ірыны Козьлік і апэратара «Белсату» Алеся Баразенкі, які выходзіць з Акрэсьціна, адседзеўшы 15 сутак, і выносіць пярсьцёнак, зроблены з хлеба. Вось такая рамантычная «вішанька на торце».
— Акрамя незалежных, у краіне ёсьць і дзяржаўныя СМІ. Дарэчы, 3 траўня таксама адкрываецца іх выстава «СМІ ў Беларусі». І калі ў лютым — сакавіку адбываліся акцыі пратэсту, саджалі сотні людзей, у дзяржаўных СМІ не было ніводнага слова, ніводнага фатаздымку, відэасюжэту пра пратэсты. На вашу думку — чаму?
— Я адкажу вельмі коратка: гэта паказвае ўзровень прафэсіяналізму. Кропка. Нічога дадаць больш не магу. Гэта паказвае, хто і як працуе, на якім узроўні, і хто пра што кажа. Я б тут дадаў яшчэ адзін момант, які апошні месяц горача абмяркоўваўся ў інтэрнэце — пра салідарнасьць і спробы дыялёгу. Вядома, дыялёг трэба ладзіць, але мне асабіста вельмі цяжка забыцца, калі больш за 100 чалавек былі арыштаваныя, моцна зьбітыя, яшчэ 100 чалавек аштрафаваныя — а другі бок гэтага не заўважае, кажа, што ніякіх парушэньняў няма. Момант салідарнасьці і момант, калі заплюшчваюцца вочы ў страшны і адказны гістарычны час — на гэта цяжка забыцца.
Дакумэнтальная мультымэдыйная выстава «Сакавік 2017: журналістыка і наступствы» адкрыецца 3 траўня ў Прэс-клюбе (вуліца Веры Харужай, 3, офіс 601) і будзе працаваць адзін месяц. Уваход вольны.