У пастарунку зьбілі пэнсіянэрку. Сьледчы камітэт праводзіць праверку

Жыхарка Магілёва Сьвятлана Іванюшава заяўляе, што яе зьбілі ў Ленінскім аддзеле міліцыі. У жанчыны 1957 году нараджэньня ў двух месцах зламаная сківіца, на целе мноства гематомаў. 10 чэрвеня ёй маюць зрабіць апэрацыю, пасьля якой Іванюшава мусіць мяняць зубныя імплянтанты і праходзіць працяглы пэрыяд рэабілітацыі. Летась, цьвердзіць Іванюшава, ёй зрабілі апэрацыю на галаве — выдалілі гематому.

Сьвятлана Іванюшава кажа, што 5 чэрвеня сама прыйшла ў пастарунак паскардзіцца на зяця, зь якім здарыўся канфлікт. Жанчына не хавае, што была нападпітку. Але ўзровень алькагольнага ап’яненьня, як паказала экспэртыза, быў недастатковы, каб яе аформілі ў медвыцьвярэзьнік.

У Ленінскім аддзеле міліцыі яна прабыла да вечара. У клетцы ў яе моцна забалела галава, бо, як сьцьвярджае жанчына, ёй не давалі таблетак. Папрасілася ў прыбіральню, каб зрабіць прымочку.

«Думаю — пайду ў прыбіральню, хоць вадой намачу галаву. Таблетак, мне сказалі міліцыянты, няма. Мяне вывеў дзяжурны ў прыбіральню. Ён быў узбуджаны дужа, на нэрвах увесь. Ён мяне нечакана ўдарыў ззаду па назе ў сьцягно. Во адбітак. Я разьвярнулася, а ён мне далонямі па сківіцы па адным баку, потым па другім. Я пачала крычаць. Ён схапіў за плечы, пачаў трэсьці і загадваць маўчаць. Мне дужа балела. Я спалохалася і замаўчала. Пазьней ён, відаць, зразумеў, што нарабіў. Пачаў у прыбіральню вадзіць, вады прынёс. Потым мяне завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня», — апавядае пра здарэньне Сьвятлана Іванюшава.

Сьляды зьбіцьця

Моцны ацёк глоткі

Сьляды зьбіцьця на руцэ

Гематома на назе

У ізалятары, кажа Іванюшава, баялася казаць пра моцны боль. Цярпела суткі. Потым сукамэрніцы настаялі, каб яна апавяла пра здарэньне на праверцы. Так і зрабіла.

«Сказала, што мяне пабілі ў РАУС. Адразу ж прыехалі са сьледчага камітэту. Хуткай дапамогай даставілі ў бальніцу. Адразу абязболілі. Я напісала заяву ў мэдсудэкспэртызу. У мяне запыталі, ці хачу, каб распачалі крымінальную справу — я сказала, што так. Сёньня мне выдалі толькі накіраваньне на экспэртызу, і яе прайшла. Зьнялі пабоі. Цяпер чакаю апэрацыі», — кажа Сьвятлана Іванюшава.

Жанчына ў павязцы, бо зламаная сківіца

Паводле суразмоўніцы, яна ня ведае, што сталася падставаю, каб яе зьмясьціць у ізалятар часовага ўтрыманьня. Папер на рукі ёй ніхто ня даў. Хоць, як кажа жанчына, яна адмовілася расьпісвацца ў нейкім дакумэнце.

«Я нічога не падпісвала, бо ня ведала, у чым вінаватая. Я сама прыйшла дапамогі прасіць. Тое, што мяне зьбілі, — гэта самаўпраўства. Я лічу, які б чалавек ні быў, міліцыянты ня маюць права зьбіваць», — падсумоўвае Сьвятлана Іванюшава.

Як стала вядома, упраўленьне Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці праводзіць праверку па факце зьбіцьця Сьвятланы Іванюшавай.