У Маскве заснавалі камітэт, які будзе далучаць Беларусь і Ўкраіну да Расеі

Ігар Гіркін

25 студзеня ў Маскве пад кіраўніцтвам заснавальніка руху «Наваросія», былога «міністра абароны» ДНР, «ваеннага камэнданта Данецку» Ігара Стралкова прайшоў устаноўчы сход «Камітэту 25 студзеня».

У ім узялі ўдзел пісьменьнік-нацбол Эдуард Лімонаў, рэдактар нацыяналістычнага сайта «Спутнік і пагром» Ягор Прасьвірнін, заснавальнік незарэгістраванай Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Канстанцін Крылоў, пісьменьнік-футуроляг Максім Калашнікаў і расейскі блогер Эль Мюрыд (Анатоль Несьміян).

Як паведаміў Максім Калашнікаў на сваёй старонцы ў ЖЖ, адна з мэтаў камітэту — «захаваць краіну ў межах РФ, не дапусьціць яе распаду (як у 1991-м). А ў далейшым — весьці палітыку на ўзьяднаньне рускага народа ў адной дзяржаве. Пры гэтым рускія для нас — гэта (як да 1917 г.) трыадзінства вялікаросаў, маларосаў-украінцаў і беларусаў».

«Мы сышліся ў думцы пра тое, што становішча РФ скачваецца да сыстэмнага краху, што празаходнія лібэралы ўжо не хаваюць сваёй злараднасьці і загадзя прымяраюцца да ўлады, і што сама ўлада РФ робіць усё для свайго падзеньня. Сытуацыя моцна нагадвае пярэдадзень Майдана ва Ўкраіне. Пры гэтым у краіне няма разумнай трэцяй сілы, якая супрацьстаіць як тупіковым, збанкрутаваным ахоўнікам, гэтак і празаходнім беластужачнікам», — напісаў Максім Калашнікаў.

«Наша пазыцыя адносна дзейнай улады: нэўтралітэт. Дзейная ўлада хворая і занятая самаразбурэньнем. Навязвацца ёй у памочнікі мы ня маем намеру. І вымазвацца ў ёй — таксама. Яна цяпер на вачах ператвараецца ў хадзячага мерцьвяка, забіўшы сябе эканамічным ідыятызмам апошніх паўтара дзясятка гадоў», — напісаў Калашнікаў.

Паводле Эдуарда Лімонава, «Камітэт 25 студзеня» — гэта аб’яднаньне нацыянальна-патрыятычных сіл Расеі, «каб Расея не дасталася хадаркоўскім лібэралам. Стаўленьне да існуючай улады — халаднавата ўмеранае».

«Рэжым ідзе на дно. Як доўга ён будзе пускаць бурбалкі — невядома», — піша ў ЖЖ Анатоль Несьміян.

Ён дадае, што калі рэжым абваліцца, «патрэбныя будуць людзі і структуры, якія будуць дзейнічаць адразу з моманту абвалу, а таксама структуры і людзі, якія будуць дзейнічаць пасьля самай першай фазы падзеяў».

«Гэта значыць — на першым этапе спатрэбяцца людзі, здольныя да працы ў крызісных умовах, на другім — якія разумеюць, як праводзіць антыкрызісныя мерапрыемствы. Я гатовы дапамагчы і тым, і другім — прычым іх „арыентацыя“ для мяне прынцыпова важная. Яны не павінны быць зьвязаныя зь цяперашнімі злодзеямі ва ўладзе і ня быць ангажаваныя з-за мяжы».

Цэнтральным інфарэсурсам камітэту становіцца сайт руху «Наваросія».

Як ставяцца ў Беларусі да стварэньня «Камітэту 25 студзеня» і яго мэтаў?

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч кажа, што камэнтары тут два. Першы: гэтыя людзі ў Расеі, відаць, доўга сьвяткавалі і «з пахмельля нечага напрымалі».

