Фашысцкую сымболіку на паветцы прыпынку грамадзкага транспарту — акурат насупраць Крыжа памяці — зафарбавалі працаўнікі дарожнага прадпрыемства пасьля тэлефанаваньня журналіста Свабоды.
Свастыку заўважылі магілёўцы, якія прыйшлі 30 кастрычніка да Крыжа памяці, каб згадаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
На наступны дзень у Кастрычніцкім райвыканкаме запэўнівалі, што фашыстоўскую сымболіку зафарбуюць. Аднак на працягу наступных двух дзён яна заставалася некранутай.
Хто і калі размаляваў прыпынак, невядома. Адзін зь мінакоў выказаў меркаваньне, што свастыку намалявалі пасьля 29 лістапада.
Мясьціна, на якой усталяваны Крыж памяці, прызнаецца ўладаю як месца сталінскіх расстрэлаў. Камунальныя службы некалькі разоў мянялі састарэлыя крыжы на новыя. Летась вялікі крыж усталявалі сябры Таварыства беларускай мовы.
Да крыжа часта прыяжджаюць сваякі рэпрэсаваных. Людных памінальных акцыяў яны пазьбягаюць.
Крыж узвышаецца над карʼерам, што на праспэкце Дзімітрава. Пры канцы 1980-х тут выявілі чалавечыя парэшткі. Адмысловая камісія прыйшла да высновы: тут расстрэльвалі людзей. Сябры першай адраджэнскай арганізацыі Магілёва, мясцовай філіі «Мартыралёгу Беларусі» адшукалі сьведак тых падзеяў і запісалі іх успаміны.