Некаторыя супрацоўнікі Маладэчанскага заводу мэталаканструкцыяў, філіялу машынабудаўнічага прадпрыемства «Амкадор», швейнай фабрыкі «Юнона» трапілі пад пагрозу звальненьня праз удзел у «маршы недармаедаў».
Пра гэта Свабодзе паведаміла намесьніца старшыні Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч, якая жыве ў Маладэчне.
«Да мяне ўжо зьвярнуліся 6 чалавек, якім пагражаюць звальненьнем за ўдзел у „Маршы недармаедаў“ у Маладэчне 10 сакавіка. Пакуль гэтыя людзі не гатовыя называць імёны, бо спрабуюць напісаць тлумачальныя і чакаюць, што сытуацыя вырашыцца без звальненьня», — кажа Лагвіновіч.
Некаторым папярэджаньні пра магчымае звальненьне прыходзяць памылкова. Напрыклад, на адным буйным прадпрыемстве хочуць звольніць жанчыну, бо яе муж быў на маршы і меў пры сабе тэлефон жонкі. Яна напісала тлумачальную, што ня ўдзельнічала ў пратэсьце, цяпер чакае, што будзе далей.
«Праз сваякоў ад ідэоляга аднаго з прадпрыемства прыйшла інфармацыя, што ўсяго ў Маладэчне праз тэлефоны „вылічылі“ каля 300 чалавек, якія былі на маршы, цяпер ім пагражаюць звальненьнем з працы. Паводле гэтага ідэоляга, на прадпрыемствы спусьцілі разнарадкі ўзяць з гэтых людзей тлумачэньні», — дадае Лагвіновіч.
«Марш недармаедаў» прайшоў у Маладэчне 10 сакавіка. Паводле карэспандэнтаў Радыё Свабода, удзел у акцыі ўзялі 1000 чалавек.
Пасьля маршу былі жорстка затрыманыя людзьмі ў цывільным лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, лідэрка Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, журналіст БелаПАНа Сяргей Каралевіч, а таксама некалькі шараговых удзельнікаў.