Мікалай Статкевіч

«Але калі казаць аналітычна, то гэта карысна будзе пачуць, бо гэта выяўленьне настрояў, якія існуюць у расейскім грамадзтве. Існуюць вельмі даўно.

Насамрэч прагучала тое, чаго яны ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі хацелі. І гэта карысна будзе пачуць беларусам, апазыцыі, уладзе, грамадзтву. Мы павінны зразумець, чаго нам чакаць ад нашых суседзяў, чаго яны хочуць, — каб паводзіць сябе адэкватна.

Публічна сфармулявана тое, чаго расейцы насамрэч ад нас хочуць, якая мэта ўсіх гэтых інтэграцый, „саюзных дзяржаў“, эўразійскіх саюзаў і так далей. Насамрэч мэта адна — паглынуць Беларусь і захапіць гэтую тэрыторыю. Таму Беларусі трэба перастаць гуляць у нейкія інтэграцыі. Беларусы павінны пачаць узмацняць сваю дзяржаву, сваю ідэнтычнасьць, сваю моц, сваю асобнасьць ад іншых дзяржаў і народаў.

Аднак у нас улада паразытуе на Расеі. Яна паставіла нас у такую небясьпечную сытуацыю, і гэтая небясьпека пачынае ўжо выпіраць».

Аляксей Янукевіч

Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, факт стварэньня такога камітэту «вельмі трывожны і сьведчыць пра наяўнасьць рэальнай пагрозы з боку Расеі».

«Пагрозы ня толькі з боку расейскага ўраду, але з боку расейскага грамадзтва, якое пад узьдзеяньнем інсьпіраванай урадам прапаганды становіцца ўсё больш шавіністычным і агрэсіўным. Я думаю, што стварэньне гэтай арганізацыі перадусім мае на мэце нейкія піярныя, інфармацыйныя мэты. Але гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што ня толькі ва ўрадзе, але і ў шырокім расейскім грамадзтве існуюць такія імпэрыялістычныя амбіцыі. І калі гэта ідэя авалодвае грамадзтвам, то такая краіна становіцца надзвычай небясьпечнай для суседзяў. Мы гэта бачым на прыкладзе Украіны і, на жаль, вось гэтая новая інфармацыя пацьвярджае, што ёсьць вялікая пагроза і для Беларусі.

Як вядома, Стралкоў быў у Крыме, быў на Данбасе, спадзяюся, што да Беларусі ён не дабярэцца. Аднак ён ёсьць сярод тых, хто гэтую ініцыятыву заяўляе, і ў іх на парадку дня стаіць задача паглынаньня, анэксіі Беларусі. Гэта ў чарговы раз сьведчыць, што Беларусь як мэта і патэнцыйная ахвяра знаходзіцца ў фокусе ўвагі гэтых расейскіх шавіністычных, імпэрскіх, радыкальных групаў».

Сяргей Гайдукевіч

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч так пракамэнтаваў стварэньне «Камітэту 25 студзеня».

«Трэба сказаць гэтаму Лімонаву ці Абломаву, гэтаму „параненаму“ чалавеку, што Рэспубліка Беларусь — сувэрэнная дзяржава, мы — беларусы. Ёсьць такое паняцьце „беларус“. А тое, што там нехта звар’яцеў, дык навошта на ўсё гэта рэагаваць? Ці мала вар’ятаў? Няхай у інтэрнэце ствараюць, што хочуць. Для мяне гэта проста сьмешна, я нават увагі не зьвяртаю. Ну, сабраліся тры-чатыры чалавекі, сказалі нейкае глупства для таго, каб зрэагавалі журналісты.

Гайдукевіч быў, ёсьць і будзе за Беларусь, за сувэрэнітэт, за беларускую мову і за сваю дзяржаву. Таму ня трэба зьвяртаць увагу на розных людзей, якія нешта гавораць дзеля піяру. Гэта проста немагчымыя рэчы. Няхай там, у сваёй дзяржаве займаюцца сваімі пытаньнямі, кажуць, што хочуць. Мы да гэтага дачыненьня ня мелі і ніколі мець ня будзем».